Што для вас свабода?
Калі чалавек у ніводнай сфэры свайго жыцьця ня змушаны хлусіць і слухаць хлусьню.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Узровень адукацыі і пракляты беларускі канфармізм. Калі казаць пра асабістыя чыньнікі.
Што для вас шчасьце?
Калі дасягаецца раўнавага між тым, што мусіш, і тым, што можаш.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Часам сябе, часьцей Божага Суду.
Які талент вы хацелі б мець?
Скарыстаць бы толкам тыя, што ёсьць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Заходнебеларускім пакаленьнем, народжаным у 1920-я.
Што вы найбольш любіце рабіць?
«Нашу Ніву».
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Над адказам на такое пытаньне я хацеў бы падумаць яшчэ гадоў семдзесят… Калі сур’ёзна – вучыўся б больш старанна.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
«І гэта міне».
Які ваш улюбёны дэвіз?
Засьпеў яшчэ, як быў школьнікам, піянэрскую арганізацыю. Далей імкнуся жыць без дэвізаў.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Хацелася б пасьпець пажыць яшчэ ў часы парлямэнцкай рэспублікі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Як казалі ў той рэкламе – «Пры ўсім багацьці выбару іншай альтэрнатывы няма».
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
А і тут магчымасьці выбару няма. Дык які сэнс у пустых фантазіях? Мне трапіўся досыць цікавы і камфортны (калі параўнаць з нэалітам ці XVII стагодзьдзем) час, я не шкадую. Хоць, безумоўна, у нэаліце таксама было многа плюсаў.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Свабодныя СМІ.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Беларусь мусіць стаць часткай Эўразьвязу.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія, угрунтаваныя на ўзаемнай эканамічнай выгадзе.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Дыктатура нікому не «свая». Яна крадзе ў людзей жыцьці, абмяжоўваючы іх магчымасьці.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Як і папярэдні раз мянялася – калі новае палітычнае пакаленне будзе дастаткова моцным, каб ажыцьцявіць зьмену. Ніякія вонкавыя сцэнары тут не спрацуюць.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Памылкова меркаваць, што пераход на Мову – першы крок асобы да беларускасьці. Для многіх гэта будзе самым фінальным этапам нацыянальнага самаўсьведамленьня. Каб сёньняшнія расейскамоўныя загаварылі па-беларуску, ім трэба штодня чуць Мову з ТБ і радыё, на лекцыях ва ўнівэрсытэце, ад дзяцей, што прыходзяць з школы, і з вуснаў высокага начальства. І мы самі зьдзівімся, наколькі проста адбудзецца той пераход.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Сама пастаноўка пытаньня – супярэчлівая. Нягледзячы на 15 гадоў антынацыянальнай дзяржаўнай палітыкі, амаль чвэрць беларусаў назвалі беларускую мовай штодзённага ўжытку. Гэта гіганцкая лічба. Мова жыве.