Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Правы альянс” пад пагрозай ліквідацыі


Юрась Карэтнікаў на пікеце супраць наркаманіі і п’янства.
Юрась Карэтнікаў на пікеце супраць наркаманіі і п’янства.
Арганізацыя «Правы альянс» атрымала судовы пазоў ад намесьніка кіраўніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму Антаневіча Д.І., у якім сьцьвярджалася, што «Правы альянс» дзейнічае не адпаведна статутным мэтам, бо зьяўляецца палітычнай структурай. Арганізацыя зарэгістраваная як інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова.

Кіраўнік «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў паведаміў «Свабодзе»:

«Вясной была праверка на адпаведнасьць статутным мэтам цягам месяцу. Правяралі працу нашага сайту www.aljans.org. Прэтэнзій тады не было.

Я лічу, што цяперашняя сытуацыя зьвязаная з прэзыдэнцкімі выбарамі. Я не выключаю, што чыноўнікі праявілі ўласную ініцыятыву.

Магчыма, камусьці не падабаецца тое, што мы закранулі праблему вольнага абароту макавага насеньня ў Менску. Паводле нашай інфармацыі прыбытак пастаўшчыкоў макавага насеньня толькі ў сталіцы ў дзень складае 500 тысяч эўра».

Пазоў будзе разглядацца 15-га верасьня ў 12:40 у Менскім гаспадарчым судзе. Лідэр «Правага альянсу» лічыць гэта пачаткам ліквідацыі арганізацыі.

8 верасьня затрымалі актывіста арганізацыі Ігара Чапігу. Юрась Карэтнікаў лічыць, што ўлады распачалі масавую распрацоўку моладзевых нефармальных арганізацый.

«Калі мы перадавалі перадачу Ігару, то мы бачылі ў чарзе больш за 30 чалавек, якія таксама прынесьлі перадачы тым, каго затрымалі паводле падазрэньня ў датычнасьці да атакі на Расейскую амбасаду. Гэта былі бацькі футбольных фанатаў, анархістаў і г.д.», — заявіў Карэтнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG