Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе правальным саміт АБСЭ?


У Астане пачаў работу саміт Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе. На саміт прыбылі 28 кіраўнікоў дзяржаў з 56 краінаў- удзельніц арганізацыі, прадстаўнікі больш за 30 міжнародных і рэгіянальных арганізацыяў.

Гэта першая падобная сустрэча лідэраў краін-удзельніц АБСЭ за апошнія 11 гадоў. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Апошні раз такі прадстаўнічы форум зьбіраўся 11 гадоў таму ў Стамбуле. Сярод асноўных тэмаў сустрэчы – сытуацыя ва Аўганістане, міжнародная дапамога Кіргізстану, урэгуляваньне Нагорна-карабаскага канфлікту.

Напярэдадні гэтай сустрэчы прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Казахстана спрабавалі прыцягнуць увагу ўдзельнікаў саміту АБСЭ, у прыватнасьці, да парушэньняў правоў чалавека ў краіне – старшыні АБСЭ, абмежаваньня свабоды СМІ і ціску на іх, да сытуацыі з палітычнымі зьняволенымі.

Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч


Як піша расейскі “Коммерсантъ”, арганізатары цяперашняга саміту загадзя ахрысьцілі яго "галоўнай падзеяй пачатку XXI стагодзьдзя", упэўнена абвясьціўшы, што тэрмін "дух Астаны" удыхне ў арганізацыю новае жыцьцё. Аднак прынцыповыя супярэчнасьці паміж членамі АБСЭ не дазволяць, па меркаваньні экспэртаў, ня толькі рэанімаваць арганізацыю, але і нават пацьвердзіць тыя прынцыпы, на якіх яна была заснавана.

Перад пачаткам саміту Астана апублікавала амбіцыйную праграму таго, што краіна-старшыня жадае дасягнуць па выніках форуму. Адным з галоўных пунктаў зьяўляецца прыняцьце палітычнай дэклярацыі, у якой сябры АБСЭ пацьвердзілі б прыхільнасьць агульным прынцыпам арганізацыі, уключна з палажэньнем Хэльсынскага заключнага акту 1975 году аб непарушнасьці межаў. Справа ў тым, што апошнія восем сустрэчаў АБСЭ засталіся без выніковай палітычнай дэклярацыі, прычым у 2008 і 2009 гадах яе не атрымалася прыняць шмат у чым з-за рознагалосьсяў паміж Расеяй і Грузіяй па Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Сваю лепту ўнесьлі Азэрбайджан і Армэнія, якія спрачаюцца з-за Нагорнага Карабаху, а таксама Сэрбія, якая настойвала на сваім сувэрэнітэце над Косава, піша “Коммерсантъ”.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў і Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун

Па прызнаньні аднаго з членаў расійскай дэлегацыі, асаблівыя праблемы Масква адчувае з-за Грузіі, якая настойвае на ўключэньні ў дэклярацыю палажэньняў аб прыналежнасьці ёй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама асуджэньне "расейскай агрэсіі 2008 года". Расея, у сваю чаргу, хацела б ўключыць у дэклярацыю палажэньне аб падтрымцы АБСЭ ініцыятывы Дзьмітрыя Мядзьведзева па Дагаворы аб эўрапейскай бясьпекі, аднак у гэтай ідэі ёсьць нямала праціўнікаў.

Шмат у чым з-за ўсіх гэтых рознагалосьсяў, якія пагражаюць саміту правалам, у Астану не паехалі некаторыя кіраўнікі дзяржаў, у тым ліку прэзыдэнт ЗША Барак Абама, а расейскі лідэр Дзьмітрый Мядзьведзеў у апошні момант ўдвая скараціў праграму свайго знаходжаньня. Ён вернецца ў Маскву ўжо сёньня, не чакаючы завяршэньня саміту, хоць прэс-служба прэзыдэнта раней анансавала, што ён правядзе ў Казахстане два дні і прыме ўдзел у закрыцьці саміту.

Прэзыдэнт Кіргізстану Нурсултан Назарбаеў і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

"Калі саміт апынецца правальным, то сам па сабе паўстане пытаньне: а ці не пара наогул пахаваць гэтую арганізацыю? – цытуе расейскага палітоляга Уладзімера Жарыхіна “Коммерсантъ”, – віны Казахстана ў гэтым няма. Астане вельмі хацелася паказаць, што, маўляў, да нас былі старшыні нікуды не вартыя, а з намі ўсё наладзіцца. Але, падобна, яны замахнуліся на немагчымае ".



У сувязі з правядзеньнем саміту Астана прымае каля пяці тысяч замежных гасьцей. Толькі ў Астане, па дадзеных СМІ, задзейнічана сем тысяч паліцэйскіх. Паведамляецца, што на падрыхтоўку і правядзеньне саміту затрачана каля 11 мільёнаў эўра, з якіх тры чвэрці ўнёс Казахстан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG