Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савіных: Новыя магчымасьці для мірнага выкарыстаньня атаму


Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
Беларусь атрымае ядзерны рэактар на нізкаўзбагачаным уране ўзамен за сваю адмову ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану, які можа выкарыстоўвацца для вырабу ядзернай зброі. Пра гэта паведаміла амэрыканскае агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. Тым часам амэрыканскі штодзёньнік New York Times сёньня паведаміў, таксама са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, што ў абмен на адмову ад высокаўзбагачанага ўрану Беларусь атрымае ня сам рэактар, а толькі дарадчую інфармацыю для яго пабудовы.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на просьбу "Свабоды" пракамэнтаваць гэтае паведамленьне сёньня сказаў так:

"Супольная заява Рэспублікі Беларусь і Злучаных Штатаў Амэрыкі, прынятая ў Астане, безумоўна, адкрывае дадатковыя магчымасьці для ўзаемадзеяньняў дзьвюх краін, у тым ліку і па мірным выкарыстаньні атаму. Якім будзе фармат гэтага супрацоўніцтва, пакажа будучыня".

Як мы паведамлялі раней, Беларусь на саміце АБСЭ ў Астане абвясьціла, што зьліквідуе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану.

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратаркі ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава.

"Міністар замежных спраў Беларусі абвясьціў, што Беларусь прыняла рашэньне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе", — адзначаецца ў заяве.

У заяве не пазначана, якую колькасьць высокаўзбагачанага ўрану мае Беларусь.

Сёлета ў красавіку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсьць "сотні кіляграмаў" высокаўзбагачанага ўрану і што ён выкарыстоўваецца выключна ў навуковых мэтах. Паводле амэрыканскага Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў у Мантэрэі, Беларусь мае каля 170 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану ў Аб'яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў — Сосны. Паводле іншых, неафіцыйных крыніцаў, высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі значна менш — каля 40 кіляграмаў. Але нават такой колькасьці дастаткова, каб вырабіць некалькі ядзерных бомбаў.

Як паведаміла Associated Press са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, паводле падпісанай цяпер дамовы Беларусь перадасьць Расеі 220 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану. Аднак, як сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, пакуль нельга сказаць, якая частка гэтага ўрану прыдатная для вырабу ядзернай зброі.

Сёлета ў красавіку Беларусь, разам з Іранам і Паўночнай Карэяй, не запрасілі на саміт у пытаньнях ядзернай бясьпекі ў Вашынгтоне з-за адмовы супрацоўнічаць у пытаньні ўзбагачанага ўрану. Пасьля цяперашняй дамовы Беларусь атрымае запрашэньне на наступны такі саміт, які мае прайсьці ў 2012 годзе ў Паўднёвай Карэі, гаворыцца ў супольнай амэрыканска-беларускай заяве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG