Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лячэньне апёкаў — самая дарагая мэдычная паслуга


Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»
Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»
Пацярпелых ад выбуху на «Пінскдрэве» лечаць у апёкавых цэнтрах Менску і абласных гарадоў Беларусі. Мэдыкі заяўляюць, што апёкі — надзвычай цяжкая і небясьпечная траўма, а лячэньне апёкаў — найдаражэйшая мэдычная паслуга.

У апёкавым цэнтры шпіталя хуткай дапамогі ў Менску зараз знаходзяцца некалькі пацярпелых пінчукоў, але колькі менавіта і які іхны стан, дзяжурны лекар не паведамляе:

«Канечне, яны ў нас ёсьць, і досыць шмат. Усе выжывуць ці ня ўсе? Гэтага вам ніхто ня скажа — якому доктару хочацца, каб ягоны пацыент памёр? А тое, што пацыент цяжкі, што ён можа памерці, то можа памерці, канечне ж».

Толькі ад пажараў у Беларусі штогод гіне каля 1 тысячы чалавек, 30-40 зь іх — дзеці. Па мэдычную дапамогу ў зьвязку з апёкамі зьвяртаецца каля 30 тысяч чалавек. Штогод ад апёкаў памірае каля 300 чалавек, кажа прафэсар Беларускай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Якаў Кашалькоў:

Найбольш адчувальныя да апёкаў і найцяжэй пераносяць іх дзеці.
«Найбольш адчувальныя да апёкаў і найцяжэй пераносяць іх дзеці. Дарослыя людзі — таксама ў залежнасьці ад веку: маладыя людзі больш сур’ёзныя апёкі пераносяць лягчэй, а людзі сярэдняга веку — цяжэй. Вядома таксама, што апёкі полымем вельмі часта нішчаць дыхальныя шляхі, што вельмі небясьпечна. У нашай практыцы бывала, што адгаралі рукі, ногі, прагаралі суставы. Вось гэта ўскладняе і абцяжарвае змаганьне за жыцьцё ў гэтых пацыентаў».

Многія з траўмаваных апёкамі лекуюцца ў адмысловых апёкавых цэнтрах, якіх у Беларусі 7 — ва ўсіх абласных гарадах і на сто ложкаў у Менску. Усе гэтыя цэнтры маюць адмысловае абсталяваньне і пэўныя ўмовы для лекаваньня. Але нават спэцыялізаваная дапамога ў Беларусі адстае ад разьвітых тэхналёгіяў сьвету і нават Расеі.

Кашалькоў: «Умовы нашы не параўнаць, мэдычныя штаты не параўнаць. Там хворых зь цяжкімі апёкамі лекуюць паводле сыстэмы: адзін хворы — адзін лекар, адна мэдсястра, адна санітарка — кругласуткава. У нас жа — шэсьць чалавек на лекара-рэаніматоляга, і на хірурга 10 чалавек. Лекаваньне цяжкіх апёкаў павінна адбывацца ва ўмовах стэрыльнага асяродзьдзя, але гэтае пытаньне да канца ня вырашана ў краіне. Так што апёкі — гэта сур’ёзная праблема мэдычная і сацыяльная».

Як паведаміў Якаў Кашалькоў, лячэньне цяжкіх апёкаў застаецца надзвычай дарагой мэдычнай паслугай ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі. Так, у ЗША адзін дзень лекаваньня такога хворага каштуе 3 тысячы даляраў, у Беларусі — некалькі сотняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG