Цыганкоў: Наколькі рэальна чакаць таго, што да прэзыдэнцкіх выбараў бакам удасца дамовіцца па энэргетычных пытаньнях?
Коктыш: Верагоднасьць гэтага ня вельмі вялікая. Масква якраз напрыканцы наступнага году мусіць запусьціць і БТС-2 і «Паўночную плынь» — трубаправоды, якія пусьціць нафту і газ у абыход Беларусі.
І мне здаецца, што да таго часу, як гэта будзе запушчана, нічога адбывацца ня будзе. Масква будзе чакаць, пакуль не ўтрасецца нейкі новы балянс сілаў, колькі яна можа на сябе ўзяць. Новыя парамэтры яшчэ ня выпрацаваныя, Беларусь яшчэ не прызвычаілася, што яна стала больш «лёгкай», ні Расея не ўсьвядоміла, што стала больш важкай.
Цыганкоў: Але ж нейкая цана на газ на новы год павінна быць усталяваная?
Коктыш: Асобна дамаўляцца якраз няма ніякай неабходнасьці.
Асобна дамаўляцца няма ніякай неабходнасьці.
Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Маскву, дзе 9 сьнежня возьме ўдзел у пасяджэньні Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, а таксама ў пасяджэньні ў рамках вышэйшага органу Мытнага саюзу. Гэта будзе першая сустрэча Лукашэнкі і прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева пасьля знакамітага відэазвароту Мядзьведзева. Ці можаце спрагназаваць, у якой форме пройдзе гэтая сустрэча?
Коктыш: Мне здаецца, гэта будзе афіцыйны фармат, якія будзе мець няшмат магчымасьцяў для нефармальнага ўрэгуляваньня пытаньняў. Адносіны доўга псаваліся, і яны ня могуць палепшыцца ў адзін момант.
Ня будзе Расея рабіць нейкія падарункі Менску перад выбарамі. Мне здаецца, мы назіраем пачатак новай эпохі ў адносінах. Якая яна будзе, ня ведае ані Масква, ані Менск. Але, здаецца, гэта будзе даволі складаная эпоха.