Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчка пра нафтавае мыта: Беларусь просіць мараторый, Расея -- адмаўляе


Сёньня Эканамічны суд СНД зрабіў чарговую спробу ўрэгуляваць беларуска-расейскі канфлікт у нафтавай галіне. Яшчэ ў сакавіку Міністэрства юстыцыі Беларусі падало пазоў супраць расейскага ўраду аб неправамоцнасьці спагнаньня мытных пошлінаў на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Страты беларускага бюджэту ад такога кроку вымяраюцца мільярдамі даляраў. Пры гэтым Расея не пагаджаецца накласьці мараторый на ўведзенае мыта да вырашэньня спрэчкі, пра што хадайнічае беларускі бок.

Інтарэсы беларускага ўраду ў Эканамічным судзе СНД прадстаўляў асабіста міністар юстыцыі Віктар Галаванаў. Падчас паседжаньня судовай калегіі Галаванаў падаў чарговае хадайніцтва з тым, каб рэкамэндаваць расейскаму боку разгледзець магчымасьць мараторыю на спагнаньне экспартных пошлінаў на нафтапрадукты прынамсі на час разгляду пазову.

Два хадайніцтвы ўнёс намесьнік міністра юстыцыі Расейскай Фэдэрацыі Васіль Ліхачоў. Першае тычылася далучэньня да працэсу расейскім бокам групы экспэртаў, у другім — просьба даць дадатковы час на пошук кампрамісу. Пры гэтым Ліхачоў прызнаў, што за месяц ад апошняга паседжаньня Эканамічнага суду СНД асаблівых зрухаў у справе ўзгадненьня пазыцый бакоў не адбылося. У прыватнасьці, так і не ўдалося пачуць думку аднаго з ініцыятараў увядзеньня нафтавай пошліны — віцэ-прэм'ера расейскага ўраду Ігара Сечына.

На замаруджваньне справы паскардзіўся і спадар Галаванаў. Паводле ягоных слоў, віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў неаднаразова чуў з Масквы абяцаньні наконт "хуткіх зрухаў", якіх, аднак, не адбылося. А яшчэ два месяцы "на роздум", якія просяць расейскія прадстаўнікі, беларускі бок расцэньвае як наўмыснае зацягваньне справы. Разам з тым Віктар Галаванаў ня лічыць, што на адсутнасьць відавочных вынікаў уплывае агульная напружанасьць у беларуска-расейскіх адносінах.

Ці можа мець плён судовая ініцыятыва беларускага ўраду на тле глыбокага крызісу ў двухбаковых стасунках? Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех у гэтым моцна сумняецца. На яго думку, ва ўмовах, калі Расея нарэшце агледзелася, што столькі гадоў субсыдыявала стратную беларускую эканоміку, разьлічваць на прэфэрэнцыі не даводзіцца :

Алесь Мех
"Хто і які бок будзе зацікаўлены даваць тую нафту бяз мытных пошлінаў, каб нехта на гэтым зарабляў? І зарабляў ня проста пару тысяч даляраў, на гэтым зарабляюцца мільярды даляраў. Калі нейкія зьмены і будуць, то яны могуць толькі пагоршыць сытуацыю, таму што ніхто сюды таннай нафты больш даваць ня будзе. Вельмі ўжо шмат далі за гэтыя гады, так шмат, што нікому нават і ня сьнілася. Хто на гэтым зарабіў — ужо іншае пытаньне, бо ў зьвязку з тым, што ў нас ні бюджэт не празрысты, ніхто за гэтым ня сочыць, няма кантролю ні з боку парлямэнту, ні з боку грамадзкасьці, — можа атрымацца так, што, хутчэй за ўсё, будуць зьнятыя тыя ільготы, якія яшчэ ёсьць адносна 6,5 мільёна тон нафты. Расея проста хоча дацягнуць да канца году, каб потым падпісваць дамовы наноў".

Беларусь настойвае, што ў адпаведнасьці зь міждзяржаўным пагадненьнем аб свабодным гандлі бакі не павінны ўжываць пошліны. Таму ўведзенае Расеяй сёлета 1 студзеня экспартнае мыта на нафтахімічную сыравіну, якая пастаўляецца ў Беларусь, Міністэрства юстыцыі лічыць незаконным. Нагадаем, што Расея пагадзілася пастаўляць у Беларусь для ўнутраных патрэбаў бязмытна 6,3 мільёна тон нафты, тым часам як астатнія 15 мільёнаў тон абкладаюцца 100-працэнтнай пошлінай. Паводле падлікаў беларускіх эканамістаў, пры новай формуле паставак страты беларускага бюджэту перавышаюць 2 мільярды даляраў.

Калегія эканамічнага суду СНД абвясьціла перапынак у разглядзе пазову да 8 кастрычніка. Але, на думку Аляксандра Меха, незалежна ад выраку беларусам трэба рыхтавацца да горшага:
насельніцтва павінна рыхтавацца плаціць па тых усясьветных коштах ...

"Тут трэба разьлічваць вось на што. У першую чаргу трэба зьвяртацца да насельніцтва і наўпрост тлумачыць, што больш ніякіх казак у энэргетычнай галіне чакаць ня варта, ніякага таннага паліва ня будзе, і далей у тым жа духу. То бок — насельніцтва павінна рыхтавацца плаціць па тых усясьветных коштах, якія на сёньня актуальныя для іншых краінаў. Іншае пытаньне, што сёньня наша насельніцтва да гэтага не падрыхтаванае. Але гэта пытаньне выключна да нашага ўраду і асабіста да Лукашэнкі, якія паставілі ўласны народ у такое становішча. Таму пэрспэктывы тут адназначныя — за ўсё трэба будзе плаціць. Бо калі ў Расеі ёсьць магчымасьць прадаваць сваю нафту па вышэйшых цэнах, то яны ня будуць аддаваць яе Беларусі задарма. Мінуліся тыя часы".

Паводле беларускіх экспэртаў, Беларусі не выпадае спадзявацца, што расейскую нафту могуць цалкам замяніць пастаўкі з Вэнэсуэлы,-- з прычыны высокіх транспартных выдаткаў. Адметна, што ні беларускі, ні вэнэсуэльскі бок не называюць цану заакіянскай нафты. А гэта толькі ўмацоўвае падазрэньні аналітыкаў у палітычным падтэксьце такога гандлю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG