Грамадзкія слуханьні па ўзьдзеяньню на навакольнае асяроддзе будучага завода гарачага ацынкаваньня адбываліся ў Лідзе ў перапоўненай залі старога Дома культуры абутнікоў.
Пасьля першых жа выступаў акадэміка Пятра Віцезя зь Менску, будучага дырэктара завода, Аляксея Боўфала людзі ў зале захваляваліся паколькі ў іх выступах нічога не гучала пра ўзьдзеяньне будучага прадпрыемства на навакольнае асяроддзе.
Акадэмік Віцязь, да прыкладу, прамаўляў пра эканамічную мэтазгоднасьць:
“Мы лічым, што для вобласьці і для горада гэта блага, паколькі гэта дазволіць ня толькі павялічыць аб’ёмы валавой прадукцыі, але і вырашыць многія тэхнічныя пытаньні…”.
Прысутныя пачалі перабіваць выступоўцаў:
Спадарыня з залі: “Вы нам скажыце пра дапушчальную канцэнтрацыю салянай кіслаты з паветрам… Што вы нам расказваеце?...”.
Нават акадэмік Іван Лішман, які непасрэдна займаецца праблемамі навакольнага асяроддзя, у сваім выступе не прыводзіў ніякіх канкрэтных дадзеных з экспэртызы заключэньня па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяроддзе.
“Так, на першым этапе можа і будуць нейкія праблемы, бо, канешне, прадпрыемства ўсё ж хіміка-тэхналягічнае, але яшчэ раз вам даводжу: невырашальных экалягічных праблемаў з гэтым прадпрыемствам няма”.
Пазьней высьветлілася, што экспэртнае заключэньне па ўзьдзеяньню прадпрыемства на навакольнае асяроддзе было падпісана толькі дзень таму і ня толькі аўдыторыя, але і самі навукоўцы не валодалі яго зьместам.
Выкрыўшы гэты факт, лідэр кампаніі “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў, які прысутнічаў у зале заявіў, што гэтыя слуханьні неправамоцныя на падставе таго, што ўлады насамрэч хаваюць ад людзей інфармацыю.
А вось мясцовы жыхар зьвяртаецца да старшыні райвыканкама:
Спадар: “У мяне прастое чалавечае пытаньне: хіба нельга было гэты завод аднесьці далей ад людзкіх агародаў. У вёсцы Шырокае 30 хатаў, у 10 зь іх жывуць інваліды 2 групы, яшчэ ў пяці – анкалёгія. Ну дык чаго ім чакаць ад гэтага завода, гэта ж не чакалядная фабрыка, а хімічнае прадпрыемства?”
Чыста па-чалавечы старшыня Лідзкага райвыканкама, спадар Худык, папрасіў прысутных папросту на слова яму паверыць, што завод бясшкодны.
Пасьля слуханьняў я звяртаўся да прысутных з пытаньнем – ці задаволілі іх адказы вучоных спэцыялістаў і прадстаўнікоў улады?
Спадар: “Катэгарчна не задаволеныя, бо на нашы канкрэтныя пытаньні не прагучала ніводнага канкрэтнага адказу”.
Спадар: “Была звычайная гаварыльня, усё забівалі, каб народ стаміўся і хутчэй разысьціся па хатах…”.
Спадарыня: “Не задаволеная я гэтымі слуханьнямі, бо нам ізноў лапшу на вушы вешаюць. Я адчула, што мы бездапаможныя і нічога зрабіць ня здолеем, хоць плач…”.