Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску — пахаваньні, але афіцыйнай жалобы няма


Сёньня ў Пінску хавалі авяраў выбуху на Пінскдрэве. Пахаваньні прайшло без грамадзкай паніхіды. Кожная сям’я асобна прыяжджала на могілкі пасьля адпяваньня. Тэма выбухаў і колькасьці пацярпелых і надалей самая гучная ў Пінску.

Родным загінулых і пацярпелых падчас выбухаў і пажару на горадаўтваральным прадпрыемстве гарадзкія ўлады выказалі словы спачуваньня на інтэрнэт-старонцы гарвыканкаму.

Кіраўніцтва «Пінскдрэву» са свайго боку прыняло рашэньне аб выдзяленьні па 10 мільёнаў рублёў сем’ям загінулых і па тры мільёны пацярпелым у аварыі.

Жыхары Пінску абураны тым, што інфармацыі пра наступствы выбухаў агучваецца вельмі мала. Магчыма, гэта намаганьні кіраўніцтва прадпрыемства, кажа мясцовы жыхар:

«Замялі гэтае пытаньне. Дырэктар „Пінскдрэву“ заціскае людзей. Тым ня менш, агульнавядома, што тэхніка бясьпекі там на вельмі нізкім узроўні. Таму і здарыўся няшчасны выпадак. Афіцыйна паведамляецца пра некалькіх загінулых. Але гэта невядома. Кажуць, што на самой справе загінула нашмат больш».

Пінчукі пераказваюць з вуснаў у вусны, што ад іх хаваюць інфармацыю. Але многія працуюць на гэтым прадпрыемстве і ведаюць, што некаторыя тэхналягічныя працэсы небясьпечныя для жыцьця.

Фармалін, якім склейваюць ДВП — надзвычай выбуханебясьпечны. А для вытворчасьці ДВП неабходна вельмі высокая тэмпэратура. Такім чынам, як распавёў «Свабодзе» пэнсіянэр, які адпарцаваў ан прадпрыемстве 41 год, да няшчаснага выпадку адзін крок:

«Гэта сапраўды страшная вытворчасьць. Цяпер, пасьля столькіх гадоў працы я не адчуваю зусім ніякіх пахаў, з-за таго, што столькі дыхаў фармалінам».

Дом пэнсіянэра зусім недалёка ад заводу. За вялікім бэтонным плотам знаходзіцца і цэх, на якім адбыліся выбухі. Выбухі былі настолькі моцныя, што дом літаральна захадзіў хадуном.

Мясцовы жыхар працягвае:

Я акурат сядзеў каля печкі на зэдліку, калі адбыліся выбухі. Я аж падляцеў на гэтым зэдліку.
«Я акурат сядзеў каля печкі на зэдліку, калі адбыліся выбухі. Я аж падляцеў на гэтым зэдліку. А што — гэты ж дом проста аж хістала! Пасьля выбухаў адразу ж зьявіўся дым».

Суседзі добра чулі выбухі. Многія былі дома на абедзе, нешта рабілі на двары, калі адбылося здарэньне, кажа жыхар Пінску, дом якога знаходзіцца насупраць цэху:

«Я якраз калоў дровы, калі прагучалі выбухі. Інтэрвал паміж імі ў дзьве сэкунды. Выбухі былі настолькі моцныя, што ў суседкі павыбівала шыбы.»

Сярод відавочцаў — шмат размоў пра шпіталь і дастаўленых туды з прадпрыемства людзей з траўмамі, кажа мясцовая жыхарка, дачка якой працуе ў шпіталі:

«Мая дачка акурат была на дзяжурстве ў той дзень. Яна ня вельмі любіць распавядаць пра тое, што адбылося, але кажа, што ня дай Бог пабачыць гэта. Яна працавала якраз у рэанімацыі».

Да гэтага часу тэрыторыя цэху ачэплена. Супрацоўнікі сілавых структураў не пускаюць нікога на месца выбуху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG