Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню на радзіме выдадзена кніга Алеся Салаўя


10 лістапада ў Менску ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца вечарына памяці Алеся Салаўя. У часе яе пройдзе прэзэнтацыя першай ягонай кнігі, выдадзенай на радзіме, -- «Творы: паэзія, проза, лісты». Том, складзены Міхасём Скоблам, выйшаў у выдавецтве «Лімарыус» і запачаткаваў новую кніжную сэрыю «Галасы Айчыны».


Вечарына названая радком паэта «За цябе маё сэрца балела, дарагая мая Беларусь…» Гэты боль стаўся скразной тэмай Алеся Салаўя, які воляй лёсу ўсё сваё нядоўгае жыцьцё прабыў далёка ад Беларусі.

Ён нарадзіўся 1 траўня 1922 году ў мястэчку Крысава, каля Койданава. У 1944 годзе вымушаны быў зьехаць спачатку ў Аўстрыю, а потым у Аўстралію. Памёр у 1978 годзе і пахаваны на беларускай частцы могілак у Мэльбурне.

Кніга «Творы: паэзія, проза, лісты» сталася першай выдадзенай на радзіме аднаго з навыдатнейшых паэтаў беларускай эміграцыі, — зазначае супрацоўніца Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры Вольга Тупева.
Нашы забытыя імёны вяртаюцца на сваю радзіму


«Як зьява — выхад самой кнігі, а потым — тое, што выйшла кніжка тут, на радзіме. Колькі гадоў, дзесяцігодзьдзяў чалавек пражыў там, і сёньняшнія нашы чытачы маюць магчымасьць дакрануцца да твораў аднаго зь лепшых паэтаў беларускай эміграцыі дваццатага стагодзьдзя. Нашы забытыя імёны вяртаюцца на сваю радзіму».

Сярод тых, хто на імпрэзе мае распавесьці пра паэзію Алеся Салаўя, дасьледчыкі і прыхільнікі ягонай творчасьці Міхась Скобла, Анатоль Сідарэвіч, Валянціна Трыгубовіч, Генадзь Бураўкін. А найстарэйшы беларускі літаратар Мікола Аўрамчык падзеліцца ўспамінамі пра тыя даваенныя гады, калі яны з Алесем Салаўём сустрэліся ў Менску на курсах маладых пісьменьнікаў. Вось што ён згадаў у інтэрвію для нашага радыё:

“Яму шаснаццаць, а мне васемнаццаць. Так што гаворкі пра паэзію даволі кволыя ў нас зь ім былі, слухалі іншых, праўда. Слухалі Кузьму Чорнага, Куляшова, Мурашку… Да вайны ў Беларусі тройчы, тры гады, тры разы былі месячныя курсы літаратараў-пачаткоўцаў. І вось на першыя гэтыя курсы мы былі запрошаныя. Пасьля ён паступіў у пэдвучэльню, а я ў пэдунівэрсытэт і мы ўжо радзей трохі сустракаліся. Два гады фактычна сустракаліся, ну трэці так трохі…”

Час сьцёр з памяці дэталі тых сустрэчаў: “Памятаю я ўжо вельмі мала што з тых сустрэч. Семдзесят гадоў мінула — што помніць… Гэта было семдзесят гадоў таму…”

Пачатак вечарыны ў гонар Алеся Салаўя а 17-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG