Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавая бітва міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі


7-8 кастрычніка, празь месяц пасьля папярэдняй спробы, Эканамічны суд СНД зноў працягнуў разгляд пазову афіцыйнага Менску да Расеі аб адмене расейскага мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца ў Беларусь. Чарговае пасяджэньне, па просьбе расейскага боку, адкладзенае на 19 студзеня 2011 году.

Падчас судовага пасяджэньня бакі зноў заявілі хадайніцтвы. Міністэрства юстыцыі Расеі папрасіла адкласьці пасяджэньне на два месяцы — да 7 сьнежня. Маўляў, адвакацкае бюро «Іванян і партнэры» для ўдзелу ў працэсе павінна азнаёміцца з матэрыяламі справы. У другім хадайніцтве расейскі бок папрасіў адкласьці пасяджэньне на тры месяцы — для ўрэгуляваньня спрэчкі ў рамках пагаджальных працэдур. Са свайго боку, Міністэрства юстыцыі Беларусі трэці раз запатрабавала ўвесьці мараторый на мыта, пакуль спрэчка ня будзе вырашана па сутнасьці. Хаця гэтым разам беларускі бок пагаджаўся на вызваленьне ад мыта хаця б асобных катэгорый нафтапрадуктаў. І прасіў суд «рэкамэндаваць бакам» падчас пагаджальных працэдур разгледзець гэтае пытаньне.

Калегія Эканамічнага суду задаволіла расейскае хадайніцтва аб пераносе пасяджэньня на тры месяцы. Таксама задаволена й беларускае хадайніцтва. Судзьдзі прапанавалі абодвум урадам падчас пагаджальных працэдур разгледзець пытаньне аб вызваленьні ад мыта нафтапрадуктаў ці іх асобных катэгорый да вырашэньня спрэчкі па сутнасьці.

Чаму ж Расея адцягвае вырашэньне гэтай спрэчкі? Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, гэта пытаньне прынцыпу.

Кірыл Коктыш
«Расея на ўсялякі выпадак рэзэрвуе магчымасьць прыняцьця рашэньня ў той ці іншы бок. І тым самым гэта яшчэ адзін маркер, што Расея будзе чакаць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Калі браць дзейныя заканадаўчыя прынцыпы як у Эўропе, так і ў Расеі, то мытныя ільготы могуць распаўсюджвацца толькі на вырабленыя тавары. А энэрганосьбіты — гэта нетры, таму мыта на іх будзе пакідацца. Расея мае права абкладаць мытам нафтапрадукты такім, якім жадае. Але Расея можа рабіць нейкія жэсты добрай волі, і такая магчымасьць так ці інакш зарэзэрваваная на ўсялякі выпадак. Бо, магчыма, іх Расея зробіць, але будзе ўважліва сачыць за вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. І гэта, можна сказаць, адна з тых моркавак, якая вельмі асэнсавана якраз падвешваецца перад Беларусьсю на нейкі бліжэйшы пэрыяд».

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, беларуска-расейскія эканамічныя спрэчкі будуць разьвязвацца пасьля вырашэньня праблемы палітычных дачыненьняў. Таксама ён лічыць, што расейскае мыта мала паўплывала на беларускую эканоміку.

«Разьлікі паказваюць, што вынікі нашых зьнешнеэканамічных апэрацый з нафтай і нафтапрадуктамі сёлета застаюцца тымі ж самымі, як і ў 2008-2009 гадах. Гэта проста лічбы. То бок з уводам гэтага мыта амаль што нічога не зьмянілася. Гэта вельмі мала паўплывала на беларускую эканоміку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG