Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля прахадной "Пінскдрэву" усталявалі скрыню для збору дапамогі


Паводле афіцыйнай інфармацыі, 18 чалавек, якія пацярпелі падчас аварыі ў Пінску, цяпер знаходзяцца ў шпіталях у Пінску, Менску і Берасьці. Трох загінулых пахавалі на гарадзкіх могілках "Пасянічы". Рабочыя на могілках выкапалі поруч і чацьвёртую магілу. Але і сёньня яна пустая. Пацьверджаньня пра чацьвёртага загінулага няма.

Сёньня ў Берасьцейскай абласной бальніцы паведамілі, што на працягу дня плянуецца перавезьці сюды зь Пінску яшчэ двух пацярпелых. Такім чынам, у Берасьці на лячэньні застануцца сем чалавек. Стан большасьці надзвычай складаны. Працэнт апёкаў цела складае ад 50 да 100%, кажа лекар-рэаніматоляг Берасьцейскай абласной бальніцы:

"Я прысутнічаў у Пінску на момант аказаньня першай дапамогі і эвакуацыі з заводу рабочых. Пацыентаў дастаўлялі з апёкамі ад 50 да 100% цела. Прычым ва ўсіх пацыентаў сытуацыя ўскладняецца апёкам дыхальных шляхоў. Яны ўсе на апаратах".

У Менску цяпер дзесяць пацыентаў зь Пінску. Галоўны ўрач менскай бальніцы хуткай дапамогі адзначыў:

"У нас большасьць пацыентаў знаходзяцца ў рэанімацыі, разам з тым яны на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нейкіх прагнозаў наконт іх стану здароўя я даваць не жадаю".

Рабочыя з могілак сёньня спраўдзілі інфармацыю пра тое, што ім паступіла замова падрыхтаваць чатыры магілы. А прадстаўнік канцэрну "Пінскдрэў" адмовіўся казаць, для каго чацьвёртая магіла.

"Мы дадатковай інфармацыі не падаем. Пакуль я і сам не валодаю дадатковай".

Абяцалася, што на працягу дня новыя зьвесткі зьявяцца на сайце прадпрыемства, але сайт так і не абнаўляўся. Намесьнік старшыні Пінскага гарвыканкаму Аляксандар Сацута адзначыў, што ўсе людзі на сёньня жывыя, загадзя ніхто магілы для іх капаць ня будзе. Таксама чыноўнік парэкамэндаваў не чытаць "варожую прэсу":

"Пахавалі трох чалавек. А колькасьць магілаў — якая каму розьніца, магіл заўсёды капаецца нашмат болей. Можа, яны для іншых людзей? Не чытайце варожую гэтую прэсу".

У Пінску людзі чакаюць дапамогі ад кіраўніцтва прадпрыемства. Пакуль, як кажа работніца "Пінскдрэва", грошы ня выплацілі. Прадпрыемства толькі арганізавала пахаваньні і аплаціла ўсе выдаткі на іх. Цяпер да дапамогі можа далучыцца кожны работнік:

"Тое, што кажуць пра выплаты, то пакуль гэта толькі словы. Зразумела, што выплаты будуць, нікуды кіраўніцтва ня дзенецца, але іншае пытаньне — калі? Цяпер на прахадной стаіць скрыня, у якой рабочыя пакідаюць свае ахвяраваньні пацярпелым і сем'ям загінулых".

Жанчына таксама адзначыла, што з рабочымі правялі размову, папярэдзіўшы, што распаўсюджваньне інфармацыі пра сытуацыю на заводзе будзе жорстка перасьледавацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG