Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прызналі — пажары могуць прынесьці радыяцыю ў Беларусь


Верагоднасьць пранікненьня ў Беларусь радыенуклідаў з тэрыторыі Расеі існуе ў выпадку моцных пажараў у Бранскай вобласьці. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела радыяцыйнага кантролю Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Юрый Голікаў.


У інтэрвію БелаПАН спадар Голікаў патлумачыў, што пры высокай інтэнсіўнасьці пажару радыенукліды падымаюцца ў паветра, аднак адлегласьць, якую яны праходзяць, як правіла, невялікая — да 10 кілямэтраў. "Таму таго пад'ёму радыенуклідаў, які быў пры аварыі на ЧАЭС, з-за пажараў у лясох, канечне ж, быць ня можа", — лічыць Голікаў.

Паводле яго слоў, на сёньня радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі не зьмянілася, магутнасьць дозы гама-выпраменьваньня ня вырасла. Спэцыялісты вядуць маніторынг, і ў выпадку павышэньня ўзроўню радыяцыі будуць зьвяртацца ў МНС.

У сваю чаргу начальнік аддзела па аналізе інфармацыі і прагназаваньні ўзроўню забруджваньня паветра РЦРКМ Багдана Казярук заявіла, што пры захаваньні моцнай гарачыні і адсутнасьці ападкаў пажары ў суседніх абласьцях Расеі могуць зрабіць уплыў на стан паветра ў Беларусі. У прыватнасьці, ня выключана падвышэньне ўтрыманьня ў атмасфэры цьвёрдых часьціц пылу, дыаксыду серы і іншых шкодных рэчываў.

Паводле слоў Казярук, сёньня ў гарадох Беларусі адзначаецца падвышанае ўтрыманьне фармальдэгіду. Аднак, адзначыла спэцыяліст, такая сытуацыя тыповая ў пэрыяды высокай тэмпэратуры і пры адсутнасьці ападкаў. Часьцей за ўсё яна адзначаецца ў ліпені.

Тым часам міжнародная экалягічная арганізацыя Greenpeace папярэдзіла пра радыеактыўную небяспеку з-за пажараў у Расеі, дзе гараць раёны, заражаныя ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Як паведамляюць замежныя СМІ, у некаторых краінах Заходняй Эўропы ўжо распачалі вымярэньне ўзроўню радыяцыі ў паветры, апасаючыся "чарнобыльскага воблака".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG