Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голас Лукашэнкі на саміце ў Астане журналісты не пачулі


Аляксандар Лукашэнка і Гурбангулы Берэдымухамедаў, прэзыдэнт Туркмэністана.
Аляксандар Лукашэнка і Гурбангулы Берэдымухамедаў, прэзыдэнт Туркмэністана.
Саміт Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) у Астане сёньня скончыўся без спадзяванай дамовы ўдзельнікаў аб пляне ўзмацніць гэтую арганізацыю.

У неафіцыйных размовах дыпляматы казалі, што дамовіцца не ўдалося з прычыны разыходжаньняў у шэрагу спрэчных пытаньняў, у прыватнасьці з-за расейска-грузінскага канфлікту, з-за Нагорнага Карабаху і Прыднястроўя.Арганізатары саміту, улады Казахстану, да апошняй хвіліны спадзяваліся на кампраміс. Выніковая прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева адкладалася некалькі разоў на тры гадзіны. Аднак і гэтага дадатковага часу не хапіла.

АСБЭ дзейнічае паводле прынцыпу кансэнсусу — гэта значыць, што любая з 56 краінаў-удзельніц мае магчымасьць заблякаваць выніковыя дакумэнты саміту. Таму, як перадаў нам з Астаны міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, там настойліва гучалі галасы, што трэба пераходзіць на прыняцьце рашэньняў кваліфікаванай бальшынёй.

Раман Якаўлеўскі
«Тут жа адбыўся натуральны скандал, зьвязаны з вядомым грузінскім пытаньнем. Справа ў тым, што ў выніковы дакумэнт прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў імкнуўся ўставіць сваю фармулёўку наконт новай архітэктуры эўрапейскай бясьпекі. Але гэта не было ўлічана. Больш таго, улічылі пункт гледжаньня грузінскай дэлегацыі, у якой фактычна не прызнаюцца вынікі жнівеньскай грузіна-расейскай вайны. І гэта можна зразумець, бо на сёньняшні дзень аніхто з краінаў АБСЭ, акрамя Расеі, не прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю як незалежныя краіны».

Што тычыцца сёньняшняга выступу Аляксандра Лукашэнкі, то беларускі лідэр казаў найперш пра тое, што АБСЭ павінна выпрацаваць унівэрсальныя стандарты ацэнкі выбараў:

«АБСЭ часам зьяўляецца нейкай дубінай у нечых руках у перадвыбарчы пэрыяд той ці іншай дзяржавы. Стандарты выбараў, пра якія гаворыцца прадстаўнікамі і чыноўнікамі АБСЭ, на жаль, у нас адсутнічаюць. Але спасылка пастаянна на гэтыя стандарты».

Спэцыяліст у галіне выбарчага права Сяргей Альфер кажа, што сапраўды зацьверджаных усімі краінамі АБСЭ правілаў правядзеньня выбараў няма:

Сяргей Альфер
«Але ёсьць міжнародныя зацьверджаныя прынцыпы выбараў, якія закладзеныя ў ААНаўскіх дакумэнтах, эўрапейскіх дакумэнтах. Дарэчы, многія дасьледчыкі выбарчага права лічаць, што тыя крытэры, якія закладзеныя ў дакумэнтах АБСЭ, таксама могуць лічыцца прынцыпамі правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Іх жа падтрымалі ў свой час краіны АБСЭ, уключна зь Беларусьсю. Так што тут нічога распрацоўваць ня трэба. Яны ёсьць, і адпаведна ім міжнародная супольнасьць адносіць выбары да свабодных і справядлівых альбо да несвабодных і несправядлівых».

У Астане былі спадзяваньні, што кіраўнік Беларусі зробіць нейкую сэнсацыйную заяву, кажа Раман Якаўлеўскі:

«Усе чакалі, што выступ Лукашэнкі прынясе чарговыя сэнсацыі. Але ж гэтага не адбылося. Але, паводле чутак у кулюарах, тэкст яго выступу быў скарэктаваны на просьбу самога Назарбаева яшчэ ўчора ўвечары. І ўсе „вострыя вуглы“ былі з прамовы выкінутыя. Так гэта ці не? Калі задаюць такое пытаньне, ніхто гэтага не абвяргае».

А вось тое, што кіраўнік Беларусі ўчора ўвечары нібыта гуляў у хакей (пра гэта паведамлялі многія СМІ) кіраўнік яго прэсавай службы Павал Лёгкі абвяргае.

Раман Якаўлеўскі пацьвердзіў, што падчас выступу Лукашэнкі ў прэсавым цэнтры ўзьніклі тэхнічныя праблемы, з-за чаго шмат хто з журналістаў ягонай прамовы проста не пачуў. «Але прэсавая служба саміту хутка распаўсюдзіла друкаваны тэкст выступу». Журналісты знаходзяцца ў іншым памяшканьні, а ня ў тым, дзе праходзіць паседжаньне саміту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG