Сёньня пачаўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах. Працу пачалі 17 ініцыятыўных груп. Каб стаць кандыдатам, палітык павінен сабраць у сваю падтрымку 100 тысяч подпісаў грамадзян. Як патэнцыйныя кандыдаты арганізавалі першы дзень збору подпісаў?
Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.
Камароўскі рынак у Менску ператварыўся ў альтэрнатыўны цэнтар палітычнага жыцьця. У падземным пераходзе да рынку месьціцца пікет па зборы подпісаў за Яраслава Раманчука з АГП, ля крамы «Імпульс» — за Андрэя Саньнікава, бліжэй да плошчы Якуба Коласа зьбіраецца наладзіць свой пікет і Рыгор Кастусёў з БНФ.
Зборшчыкі подпісаў за Яраслава Раманчука, у тым ліку і сам патэнцыйны кандыдат ад АГП, апрануліся ў яркія жоўтыя камізэлькі, на якіх адлюстраваная кветка (сымбаль кампаніі) і лёзунг: «Створым новае — захаваем лепшае». Яраслаў тлумачыць:
«Гэта, на мой погляд, нацыянальная беларуская ідэя. Створым новае — тое, што трэба для таго, каб Беларусь ішла наперад. А захаваем лепшае — гэта тое, каб мы не бурылі ўсё ад пачатку, а каб працавалі на падмурку тых традыцыяў, тых лепшых дасягненьняў, якія ў нас ёсьць».
Мінакі даволі актыўна падыходзяць да кандыдата і распытваюць яго, адкуль ён родам, дзе вучыўся, якія погляды мае:
Раманчук: «Гарадзкі пасёлак Сапоцкін, 22 кілямэтры ад Гародні ў бок мяжы зь Літвой і Польшчай».
Спадарыня: «Я сама з Гарадзенскай вобласьці, з Мастоў».
Раманчук: «Мы ў раённых спаборніцтвах удзельнічалі ў Мастах, і на стадыёне ў вас быў колькі разоў…»
«А чым тут займаецеся?»
«Я скончыў інстытут замежных моваў, потым эканамічную асьпірантуру і цяпер узначальваю навуковы цэнтар…»
Спадар Раманчук кажа, што задаволены першым кантактам з выбаршчыкамі:
Уражаньні самыя добрыя, усіх дастала тое, што ў краіне ёсьць, і вельмі радуюцца, што ёсьць людзі, якія хочуць узяць адказнасьць і весьці краіну ў лепшае жыцьцё.
Спадар Раманчук кажа, што кожны дзень будзе асабіста зьбіраць подпісы, у тым ліку ў пікетах, але асноўная праца пройдзе ў паходах зборшчыкаў ад дзьвярэй да дзьвярэй.
Непадалёк ад Камароўкі подпісы за іншага кандыдата, Андрэя Саньнікава, зьбірае Аляксандар. Ён кажа, што толькі за 2 гадзіны тут сабралі 200 подпісаў:
«Людзі ідуць і бачаць наш стэнд, шмат зь іх падпісваецца, а ўжо потым глядзяць, хто гэта, і бачаць знаёмага чалавека. Настрой пазытыўны, людзі кажуць, што гэты лад, гэтая ўлада надакучыла і людзі гатовыя нешта рабіць, падпісвацца за любога кандыдата, а тым больш за нашага».
Мінакі сапраўды цікавяцца стэндам Саньнікава:
Спадар: «Дастойны кандыдат, варта падпісацца. Вось дастаю пашпарт… Усе дастойныя, акрамя Гайдукевіча, які ганьбіць сябе сваімі паводзінамі. 10 разоў ідзе — навошта?»
Большасьць апазыцыйных прэтэндэнтаў, як і Яраслаў Раманчук, таксама бяруць удзел у зборы подпісаў. Рыгор Кастусёў, напрыклад, сёньня стаяў у пікеце ля Акадэміі навук, а Ўладзімер Някляеў хоча асабіста сабраць подпісы ў грамадзян Беларусі, якія жывуць у Варшаве і прыйдуць на спэктакль «Пінская шляхта». Віталь Рымашэўскі зьбіраў за сябе подпісы ля менскага вакзалу. Ён кажа, што апрача збору подпісаў сябры ягонай ініцыятыўнай групы імкнуцца заангажаваць людзей у працэс назіраньня і змаганьне за свабодныя выбары:
«Я б зрабіў такі заклік і да іншых кандыдатаў, каб яны не загульваліся ў выбары. Таму што зараз можна вельмі добра падыгрываць Лукашэнку зь пікетамі, зборам подпісаў, ствараючы агульны антураж, што ў Беларусі ёсьць свабодныя выбары. Ня трэба забывацца, што справядлівага падліку галасоў ня будзе, рэгістраваць будуць толькі зручных кандыдатаў. Таму і пікеты, і сустрэчы зь людзьмі падчас абыходу кватэр мы будзем выкарыстоўваць у тым ліку на тое, каб запрашаць людзей на Плошчу і распавядаць, што вольных выбараў у Беларусі няма, і заклікаць іх падключыцца да кантролю за падлікам галасоў».
У Беларусі пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты.