Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд замежнай прэсы: Пабоішча ў Менску


"Калі Някляеў і каля 100 ягоных прыхільнікаў ішлі на галоўную плошчу, каб далучыцца да акцыі пратэсту, на іх без папярэджаньня напалі мужчыны ў чорных масках і чорным адзеньні бяз знакаў адрозьненьня. Яны кідалі шумавыя гранаты і сталі атакаваць людзей. Быў зьбіты, у прыватнасьці, і карэспандэнт The New York Times, але сур’ёзных траўмаў у яго няма. Міліцыянты валілі людзей на зямлю і трымалі па некалькі хвілін, тыцкаючы тварам у сьнег, а потым раптоўна сышлі," – распавядае пра напад на някляеўцаў сёньняшняе выданьне The New York Times.

"Рост напружанасьці пярэчыць мэтанакіраванай спробе Лукашэнкі стварыць больш дэмакратычны імідж для гэтых выбараў, каб атрымаць грошы ад Захаду, пасьля таго як адносіны зь ягоным даўнім патронам, Крамлём, пайшлі на спад", – лічыць амэрыканская газэта.

Італьянская газэта Corriere della Sera, паведамляючы, што пасьля заканчэньня галасаваньня апазыцыя паспрабавала ўзяць дом ураду штурмам, дае кароткі аналіз сытуацыі ў Беларусі.

"Гэтая 10-мільённая краіна жыве як быццам па-за часам. (...) Учора Лукашэнка зьявіўся на выбарчым участку разам з сынам Мікалаем, як быццам падкрэсьліваючы ў чарговы раз, што сытуацыя ў краіне стабільная. Але ў сапраўднасьці гэта ня так, хоць Беларусь папраўляецца пасьля сусьветнага крызісу і сёлета эканамічны рост мае скласьці 7%. Але праблема ў тым, што Менск жыве за кошт дапамогі суседзяў. Сёлета МВФ выдзеліў 3,5 мільярда даляраў. Дапамога паступае ад Эўразьвязу і ЗША: атамны рэактар і фінансаваньне ў памеры 3-4 мілярдаў эўра. Урэшце, Расея зноў стала сяброўскай пасьля пэрыяду пахаладаньня. Крэмль нядаўна заявіў, што ня будзе моцна павышаць цэны на газ, а прэзыдэнт Мядзьведзеў заключыў з Лукашэнкам дамову аб адмене мытаў на экспарт нафты ў Расею: гэта абыдзецца расейскаму бюджэту ў больш чым 5 мільярдаў даляраў. Натуральна, Масква робіць гэта ня дзеля сяброўства, а з улікам таго, што Беларусь – важны вузел нафта- і газаправодаў ды мае таксама досыць важнае стратэгічнае становішча з вайсковага гледзішча. Інакш кажучы, усе стараюцца дагадзіць "апошняму дыктатару Эўропы" – піша Corriere della Sera.

Француская газэта Le Figaro піша пра выбары ў Беларусі ў карэспандэнцыях зь Менску, якія маюць загалоўкі "Выбарчы тэатар ценяў у Беларусі" і "Лукашэнка даў у косьці апазыцыі".

"Нечаканы шквал гневу і недаверу пракаціўся над Менскам у нядзелю, гадзіну пасьля заканчэньня галасаваньня і аб’яўленьня перамогі дзейнага прэзыдэнта праўладнымі сацыялягічнымі цэнтрамі" – адзначае Le Figaro ў апісаньні разгону дэманстрацы перад Домам ураду.

"З парлямэнту выбеглі тыя самыя байцы АМАПу, якія менш паўгадзіны таму былі вымушаныя адступіць. На гэты раз іх было значна болей – амапаўцы і вайскоўцы шыхтом выбягалі з усіх прылеглых завулкаў і пачалі адціскаць апазыцыю. А да ўваходу ў парлямэнт падагналі некалькі аўтазакаў. У іх запіхвалі ўсіх без разбору – тых, хто не пасьпеў уцячы. Білі яшчэ мацней, чым раней. Моцна дасталася галоўнаму рэдактару апазіцыйнага сайта "Хартыя 97" Натальлі Радзінай: яе адцягнулі літаральна з-пад ботаў вайскоўцаў. У крыві, пад біцьцё звона ў каталіцкім касцёле, сыходзіў з плошчы Рымашэўскі, Саньнікаў наогул ледзь ішоў з-за пашкоджанай ногі. Тыя, каго яшчэ ня білі і не затрымлівалі, ціснуліся да сьценаў будынкаў і ў істэрыцы чапляліся нават за незнаёмых людзей. Згасла вулічнае асвятленьне. Усяго, па дадзеных праваабаронцаў, былі затрыманыя не менш двухсот чалавек, прытым што агульная колькасць пратэстуючых падыходзіла як мінімум да 25 тысячаў" – апісвае менскае пабоішча інтэрнэтны рэсурс Газета.ru.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG