Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы затрыманы Алег Гулак: Абаронцы закону дзейнічалі насуперак закону


Алег Гулак
Алег Гулак

Больш за 600 чалавек, затрыманых падчас падзей пасьля выбараў і пакараных паводле адміністрацыйнага кодэксу, працягваюць утрымліваць у менскіх і жодзінскім ізалятарах. У якіх умовах знаходзяцца людзі?

Алега Гулака затрымалі каля Галоўпаштамту пасьля разгону мітынгу на плошчы Незалежнасьці. Алег Гулак узначальвае Беларускі Хэльсынскі камітэт, але, паводле вядомага праваабаронцы, міліцыянтам, якія праводзілі затрыманьні, было ўсё роўна, каго хапаць — абы напоўніць чарговы транспарт.

«Большасьць затрыманых былі выпадковыя людзі. Муж зь цяжарнай жонкай. Яшчэ тры хлопцы ішлі з кавярні. Простага выгляду мужчына, яўна нападпітку. Вельмі зьдзіўляўся потым у райаддзеле: „А за што мяне ўзялі? Што, я не магу ў свой выходны свабодна выпіць?“ Такіх было шмат».
Большасьць затрыманых былі выпадковыя людзі.


Усіх павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, згадвае Алег Гулак. У машыне было вельмі цесна і холадна. Пратрымалі гэтак дзьве гадзіны, а пасьля высьвятленьня асобаў у райаддзеле завезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна і пакінулі на калідоры ў старым корпусе, для адміністрацыйна пакараных. Праваабаронца згадвае:

«Стаялі ў калідоры, а ў прыбіральню хадзілі ў адну з камэр. Там бачыў такі подыюм замест ложкаў, на якім сьпяць арыштанты. У камэры было вельмі холадна. Людзей у турму ўвесь час то прыводзілі, то выводзілі, таму колькі там было дакладна, не ўяўляю. Але вязьні казалі, што ў другім корпусе, новым, людзей поўна».

Алега Гулака прывезьлі ў Кастрычніцкі суд, але на працэс нават не завялі — абвясьцілі, што судзьдзя прыняў рашэньне адправіць справу на дапрацоўку. «Гэта толькі з-за майго праваабарончага статусу», — мяркуе старшыня БХК.

Алег Гулак абураецца паводзінамі судзьдзяў і міліцыянтаў. Што судзілі людзей па канвэеры, за зачыненымі дзьвярыма, на падставе сумнеўных паказаньняў міліцыянтаў, якія ўжывалі гвалт супроць мірных людзей:

«Запомнілася жахлівае пачуцьцё, што людзі, якія мусяць абараняць закон, на якіх спадзяесься, дзейнічалі якраз насуперак закону».

У ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ёсьць два карпусы: стары, дзе знаходзяцца адміністрацыйна пакараныя, і гэтак званы новы, для падазроных у крымінальных злачынствах. Гэты корпус быў адкрыты напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, і нібыта першымі ягонымі вязьнямі былі «каліноўцы» — абаронцы намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы у сакавіку 2006 году. Колькі ўдзельнікаў мітынгу на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці 2010 году знаходзіцца ў гэтым корпусе, невядома. Паводле праваабаронцаў «Вясны» — некалькі соцень затрыманых. Пра ўмовы ў гэтым корпусе кажуць, што яны крыху лепшыя, чым у старым: замест подыюму стаяць нары, даюць туалетную паперу. Вялікі недахоп, што не выводзяць на прагулкі і хутка з-за дрэннага харчаваньня ўзьнікае недахоп вітамінаў. Аднак харчы вязьням, паводле новых правілаў, перадаваць забараняюць, як і чыстую пітную ваду.

Да ста дзяўчат і жанчын трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну на вуліцы Скарыны ў Менску, паведамляюць праваабаронцы. Умовы ўтрыманьня там лепшыя, чым на Акрэсьціна: ёсьць асобныя нары, выдаюць падушкі, раз на тыдзень душ. «Але дазваляюць перадаваць толькі адну пару бялізны», — абураюцца сваякі затрыманых жанчын.
Зьявілася інфармацыя, што частку людзей перавезьлі ў Гомель.


Яшчэ частка затрыманых знаходзіцца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары, пра які праваабаронцы кажуць, што там крыху лепшае харчаваньне, але больш жорсткае абыходжаньне з боку адміністрацыі.

Аднак, паводле зьвестак праваабаронцаў, гэтым сьпіс турмаў, дзе трымаюць удзельнікаў пратэстаў, не абмяжоўваецца. Кажа Наста Лойка зь «Вясны»:

«Зьявілася інфармацыя, што частку людзей перавезьлі ў Гомель, вызваліўшы там адмыслова камэры ў мясцовым ізалятары. У ізалятары нам адмовіліся казаць, так гэта ці не. Сказалі: давайце нам дакладныя прозьвішчы, будзем высьвятляць».

У прэсавай службе МУС гэтыя зьвесткі не камэнтуюць:

«На сайце МУС ёсьць тэлефоны, хай людзі па іх звоняць і высьвятляюць», — сказаў кіраўнік службы Канстанцін Шалькевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG