Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва заводу гарачага ацынкоўваньня ў Лідзе пачнецца ў верасьні


Рашэньне пра будаўніцтва ў Лідзе завода гарачага ацынкоўваньня мэталяканструкцый прынятае. Згодна з праектам, будаўніцтва прадпрыемства пачнецца ў верасьні 2010 году, увод заводу ў эксплюатацыю плянуецца ў чацьвёртым квартале 2011 году. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі першы намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Пётар Віцязь.

Магутнасьць заводу — 30 тысяч тон у год. Спадар Віцязь адзначыў, што гадавая патрэба ў гарачым ацынкоўваньні ў Беларусі складае ня менш за 100 тысяч тон. На сёньняшні дзень ацынкоўваньне буйнагабарытных мэталаканструкцый для прадпрыемстваў Беларусі робяць заводы Расеі і Польшчы. У Беларусі падобных вытворчасьцяў няма. Спадар Віцязь таксама праінфармаваў, што ў найбліжэйшы час плянуецца будаўніцтва яшчэ двух аналягічных прадпрыемстваў у Гомельскай і Менскай абласьцях.

Распавядаючы пра тэхналягічны працэс на новым прадпрыемстве, першы намесьнік старшыні прэзыдыюму НАН канстатаваў, што ён будзе мець замкнёны цыкль: «Такім чынам, узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе будзе мінімальным».

У суботу ў Лідзе адбыліся грамадзкія слуханьні наконт будаўніцтва заводу гарачага ацынкоўваньня. Яны адбываліся без папярэдняга знаёмства грамадзкасьці з экспэртнымі высновамі па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Прысутныя акадэмікі і старшыня Лідзкага райвыканкаму Андрэй Худык заклікалі лідчанаў паверыць ім на слова, што завод бясшкодны для людзей. Многіх аднак іх словы не пераканалі. У самой Лідзе сабрана больш за 3 тысячы подпісаў супраць будаўніцтва небясьпечнай вытворчасьці побач зь мікрараёнам і вёскамі.

Паводле тэхналёгіі на новай вытворчасьці будуць выкарыстоўвацца вялікія аб’ёмы салянай кіслаты высокай канцэнтрацыі — да 200 тон у год з пэрспэктывай нарошчваньня магутнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG