Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Саня, далей мы самі. Зьдзівіся – самі! Прабач, безь цябе"


Гаворка гэтым разам пойдзе пра плошчу. Якая, паводле альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, мусіць стаць "пунктам біфуркацыі», паваротным момантам у палітычнай гісторыі краіны. Ці сапраўды стане – нібыта будзе залежаць выключна ад колькасьці тых, хто возьме ў ёй удзел. Прыкладам, Уладзімер Някляеў упэўнены, што «калі прыйдзе 100 тысячаў, то аўтаматычна гэта будзе нашай перамогай і ўлада зьменіцца ўжо на наступны дзень». На жаль, Уладзімер Пракопавіч не патлумачыў мэханізму такой аўтаматычнай зьмены. Аўтаматычна – гэта значыць, што і высілкаў ніякіх ня трэба будзе рабіць. Як быццам усё яшчэ дзейны прэзыдэнт адразу спалохаецца і перадасьць нам краіну дрыготкімі рукамі, адмовіўшыся ад уласнага пагрозьлівага абяцаньня.



Не назавеш сьмелым чалавека, які здольны дыскутаваць з сваімі палітычнымі апанэнтамі толькі завочна, перад аўдыторыяй, задобранай падарункамі на суму каля 230 даляраў на кожнага, амаль што паўмільёна даляраў на ўсіх. От ужо сапраўды – "нам гэтая краіна дорага каштавала". Аднак сваю ўчэпістасьць за ўладу ён элегантна даводзіў цягам апошніх 16 гадоў. Да таго ж у сакавіку сёлета, выступаючы ў ролі адваката Курманбека Бакіева, абвінавачванага ў гібелі дзясяткаў дэманстрантаў, пакуль што дзейны беларускі прэзыдэнт прамовіў знакавыя словы: "Няма чаго папракаць Бакіева за тое, што ўлада ўжыла сілу, абараняючы сябе". І ніякага хаця б дзяжурнага спачуваньня загінулым.

Ці не залішне наіўна, улічваючы гэта, спадзявацца на раптоўную дэматэрыялізацыю ўлады пад узьдзеяньнем мірнай дэманстрацыі, няхай сабе нават статысячнай?

Многія блогеры лічаць, што наіўна. Кагосьці гэта не спыняе, бо для іх дастатковай матывацыяй ёсьць, напрыклад, запавет "людзьмі звацца". Але пэўную частку вэтэранаў вулічных пратэстаў стрымлівае ад удзелу адчуваньне недасяжнасьці дэкляраваных мэтаў плошчы, а нас запрашаюць туды "сьвяткаваць перамогу", у наяўных умовах. Яны ня хочуць другі, калі ня трэці раз дарэмна падманвацца.

Нягледзячы на зьбежнасьць шэрагу спрыяльных фактараў для пералому палітычнай сытуацыі (эканамічны спад, як ніколі малая электаральная падтрымка, Крэмль зьмяніў фармат адносінаў зь беларускім васалам з "нашага сучынага сына" на проста "сучынага сына", кандыдацкая каманда выглядае цікавейшай і мацнейшай за папярэднія ды інш.), камяні на шляху да новай Беларусі застаюцца тымі ж: апантаны ўладай прэзыдэнт, які ня лічыць заганным дзеля яе ўтрыманьня ўжыць узброеную сілу, старшыня ЦВК, ужо ўпэўненая ў выніку выбараў, і ўся каралеўская раць, а галоўнае – праклён беларускай палітыкі – непадрыхтаванасьць апазыцыі да перамогі.

«Ніхто не працаваў зь людзьмі. Атрымліваецца, што 5 год прагульвалі, сачкавалі як двоечнікі, а ў дзень дзярж'іспыту хочуць з галавы сачыніць праўдападобны адказ. Так ня выйдзе». (czy)

«Усе моцныя рэвалюцыі (ды і контрарэвалюцыі) рабіліся на заводах, у шахтах і казармах. То бок мажарытарным чынам. Страйкі ў спалучэньні з адмовай войска падпарадкоўвацца здольныя паставіць на калені любую дыктатуру. Праблема толькі ў тым, што для гэтага сапраўды патрэбная падтрымка большасьці (на заводзе, у шахце і г.д.). А тут прапаноўваецца адпачатку авантурная схэма – зьвезьці з усёй краіны 5% прыхільнікаў на адну плошчу і "пераламіць" сытуацыю. Спрацоўвала такая схэма толькі там і тады, дзе зьліў улады цалкам задавальняў саму ўладу і, апроч зьмены твараў, не азначаў роўным лікам нічога». (revanshist)

«“Свята масавага непаслушэнства” – гэта выразна напісаны, падрыхтаваны і зрэжысаваны сцэнар, які, відавочна, ніхто зь сёньняшніх 9 альтэрнатыўных кандыдатаў не рыхтуе. А значыць і не жадае насамрэч перамагчы, бо перамога праз галасаваньне ў сёньняшняй аўтарытарнай Беларусі папросту немагчымая. Заклікі з тэлеэкранаў на Плошчу – гэта не падрыхтоўка. Гэта самапіяр». (siaroja)

«Што мы будзем рабіць на плошчы?.. Проста рвацца ў бой, таму што "кіпіт наш разум возмушчённый" ня варта. Бо нічога, акрамя глыбокага расчараваньня, нас не чакае». (mikalaj_achyzha)

Усё так: і «сачкавалі» пяць гадоў, і ня здолелі заразіць большасьць насельніцтва прагай да пераменаў, і сцэнар плошчы дасюль застаецца катом у мяшку, і сапраўды ня варта ісьці, ня ведаючы, што там будзеш рабіць.

Я ведаю, дзеля чаго туды ісьці, дзеля чаго туды пайду я сам. Але сьпярша аб тым, дзеля чаго ісьці ня трэба: калі вы зьбіраецеся пайсьці адсьвяткаваць перамогу свайго кандыдата, прыхапіўшы любімую цешчу, тэрмас і бутэрброды, лепей заставайцеся дома – перамогі ня будзе. Маю на ўвазе, перамогі ў выбарах. Бо ніякіх выбараў у Беларусі не адбываецца. Калі пакуль што дзейны прэзыдэнт, схаваўшыся ў саркафагу ў атачэньні сваіх падданых, задобраных падарункамі, кажа палітычным апанэнтам "я вам краіны не аддам" і на вачах ува ўсёй краіны фактычна аддае загад сілавым структурам абараняць ягоную ўладу, гэта азначае толькі адно: мы чарговым разам маем "шчасьце" назіраць за ўзурпацыяй улады з дадаткам дэмакратычных араматызатараў і фарбавальнікаў, "ідэнтычных натуральным".

Нічога арыгінальнага, пагатоў унікальнага ў гэтым няма. Няхай вас не падманваюць пахі і колеры, пакліканыя стварыць нюхальнае і зрокавае ўражаньне "свабодных выбараў". Напрыклад, Альфрэд Стрэснэр, парагвайскі дыктатар, які знаходзіўся ва ўладзе 35 гадоў, таксама праводзіў выбары ў краіне, завешанай плякатамі са словамі "Мір і прагрэс", у якасьці знакаў свайго кіраваньня, традыцыйна пакідаючы скалечанай і нямоглай апазыцыі ня больш за 10 адсоткаў галасоў.

Кіраваньне Альфрэда Стрэснэра скончылася страшэннымі крывавымі бунтамі. Нягледзячы на тое, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі значна лепшая за сытуацыю ў Парагваі пры дыктатуры Стрэснэра, сытуацыі шмат у чым падобныя, таму і фінал узурпацыі ўлады ў Беларусі можа быць такім самым трагічным. І тыя, хто сёньня пакрыўся ахоўным тлушчыкам дабрабыту, які дазваляе не адчуваць праблемаў краіны, хто выпесьціў у сабе "шчасьлівую сьвядомасьць", то бок веру ў тое, што "наяўнае разумна... сыстэма ўвасабляе дабро" (Гэрбэрт Маркузэ), таму гавораць "я ня лезу ў палітыку", яны могуць страціць і тое, што маюць.

Няма ніякіх падставаў верыць у магчымасьць пакласьці канец узурпацыі ўлады ў краіне ўжо заўтра. "Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе". Ісьці на плошчу трэба не ў экзальтацыі, а са здаровым скептыцызмам. Тым меншым будзе расчараваньне, тым большай будзе радасьць ад усё-ткі заўжды магчымых неспадзяванак.

Для чаго ж ісьці?

Праграма мінімум – заявіць пра сваё не прызнанае дзяржавай сувэрэннае існаваньне. Паводле падлікаў сацыялягічнай кампаніі «ТНС-Україна», за дзейнага прэзыдэнта ў лістападзе гатовыя былі прагаласаваць усяго толькі 55% выбарцаў. Я не абмовіўся, сказаўшы "ўсяго толькі": гэты "сярэднеэўрапейскі" паказчык дастатковы для таго, каб стаць прэзыдэнтам на сумленных выбарах і спакойна кіраваць краінай ва ўмовах наяўнасьці наладжанай сыстэмы стрымак і процівагаў, але мізэрны для захоўваньня непадзельнай манаполіі на палітыку і грамадзка-культурнае жыцьцё краіны, ажыцьцяўлянай дасюль ад імя ўсяго беларускага народу. Удумайцеся: 45% беларусаў, ладная палова грамадзянаў краіны, выкінутыя ў "цемру вонкавую". Ніхто і нідзе не прадстаўляе іхных інтарэсаў, нідзе і ніхто не дае ім слова ў дзяржаўных СМІ, якія функцыянуюць за кошт іхных падаткаў у тым ліку. Мы наагул ня ведаем, што сабе думаюць гэтыя 45 адсоткаў! Іх не існуе – у якасьці складніка агульнага жыцьця грамадзтва. Нас з вамі не існуе. І гэта менавіта нам, а не дзявятцы кандыдатаў самы баязьлівы кандыдат не зьбіраецца "аддаваць краіну". Чытай: ня хоча нават ведаць пра нашае існаваньне, нашыя інтарэсы, нашае сьветабачаньне, нашыя думкі, нашыя зацікаўленьні, нашыя горасьці і радасьці, нарэшце – нашыя прэтэнзіі да яго.

Хаця некаторыя прэтэнзіі, што зыходзілі зь нетраў прывідных 45% выбарцаў, ён зьнянацку, за паўтары тыдні да выбараў, пачуў. І той, хто ўважліва, удумліва сачыў за перадвыбарнай эпапэяй, мог бы зразумець, калі не разумеў раней, што такое палітыка, навошта яна патрэбная і як уплывае на паўсядзённае жыцьцё. Усяго два разы па дзевяць тэлевыступаў нейкіх чорцікаў з табакеркі, і вось аднаасобны, непадзельны ўладар, які ня памятае нават, як завуць ягонага прэм'ер-міністра, бо ўсё робіць сам, ні на кога не зважаючы, выконвае сякія-такія патрабаваньні народу, на якія да таго пляваць хацеў з самай высокай званіцы.

Калі вы дасюль не разумелі, што такое палітыка і з чым яе ядуць, ведайце: гэта барацьба за сябе і сваё жыцьцё. Кажучы шурпатай мовай палітыкі, за свае інтарэсы. Якія далёка не заўсёды супадаюць у дзяржавы і грамадзтва, ці, на мікраўзроўні, – у працадаўцы і працаўніка.

Дакажыце, што вы існуеце і гатовыя абараняць сваё існаваньне. Пачніце з выхаду на плошчу. Але не спыняйцеся на гэтым. Не ўпадайце ў традыцыйны пасьлявыбарчы анабіёз, зьляцеўшы з вышынь эмацыйнага ўздыму на дно фрустрацыі. Ня трэба інвэставаць свае надзеі выключна ў выбары і альтэрнатыўных кандыдатаў, каб пасьля страціць іх усе разам праз чужыя гульні або недапрацоўкі. Распачынайце сваё ўласнае змаганьне. Адшукайце паплечнікаў.



(Аўтарка каляжу блогерка czy)

Мяркую, яны знойдуцца. Бо нас вельмі шмат – ладная палова грамадзтва, якая складаецца з разнастайных людзей, а не аднолькавых манэкенаў з псэўданароднага сходу.

Дарэчы, паказальную гісторыю, зьвязаную з г.зв. "Усебеларускім сходам", распавёў блогер etana_87, які працуе настаўнікам, атрымліваючы заробак 700 тысячаў рублёў, і гэта з улікам перадвыбарных надбавак:

"Учора адбылася сытуацыя, якую можна было б назваць камічнай, калі б яна насамрэч не была трагічнай. Значыць, "папрасілі" на працы схадзіць вечарам на канцэрт з нагоды "4-га Ўсебеларускага сходу". Ну, мы ж людзі паднявольныя – пайшлі. "Канцэрт" быў такі, што мы – настаўнікі і іншая драбяза – прастаялі добрую гадзіну на дварэ, а потым яшчэ добрыя хвілін сорак на "Веладроме", як сардыны ў бляшанцы, проста тупа ў натоўпе, нічога не сьпявалі і не паказвалі, проста стаялі і таўкліся. Пасля таго як цярпеньне лопнула, пазванілі начальству і сказалі, што будзем разыходзіцца, бо сэнсу стаяць у цясноце няма. Тыя нават далі дабро.

Заваліўся я, значыць, у маршрутку, а сьледам за мною халёны дзядзька ў андатравай шапцы і паліто з мордаю калі не чынушы, то прынамсі нейкага "крэпкава хазяйсьцвеньніка". А ў маршрутцы яшчэ адзін мужычок сядзеў, на лёгкім такім падпітку, і пытаецца: "З канцэрту, мусіць? Cпадабаўся?" Кажу: "Не было ніякага канцэрту, таўкліся як быдла ў загонцы паўтары гадзіны..." А той, у паліто: "Як не было?! Быў! Харошы такі канцэрт, уся беларуская эстрада выступала!" Мужычок: "Для дэлегатаў, чыноўнікаў усякіх канцэрт, што лі?" Каторы ў паліто: "Да, но і нямножка для народа. Вопшчам правільна ўсё, маладзец ЁН, умее отдых устроіць».

Вось і дзяржава нашая ў цэлым такая самая – «нямножачка для народа». У астатнім гэта хакейнае поле для ажыцьцяўленьня амбіцыяў аднаго чалавека, які гуляе сам з сабой, выкарыстоўваючы "народ", гвалтам запіхваючы сюды і тыя няісныя 45%, то бок нас з вамі, у якасьці рытарычнай фігуры і ўласнага алібі.

Але ягонае здрабненьне пачалося і будзе працягвацца: ён ужо інвалюцыянаваў з грознага народнага волата "Бацькі" ў нейкага паўблатнога «Саню», які застанецца з намі, бо чамусьці "самі ніяк мы, ніяк мы самі". Менавіта ў гэтай якасьці яго цяпер (здуру) спрабуюць "прадаць" выбаршчыкам, круцячы "алка-бугі" ад гурту Rockerjoker па ўсіх радыёканалах.

«Добрая песьня, з задавальненьнем слухаю па радыё. Перабудова згадваецца. Усё пачыналася з жартаў пра Мішу...» (leon_by)

Прынесла плён мая прапанова да ўдзельнікаў суполкі by_politics заняцца "контрапраграмаваньнем", перарабіўшы на свой капыл рэфрэн "Саня застанецца з намі". Найбольш удала гэта зрабіць, як на мой погляд, атрымалася ў блогера malishevsky:

Саня, далей мы самі
Зьдзівіся – самі!
Прабач, безь цябе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG