Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы тэмпэратурны рэкорд. У Васілевічах — 39,2


Анамальная сьпёка гэтага лета ў Беларусі сталася прычынай эканамічных стратаў у шэрагу галін гаспадаркі краіны. Адмыслоўцы зараз падлічваюць страты і плянуюць рэгуляваньне працы ў адпаведнасьці з кліматычнымі зьменамі. Тым часам сыноптыкі Беларускага гідрамэтэацэнтру паведамляюць, што на Беларусь насоўваецца новая хваля сьпёкі з Расеі.

У Беларусі пабіты абсалютны рэкорд максымальнай тэмпэратуры паветра: у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёну зафіксавана 39,2 градусы цяпла. Папярэдні найвышэйшы паказчык тут быў адзначаны ў 1946 годзе і склаў 38 градусаў. Ад навальніцаў і шквалістага ветру з градам, якія суправаджаюць сьпёку, загінуў адзін чалавек. Анамальная тэмпэратура гэтага лета нанесла страты шэрагу галінаў эканомікі краіны, асабліва сельскагаспадарчай і энэргетычнай, паведаміла кіраўніца аддзелу клімату Белгідрамэту Алена Камароўская:

«Тэндэнцыя росту тэмпэратуры — яна станоўча ўплывае на рост збожжавых культур, кукурузы, сланечніку. Але ў горшай сытуацыі апынуліся капуста, бульба, лён. Ёсьць і іншыя нэгатыўныя тэндэнцыі ў сельскай гаспадарцы ў выніку гэтага пацяпленьня — павялічваецца колькасьць засушлівых зьяў. Пацяпленьне моцна паўплывала і на паліўна-энэргетычны комплекс: менш цяпла выкарыстоўваецца для ацяпленьня, але больш энэргіі — для кандыцыянаваньня».

Ад моцнай сьпёкі цярпіць таксама транспартная, лясная, камунальная гаспадарка краіны. Памер гэтых стратаў яшчэ толькі плянуюць падлічыць, аднак, каб зьменшыць адмоўны ўплыў клімату на эканоміку, складзены плян карэктаваньня працы ў шэрагу галінаў. Тым часам парадамі адмыслоўцаў Белгідрамэту і МНС у зацікаўленых установах не заўсёды карыстаюцца, кажа дырэктар Дэпартамэнту гідрамэтэаралёгіі Марыя Гермянчук:
На правады падаюць дрэвы, якія вырасьлі ў паласе, адведзенай для лініі электраперадачы — там, дзе іх не павінна быць.

«Неабходна, каб органы дзяржкіраваньня рабілі захады, каб зьменшыць наступствы надзвычайных тэмпэратур ці навальніцаў. На жаль, ня ўсе эфэктыўна карыстаюцца нашымі прагнозамі. Да прыкладу, апошнія паведамленьні, што падчас навальніцы без электрычнасьці застаецца шэраг населеных пунктаў. Гэта зьвязана з тым, што на правады падаюць дрэвы, якія вырасьлі ў паласе, адведзенай для лініі электраперадачы — там, дзе іх не павінна быць. Гэта няправільна, а таму трэба працаваць на прадухіленьне надзвычайнага становішча, пра якое мы ўвесь час кажам».

Тым часам сыноптыкі Беларускага гідрамэтцэнтру паведамляюць, што 12 жніўня ў Беларусь ізноў вяртаецца сьпякотнае надвор’е. Гарачае паветра пачне паступаць з тэрыторыі Расеі, кажа начальнік службы прагнозаў Дзьмітры Рабаў:

«Заўтра тэмпэратура паветра складзе 27-30 градусаў цяпла. У наступныя дні тэмпэратура будзе дасягаць 29-37 градусаў. Найвышэйшыя паказчыкі будуць адзначаныя ў выходныя дні, калі днём слупок тэрмомэтра падымецца да 39 градусаў цяпла. Такое ж надвор’е захаваецца і на пачатку наступнага тыдня.

У Менску 12 жніўня чакаецца 28-30 градусаў цяпла, у выходныя дні — 32-34 градусы. Сьпёка будзе суправаджацца навальнічнымі дажджамі і шквалістым узмацненьнем ветру, ня выключаны таксама град».

Паслабленьне сьпёкі сыноптыкі прагназуюць толькі напрыканцы наступнага тыдня. Ад 18-19 жніўня дзённыя тэмпэратуры зьменшацца да 23-29 градусаў. У трэцяй дэкадзе жніўня максымальная тэмпэратура складзе 18 — 25 градусаў, але ў асабліва гарачыя жнівеньскія дні ня выключана яе павышэньне да 30 градусаў цяпла. Паводле папярэдніх зьвестак, традыцыйным кліматычным нормам для Беларусі будзе адпавядаць верасень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG