Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг каля “гільятыны”


“Гільятынай” гарадзенцы “любоўна” называюць помнік савецкіх часоў, прысьвечаны 850-годзьдзю гораду. Паміж двума бэтоннымі слупамі на істотнай вышыні замацаная пліта, якая па форме вельмі нагадвае якраз лязо гільятыны. Збудаваньне гэтае, што праўда, знаходзіцца ў бязьлюдным месцы — у Калоскім парку. Побач можна толькі часам убачыць рэдкага месьціча.

Пайшлі прэч!


Уся палітычная эліта Горадні не хавае расчараваньня: улады зноўку прадэманстравалі, што прэзыдэнцкая кампанія — нікому не патрэбная самадзейнасьць. Напэўна для яе, улады, усё і так вядома наперад. Тых з кандыдатаў, хто захоча размаўляць з людзьмі на вуліцы, адсылаюць на задворкі, прэч з вачэй. Прычым з відавочнай мэтай пазлаваць апазыцыянэраў, насыпаць ім соль на раны.

Цяперашняе гарадзкое начальства ня можа ня ведаць, што прадстаўнікі партый, прафсаюзаў, прадпрымальнікі, рабочыя пастаянна пратэставалі, калі іх пасылалі раней праводзіць мітынгі каля “гільятыны”. Памятаю як нябожчык Аляксандар Міхальчык, пазьней кіраўнік гарадзкой БНФ, заўсёды са скрухай гаварыў: ну, як жа так, чаму нас пасылаюць туды, дзе толькі сабак выгульваюць, чаму ўлада толькі сабе дазваляе праводзіць масавыя мерапрыемствы ў цэнтры?

Што праўда, пару разоў апазыцыянэры мусілі згадзіцца на мітынгі ў бязьлюдным парку. Да слова: хоць ён знаходзіцца непадалёк ад гарадзкога цэнтру, ад прыпынкаў грамадзкага транспарту да помніка 850-годзьдзю больш за кілямэтар. Улады адным гэтым не хавалі свае намеры-спадзяваньні, што на мітынг прыедуць хіба толькі тыя, хто мае машыну або — самыя зацятыя апазыцыянэры. А гэта вялікі плюс, у сталіцу можна будзе адрапартаваць, што мітынг зусім малалюдны атрымаўся.

Грузавік-трыбуна

Цікавы факт: колішні гарадзкі галава аднойчы вырашыў даць бой апазыцыянэрам і зьявіўся са сьвітай на мітынгу каля “гільятыны”, што быў прысьвечаны пагаршэньню ўмоваў жыцьця ў краіне. Дзеля гэтага прыгналі машыну, у кодабе якой зрабілі трыбуну. І вось, памятаю, сам галава з контрпрапагандысцкай прамовай выступае, а за дзесяць-дваццаць крокаў чалавек пяць прапаршчыкаў, паваліўшы ў сьнег, спрабуюць скруціць аднаго з кіраўнікоў мясцовай БНФ. Побач стаіць у чаканьні міліцэйскае начальства.

Навокал крычаць — што вы робіце, гэта ж прафэсар Астроўскі! Прафэсар? Які прафэсар? Ён жа бэнээфавец! — адказваюць міліцыянты. І гэта гучыць амаль як прысуд. Словам, усё роўна, што дывэрсант, шпіён, вораг… Нарэшце некалькіх апазыцыянэраў у кайданках груба запіхваюць у “варанкі”. А тым часам гарадзкі галава ў кодабе грузавіка ў мікрафон расказвае, як прыўкрасна і свабодна стала жыць у краіне Беларусь. Дарэчы, парк тады меў яшчэ былую — архаічную савецкую назву — “імя 40 год ЛКСМБ”, на якую начальства ніяк не магло наважыцца ўзьняць руку.

Але хоць не даспадобы было апазыцыянэрам мітынгаваць наводшыбе, неўзабаве ўлады і парк з “гільятынай” закрылі для іх, перасталі даваць дазвол. Дзесяць гадоў мінула, ня жартачкі! Дык можа апазыцыянэры дармо крыўдуюць і цяперашні дазвол кандыдатам на прэзыдэнта сустракацца з выбаршчыкамі каля той “гільятыны” трэба расцэньваць як несусьветную адлігу? Што вы пра гэта думаеце?

Папса, а ня выбары


Істотная зьмена: некалькі гадоў, як улады прызначылі спэцыяльна для масавых мерапрыемстваў у самым цэнтры гораду пляц Савецкі, рэканструіраваўшы яго. Перад палацам культуры хрушчоўскіх часоў саштукоўваюць цяпер вялікую зборную сцэну, магутныя гучнікі стаўляюць, насупраць крэслы для публікі. І — то канцэрты папсы, то начальства ідэалягічныя сьвяты ладзіць, фэст байкераў там адбыўся, сотні матацыклаў зьехаліся, мядовы кірмаш быў таксама, жывую рыбу прадавалі з машын-цыстэрнаў. Словам, часам зьбіраюцца нават дзесяткі тысяч людзей.

Нядаўна гараджане назіралі ўвогуле незразумелае мерапрыемства: на дзень паставілі на Савецкай сцэну, з якой сьпявалі міліцэйскія ансамблі. Гледачоў не было зусім — дзень працоўны і надвор’е — золкае, вятрыстае, з дажджом. Словам, папса, выступы міліцэйскай самадзейнасьці, чарга па рыбу — гэта для ўлады вельмі важна. Сустрэчы з кандыдатамі на прэзыдэнта, наадварот, — папросту нейкая “непатрэбшчына”. Чыноўнікам напляваць на нязручнасьці, якія яны ствараюць гараджанам, прызначыўшы, быццам як у насьмешку, месца каля “гільятыны” — “для правядзеньня сходаў, мітынгаў і пікетаваньня”. Калі ты хочаш паслухаць жыўцом сьвежага ўдзельніка прэзыдэнцкай кампаніі — вось табе — маеш, топай чорт знае куды, прэч з вачэй! Абы ў цэнтры не было заўважна ніякіх апазыцыйных кандыдатаў, каб засьведчыць “гораду-герою”, што “у Багдадзе ўсё спакойна”, “усё схоплена”, усё пад кантролем.

Палітычныя актывісты задаюць сабе пытаньне: навошта такая ўлада, якая стварае нязручнасьці людзям падчас галоўнай падзеі палітычнага жыцьця краіны? Але гэта, зразумела, пытаньне рытарычнае. Апазыцыянэры яшчэ настальгічна ўспамінаюць, як цяперашні прэзыдэнт, тады — звычайны кандыдат, без праблемаў выступаў і ў хрушчоўскім палацы культуры на Савецкай плошчы і побач з ім, двойчы прыяжджаў, дэмакратычная ўлада ў 1994-м ніякіх перашкодаў яму не чыніла. Цяпер тут кандыдатам сустракацца з выбаршчыкамі забаронена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG