Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары раяць, як паводзіць сябе ва ўмовах смогу


Рэкордная сьпёка, якая назіраецца ў Беларусі, не зьбіраецца адступаць. У чацьвер у Беларусі абвешчана трэцяя паводле пяцібальнай шкалы ступень пажарнай небясьпекі.


Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый, усяго ў лясох і на тарфяніках краіны зафіксаваныя 420 пажараў, якія ахапілі больш за 260 га. Тым часам у шэрагу раёнаў Гомельшчыны і Віцебшчыны, дзе пажараў не было, таксама пацягнула дымам. Як кажуць прадстаўнікі Гідрамэтэацэнтру, яго прынесла ветрам з Расеі і Ўкраіны, дзе па-ранейшаму шугаюць лясныя і тарфяныя пажары. Адмыслоўцы МНС Украіны сярод іншага адзначаюць вельмі пажаранебясьпечныя абставіны ў чарнобыльскай зоне. Паводле іхніх слоў, пры пажары ў забруджаным радыяцыяй лесе ёсьць небясьпека, што радыяактыўныя рэчывы разьляцяцца з дымам на значныя адлегласьці.

У сувязі са складанымі экалягічнымі абставінамі міністэрствы аховы здароўя Расеі і Ўкраіны распрацавалі для грамадзянаў правілы паводзінаў у такіх умовах.

Пры смогу і задымленасьці паветра грамадзянам раяць зачыняць вокны, насіць марлевыя павязкі і радзей выходзіць на двор, бо дым — фактар рызыкі для лёгкіх, бронхаў, скуры і сьлізістых абалонак. Таксама зьвяртаецца ўвага на магчымасьць алергічных рэакцый. Шмат хто скардзіцца на сьлёзы ў вачох, пяршэньне ў горле, галаўны боль і галавакружэньне, стомленасьць, млосьць, ваніты.

На час смогу лепш адмовіцца ад кантактных лінзаў і снатворных

Цяперашні смог дадаў клопату спэцыялістам самых розных галін мэдыцыны. Паводле оталярынголягаў, калі доўга дыхаць едкім дымам, можа пачацца атручэньне, бо прадукты гарэньня трапляюць праз дыхальныя шляхі ў кроў, а потым разносяцца па ўсім целе, узьдзейнічаючы на зрок, слых, нэрвовую і іншыя сыстэмы арганізму.

Як сьведчаць тэрапэўты, задымленае паветра перашкаджае ня толькі дыханьню, але і нармальнаму якаснаму сну. Гэта вельмі шкодна, бо падчас сну з арганізму выводзяцца шкодныя рэчывы, адбываецца сынтэз некаторых гармонаў, аднаўляецца іённы балянс. Мэдыкі раяць, аднак, ня злоўжываць снатворнымі прэпаратамі.

Вельмі шкодны дым лясных і тарфяных пажараў для тых, хто мае хранічныя захворваньні вачэй. Афтальмолягі раяць сваім пацыентам запасьціся адпаведнымі лекамі і менш бываць у агрэсіўным для вачэй асяродзьдзі.
Прадукты хімічнага гарэньня трапляюць праз дыхальныя шляхі ў кроў, а потым разносяцца па ўсім арганізьме, уплываючы сярод іншага на зрок, слых, агульнае самаадчуваньне ...


Дзеля прафіляктыкі гэтыя хворыя павінны капаць у вочы раніцай і ўвечары прызначаныя лекарамі кроплі. Тым, хто працуе з кампутарам, пажадана ўжываць прэпараты супраць "сухіх вачэй" – так званую "натуральную" або "штучную сьлязу", якія ёсьць у кожнай аптэцы. Спэцыялісты таксама рэкамэндуюць зьняць у смог кантактныя лінзы і перайсьці на акуляры. Дарэчы, ахоўныя акуляры, кшталту матацыклетных, пры сьпякоце і задымленым паветры варта мець кожнаму.

Лічыцца, што сам па сабе дым дзейнічае на вочы дваяка. Па-першае, ідзе раздражненьне нэрвовых канчаткаў, што выклікае адчуваньне сьвятлабоязі, сьлёзацячэньне, адчуваньне парушынак у воку. Акрамя таго, дым нясе ў сабе хімічныя рэагенты, якія могуць растварацца ў сьлёзнай вадкасьці, і тады ўзьнікае таксычнае паражэньне вока. Сымптомы таксычнага паражэньня ідэнтычныя тым, якія разьвіваюцца пры раздражненьні дымам нэрвовых канчаткаў вока.

Шмат піць і не купляць кавуноў на вуліцы

Каб зьнізіць агульнае таксычнае ўзьдзеяньне, рэкамэндуецца, калі няма супрацьпаказаньняў, прымаць полівітаміны, ужываць лёгказасваяльную, багатую на вітаміны і мінэральныя рэчывы ежу, аддаючы перавагу гародніне і садавіне. Пры гэтым ня варта купляць на вуліцы кавуны, якія ляжаць даўжэй за тыдзень. Бо яны, як губка, усмоктваюць усялякія таксіны.

Таксама лекары раяць шмат піць, асабліва мінэральную і падсоленую ваду, а таксама малочнакіслыя напоі. А вось газаваныя напоі лепш выключыць з рацыёну. Катэгарычна не рэкамэндуецца прымаць алькагольныя напоі і піва. Таксама пажадана не курыць.

Калі пах дыму мацнее, варта надзяваць змочаныя вадой марлевыя маскі. Асабліва гэта тычыцца старых, дзяцей і тых, хто мае хранічныя хваробы: сардэчна-судзінныя захворваньні, цукровы дыябэт, хранічныя захворваньні лёгкіх, тую ці іншую алергію. Акрамя гэтага, у памяшканьнях варта штодня праводзіць вільготнае прыбіраньне. Ня трэба, аднак, захапляцца кандыцыянаваньнем паветра, бо старыя кандыцыянэры могуць выклікаць вельмі сур’ёзныя хваробы.

Палёгку павінны прынесьці прамываньне носа і горла, а таксама прахалодны душ некалькі разоў на дзень. Выбіраючы адзеньне, трэба аддаваць перавагу натуральным тканінам, нагадваюць мэдыкі.

Лекары таксама зьвяртаюць асаблівую ўвагу маладых бацькоў на тое, каб малым да 1 году ў пару сьпякоты і задымленасьці ня ўводзіўся новы прыкорм. Паколькі такія дый старэйшыя дзеці асабліва ўразьлівыя на чадны газ, беларускія мэдыкі раяць бацькам устрымацца ад паездак на вакацыі ў рэгіёны зь неспрыяльнай экалягічнай сытуацыяй, напрыклад, на расейскі поўдзень ці ў Падмаскоўе, бо, паводле прагнозаў, дым яшчэ будзе некаторы час далятаць туды.

Прадукты хімічнага гарэньня трапляюць праз дыхальныя шляхі ў кроў, а потым разносяцца па ўсім арганізьме, уплываючы сярод іншага на зрок, слых, агульнае самаадчуваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG