Апошнія весткі з Шацку, самай старажытнай — неўзабаве 520 год — вёскі Пухавіччыны, былі трывожныя. То сытуацыя межавала з экалягічнай катастрофай — пасьля зьліву ў навакольных лясах 200 тон небясьпечных адкідаў нафтапрадуктаў. То вось яшчэ згарэлі двое немаўлятак, якіх маці пакінула адных, пайшоўшы на працу.
Сёлета ў паселішчы, дзе за тысячу жыхароў, узьнік аграгарадок — нягледзячы на тое, што СВК «Шацк» лічыўся злосным няплатнікам запазычанасьцяў. 67-гадовая цётка Гэля, пэнсіянэрка, якая мерзла на прыпынку, на пытаньне, ці адбыліся зьмены ў жыцьці вяскоўцаў, махнула рукой:
Гэля: «Нічога свайго няма — толькі калгас. Моладзь уся зьяжджае, працы няма. Якая была, дык толькі на фэрмах — 200–300 тысяч, ня хочуць ісьці. Раней камбінат быў — і пралі, і ткалі, і шылі — разбурылі ўсё. Добра, Дом быту падрамантавалі, а то забягалаўка была. І крамы цяпер выкупілі — у камэрцыйных усяго хапае…»
Карэспандэнт: «А галасаваць пойдзеце?»
Гэля: «А, будзе бачна. Думаеце, абяруць другога?»
У цэнтры, ля пассавету, іншыя настроі. Былая мэдсястра Лідзія Бабітчык проста выпраменьвала аптымізм.
Бабітчык: «Бальніца ёсьць, зрабілі рамонт аптэкі, лазьню — раней не было. Платы паставілі. Вось у сажалку дзеці рыбку запусьцілі — будзем лавіць, вуду куплю…» (Сьмяецца.)
Карэспандэнт: «А на выбары пойдзеце за прэзыдэнта галасаваць?»
Бабітчык: «Абавязкова, гаворкі няма. Калі ў 90-х стаялі пад крамай дзень за булкай хлеба, ніколі не забудзем. А зараз хлеб і менскі, і слуцкі, і вілейскі, мяса, кілбасы. За Лукашэнку, за „бацьку“ нашага пайду 100%…»
Міжволі спыніўся непадалёк ад школы. На падворку ля невялікай хаты — вялізная куча каменьня, ля якой пасьвіліся козы. Праз плот гутару з гаспадаром — 80-гадовым былым інжынэрам-канструктарам, спадаром Казімірам Каваленкам, які колькі год таму пераехаў сюды зь Менску з хворай жонкай. У самога хваравіты, замораны выгляд.
Карэспандэнт: «Колькі ў вас каменьне ляжыць?»
Каваленка: «З 1920 году. Калі палякі адступалі, рванулі. Піва выпускалі — царскі завод быў броварны…»
Карэспандэнт: «А чаму не спрабавалі катэдж зрабіць?»
Каваленка: «Сродкі трэба. Я і з гэтай гаспадаркай не магу справіцца — трэба сена, дровы. Козы маю, а яны распладзіліся — 10 штук…»
Карэспандэнт: «А ўзімку чым іх корміце?»
Каваленка: «Чым давядзецца. Сена сам на сабе нашу. Раней у гумне ўверсе ўсё забіваў. А тут людзі захопліваюць участкі і лічаць, што пажыцьцёва „маё“. Нават крапіву касіць праблема — ты прыежджы. Хацеў пазбавіцца ад коз, але зь імі весялей. Во зараз посьцілку прынёс, камбікорм даю — пэнсіі ж паўмільёна…»
Спадар Каваленка галасаваць не зьбіраецца — прапісаны ў Менску, куды ўжо фізычна не даедзе. А вось хударляваму жардзяю Аляксандру Яўсюкову ды каржакаватаму Дзіму Дубовіку браць удзел у выбарах яшчэ ня час — ім па 17 год. Сустрэў іх у дарозе на працу — кажуць, «уломваюць» адзін аўтасьлесарам, другі ў будаўнічай брыгадзе. Вось зьлепак іх жыцьцёвых настрояў.
Маладзёны: «Калгас вырашылі перарабіць у адкрытае акцыянэрнае таварыства, каб лепш было. Ці лепш стала? Мне плацяць па 350 тысяч… А ў будаўнічай брыгадзе — 700… У Шацку лепей стала — клюб новы адкрылі, краму…»
Карэспандэнт: «Што ж ты ў ёй купіш за месяц на 350 тысяч?»
Маладзёны (уздыхаюць): «Застацца б у Шацку, каб вывучыцца ў Менску, дык езьдзіў бы адсюль… Нічога добрага — па суботах напіваюцца і мардабой…»
29-гадовы токар Аляксандар Часлаўскі, які пасьля разводу з жонкай днямі прыехаў зь Віцебску на малую радзіму, ішоў уладкоўвацца на новую працу.
Часлаўскі: «У калгасе няма працы. Можна на завод у Габрыэлях уладкавацца езьдзіць. Аклад 300 рублёў мінус алімэнты для мяне. У маці парася — каровы на фэрме надакучылі з трохразовай дойкай. Апошні месяц атрымала 525, а ўзімку 300–200 тысяч будзе — во табе і даярка…»
Карэспандэнт: «На выбары прэзыдэнцкія думаеш ісьці?»
Часлаўскі: «Трэба будзе. На мясцовых выбарах — не пішыце — бабуля за ўсіх прагаласавала. Палітыкай асабліва не цікаўлюся. Мінулыя прэзыдэнцкія выбары галасаваў за Мілінкевіча. Пакуль ня ведаю кандыдатаў…»
Яшчэ ў савецкія часы ў Шацку квітнелі рамёствы, быў мэханічны завод. У навакольлі, між іншым, мноства прыродных рэсурсаў, якія адлюстраваныя на гербе вёскі. У школьным краязнаўчым музэі, які ствараецца цяпер, мне яго прэзэнтавала аўтарка — краязнаўца, настаўніца Натальля Вайцаховіч.
Вайцаховіч: «Узялі за аснову заняткі старажытных жыхароў вёскі Шацк. Пчолкі і лён — гэта пчалярства, таксама ганчарства і бандарства. Мы жылі сярод лесу, у нас шмат будаўнічых матэрыялаў, радовішчы гліны, пяску, камянёў…»
Аднак нічога з пазначанага ў гербе сёньня на практыцы не распрацоўваецца. Дый з тым, што ёсьць у гаспадарцы, — «поўны швах». Гэта сказаў мне 16-гадовы ўдумлівы і, відаць па ўсім, майстравіты, з упартым позіркам, 11-клясьнік Рома Шуляк. Ён вагаецца, ці заставацца ў вёсцы пасьля школы. Мяркуйце самі, куды схіляюцца шалі.
Шуляк: «Тут жывёлагадоўля і кармавая база свая — зерне сеюць. Але няма гаспадара зямлі. Брат мой працаваў на камбайне ўлетку, я дапамагаў. Адзін бункер зерня мы нажалі — і палова палетка няўбраная. Кіраўніцтва СВК ані прыехала, ані прыслала машыну, каб высыпаць зерне ў часе ўборкі! А чаму? Тут зарабляюць толькі „свае“, сямейны падрад, мафія — хтосьці хапае, астатнія на капейкі перабіваюцца. Брат зарабіў паўтара мільёна за ўборку — гэта за 2 месяцы з 6 да 12 ночы. Пастаянна ў пыле — ня тое, што ты чысты сеў на камбайн, табе запчасткі прывезьлі — а тут стаіш, дзе іх дастаць, а галоўнаму ўсё роўна. А ўзімку з вугла на вугал ходзяць — мо 300 зарабляюць на МТС, а жывёлаводы і таго менш…»
* * *
Наступная сустрэча была адной з мэтаў вандроўкі. Імя Вячаслава Часлаўскага вядомае на прасторах усяго СНД. 10 год таму ў Шацку ён заснаваў прыватную вытворчасьць садовых упрыгожаньняў — фігурак з керамікі, штучнага каменю, плястыку. Цяпер асвойвае мармуровую крошку — у Беларусі, маўляў, ніхто й не асіліць купіць. Я любуюся здымкамі зробленых ім рознакаляровых сажалак, жанчын у кветках, забаўных, у розных позах, блазнаў і слухаю суразмоўцу.
Часлаўскі: «Я і прадпрымальнік, я і дырэктар фірмы, я і рамесьнік — у мяне 10 чалавек каманда, усе мясцовыя. Выканкам дае вялікае памяшканьне ў Шацку, і ўсе будзем на адным месцы. Пачаў з гіпсу сувэніры, выпадкова выйшаў на кераміку, плястык, якія хочуць бачыць у галерэі „Славутасьць“ у Менску. На сёньня валодаю тэхналёгіямі, каб рабіць карціны, габэлены, любыя сажалкі-вадапады з каванага мэталу. Разглядаўся варыянт вырабу парку дыназаўраў ва ўвесь рост да 10 мэтраў, якія павінны хадзіць-крычаць — усё я гатовы зрабіць…»
Карэспандэнт: «Ты ж самавук — адкуль усё перадалося?»
Часлаўскі: «Нават не скажу адкуль — ад Бога. Раз на тыдзень прыяжджаюць расейцы — маю вялікія прапановы ад маскоўскіх фірмаў, якія аплачваюць мне ўдзел у міжнародных выставах садова-паркавай скульптуры…»
Карэспандэнт: «А ад’яжджаць з Шацку ня будзеш?»
Часлаўскі: «Не. Свой раён, людзі, памяшканьне. Атрымліваюць у мяне нямала — мільёны. Толькі працуй — ніякіх „накатаў“. Гляджу, раённыя ўлады ідуць насустрач — па падатках поўная спагада…»
Карэспандэнт: «А за каго галасаваць, вызначыўся?»
Часлаўскі: «Я за Лукашэнку заўжды галасаваў, і няма мне больш за каго…»
А вось і самае прэстыжнае тутэйшае месца працы — прыватнае прадпрыемства пана Анджэя Зубка «Мясакамбінат Шацкі «Sunny M». Самога пана Анджэя не застаў, але, так бы мовіць, уводзіны ў тэму мне зрабіла прыгажуня Тацьцяна Шпак, што працуе тэхнолягам.
Шпак: «Робім кілбасныя вырабы, вяндліну — 2 тоны ў дзень. Цэны ніжэйшыя, чым у мясакамбіната. Кілбасы — 10 тысяч, Барысаўскі мясакамбінат — па 15. Рынак збыту — Менск і Віцебск, на камэрцыйныя крамы. Сярэдні заробак — 526 тысяч. Пры гэтым у нас няпоўны працоўны дзень — ня 8, а 6 гадзін. І 4 працоўныя дні ў тыдзень…»
Карэспандэнт: «Прыватнікі працуюць на прыватнікаў. Людзі гаспадаркай могуць заняцца і ў госьці схадзіць — цікавая „завязка“…»
Шпак: «Так, у Шацку гэта ідэальнае месца працы. (Сьмяецца.) Бальнічныя, адпачынак аплачваюцца, мэдкамісіі…»
Адна з 20, хто тут працуе, — фармаўшчыца кілбасных вырабаў Лілея, — тым ня менш да гаспадара мае прэтэнзіі.
Лілея: «10 год у пана Анджэя працую, а раней на Шацкім мэханічным заводзе — там 300 рублёў атрымлівалі. Тут 400 тысяч — хацелася тысяч 800 хоць. Але адсюль сысьці — толькі на комплекс жывёлагадоўчы. А тут чысьценька, прыбіраем…»
Мінулы век нанёс Шацку сьмяротныя ўдары, ад якіх горад не ачомаўся дагэтуль. Царкву Сьвятога Ільлі Прарока, якую зьнішчылі энкавэдысты, так і не аднавілі. Узгадваюць толькі апошняга пакутніка — айца Міхаіла Плышэўскага. Кажа краязнаўца, сп. Вайцаховіч.
Вайцаховіч: «У 30-х гадах знаходзіўся ў вязеньні НКУС 3 месяцы, бо заклікаў людзей прыходзіць на службу, супраць закрыцьця царквы. Улады бачылі ў ім ворага, і ў 33-м быў арыштаваны ізноў. 71 год — нягледзячы на ўзрост, бацюшка Міхаіл заставаўся верным свайму прызваньню. Апошні раз арыштавалі ў 37 годзе. Абвінавацілі ў тым, што ў часе ўсесаюзнага перапісу заклікаў грамадзян запісвацца веруючымі. Яму быў вынесены сьмяротны прысуд, і яго экзархат прызнаў пакутнікам…»
На пачатку 20 стагодзьдзя Шацк быў габрэйскім мястэчкам. На пачатку Другой сусьветнай немцы зрабілі тут гета. Ізноў слова Натальлі Вайцаховіч.
Вайцаховіч: «Габрэяў у Шацку ня стала. У 1917 годзе ў мястэчку Шацк было 904 габрэі. Да вайны старшынёй сельсавету быў Гелер. Час карных апэрацыяў — кастрычнік 41-га. Тут быў узмоцнены нямецкі гарнізон. За 600 чалавек было расстраляна. З самага цэнтру сучаснага Шацку пагналі на ўскраіну лесу. Доўга зямля „дыхала“, выступала кроў, і людзі абміналі гэтае месца. У мяне ёсьць успаміны тады 6-гадовага хлопчыка, які тузаў маці за спадніцу — „мама, што здарылася?“ Маці выцірала сьлёзы і не магла нічога сказаць…»
Я знайшоў гэтага хлопчыка і сустрэўся зь ім — цяпер пэнсіянэрам, сп. Міхаілам Тарасэвічам.
Тарасэвіч: «Людзі плакалі. Я ў маці пытаўся — чаго?! Яна кажа — сынок, у Апельні расстрэльваюць яўрэяў…»
Міхаіл Міхайлавіч — аўтар помніка пакутнікам-аднавяскоўцам пад назвай «Кропля крыві». Месьціцца на вялізным валуне, над якім крыж і ў падмурку — шасьціканцовая зорка. Ён на ўскраіне лесу за 3 км ад Шацку, там, дзе стралялі людзей. Сп. Міхаіл расказвае мне таксама пакутную гісторыю стварэньня мэмарыялу.
Тарасэвіч: «Сям’я Левіных была вялікая. І два браты, прызваныя ў войска, засталіся жывыя. І ў 65-м яны ў цэнтры Шацку паставілі абэліск. У 68-м годзе, калі Ізраіль пачаў ваяваць з Эгіптам і калі адзін круталёт наш полк танкаў ухлабыстаў (сьмяецца) — габрэі сталі „ворагамі народу“. Мясцовыя ўлады падагналі трактар уначы, звалаклі помнік і ўтапілі ў дрыгве. Мне было вельмі не па сабе. І я вырашыў паставіць тут, побач з магіламі. Во на тым палетку знайшоў гэты камень, зрабіў сам яміну, падмурак. Паўтары тоны вагой і як кропля крыві — падобны. Тут каля тысячы людзей. Гэта месца называецца Апельня — ня трэба было рыць яміны. Тут добрая гліна, людзі калісьці рабілі збаны і на месцы апальвалі — Апельня. І іх сюды прыганялі пад кулямёт і прысыпалі. А зямля дыхала… Калі напісаў заяву зрабіць помнік, прыехаў Сушко — тады галоўны ў раёне, зараз загадчык па культуры. Кажа — вы накідайце сцэнар адкрыцьця, выступ. Я па шчырасьці душы напісаў — „адны нелюдзі зьнішчалі ні ў чым не вінаватых людзей, а другія хацелі зьнішчыць памяць пра іх“. Усё — узарвалі жабу на Каляды! (сьмяецца) Я сам паехаў у раён, прывёз бацюшку Яна зь пеўчымі. Тут чалавек 200 было, асьвяцілі…»
Карэспандэнт: «А на выбары пойдзеце прэзыдэнцкія?»
Тарасэвіч: «А як жа — пойдзем! Я супраць Лукашэнкі прагаласую — усё роўна будзе Лукашэнка. Але справа вось у чым. Такая дзяржава была — Савецкі Саюз, і трымалі ўсіх у страху. Уладу бераглі капітальна. І гэты думае, што вечна. І што? Пшык! (Сьмяецца.) Нават ніхто не ўскалыхнуўся…»
Пакуль жа 16-гадовы Рома Шуляк наконт бліжэйшай будучыні вызначыўся наступным чынам:
Шуляк: «І няма чаго рабіць, і хочацца з бацькамі застацца. Я працы не баюся. Але хочацца рабіць вялікія аб’ёмы працы і зарабляць вялікія грошы. А ў нас тут няма такой пэрспэктывы. Большасьць зьяжджае ў Менск. Хачу на машыніста аўтакрана. Не атрымаецца — пайду кіроўцам. Тут добрыя палеткі, торф. Я сам ару зямлю, вырошчваю авёс, бульбу, і ўраджаі добрыя. А я вам скажу — зьявіцца Гаспадар, будзе Шацк. Трэба галава і добрасумленныя людзі…»
Падарожжы Свабоды