Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь шукае, дзе яшчэ пазычыць грошы


У жніўні Беларусь плянуе вывесьці на расейскі рынак свае фінансавыя паперы. А да канца сёлетняга году мае намер асвоіць і азіяцкі рынак. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч. Гэтыя спробы сьледам за разьмяшчэньнем эўрабондаў у Эўропе галоўны банкір назваў новымі формамі фінансавага запазычваньня.

Старшыня Нацбанку назваў разьмяшчэньне беларускіх эўрабондаў на зьнешнім рынку "вялікім посьпехам". Ён сказаў, што сумарны кошт гэтых каштоўных папер складае 500 мільёнаў эўра. А ахвота набыць іх ужо заяўлена на суму 1 мільярд 600 мільёнаў эўра. Аналітыкі зьвязваюць такі попыт з высокім працэнтам прыбытку для тых, хто набывае гэтыя паперы — аж 9%.

Пётар Пракаповіч сказаў, што выхад на расейскі фінансавы рынак у жніўні складзе дзесьці 100—200 мільёнаў эўра. Невялікі памер сумы ён патлумачыў тым, што гэта толькі першы крок і "трэба празандаваць расейскі рынак". Велічыню эўрабондаў, якія будуць накіраваныя ў азіяцкі рэгіён, ён не назваў, але даў зразумець, што гэта будуць немалыя грошы:

"Азіяцкі рынак зьяўляецца адным з самых эфэктыўных, у тым ліку і паводле кошту разьмяшчэньня, і паводле колькасьці каштоўных папер. Гэта — дастаткова ёмкі рынак, і нам трэба яго асвойваць. І калі мы пачалі разьмяшчэньне эўрабондаў з Эўропы, сьледам у Расеі, то патрэбна і Азія.

Прафэсар Барыс Жаліба лічыць, што да новых формаў пазычаньня грошай Беларусь вымушае адсутнасьць новых крэдытаў ад МВФ і Расеі: "І таму стварыўся вакуўм. Да завяршэньня году зьнешніх пазыкаў ад МВФ і ад Расеі ня будзе. І таму гэты вакуўм можна запоўніць толькі ў форме аблігацыйных пазыкаў".

Тое, што МВФ не сьпяшаецца зноў фінансаваць Беларусь, пацьвердзілася і падчас прэсавай канфэрэнцыі. Журналісты спыталіся ў Пятра Пракаповіча: а навошта разьмяшчаць эўрабонды пад 9%? Ці ня лепей было б скарыстаць крэдыты МВФ?

Старшыня Нацбанку на гэтае пытаньне адказаў так: "Па-першае, МВФ не дае нікому рэсурсы без выкананьня асаблівых умоваў. А асаблівыя ўмовы не заўжды садзейнічаюць эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Таму да МВФ вельмі мала хто зьвяртаецца. Таму трэба рабіць высновы. Павінна быць рэальна ўсё ў гэтым сьвеце".

Барыс Жаліба тлумачыць: "МВФ ставіць умовы, скіраваныя на лібэралізацыю беларускай эканомікі. Напрыклад, каб за жыльлёва-камунальныя паслугі насельніцтва плаціла 100%. Гэта сёньня немагчыма. Альбо каб стваралі прыватызацыйнае агенцтва, паскаралі прыватызацыю. А гэта не супадае ў дынаміцы з плянамі ўраду. І так атрымлівалася, што частка ўмоваў МВФ беларускім урадам выконвалася, а частка — не".


Пётар Пракаповіч: Беларусі пакуль не патрэбныя крэдыты МВФ


Беларусь пакуль што ня мае патрэбы ў новых крэдытах МВФ, аднак не выключае залучэньня сродкаў фонду ў пэрспэктыве – пра гэта ў чацьвер, як паведамляе “Інтэрфакс”, заявіў кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч.

Старшыня праўленьня Нацбанку ня бачыць на сёньняшні дзень рэальных крокаў для магчымага ўвядзеньня адзінай валюты ў рамках Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану.

“Каб весьці размову аб стварэньні адзінай валютнай сыстэмы, трэба вырашыць элемэнтарнае пытаньне: найбліжэйшым часам расейскі рубель павінен стаць рэальнай рэзэрвовай валютаю ў СНД. Але апрача размоваў на гэтую тэму нічога ня робіцца”, – заявіў Пракаповіч на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Закрануўшы тэму золатавалютных рэзэрваў Беларусі, кіраўнік Нацбанку выказаў думку, што да канца гэтага году яны вырастуць з 5,5 мільярдаў даляраў на 1 ліпеня да 6,2 – 7 мільярдаў даляраў. Паводле Пракаповіча, золатавалютныя рэзэрвы мяркуецца папоўніць за кошт урадавых праграмаў прыватызацыі, замежных запазычаньняў і – найперш – чаканага ў другім паўгодзьдзі далейшага павелічэньня тэмпаў росту валютнай выручкі.

Пракаповіч спадзяецца, што санкцыі не закрануць беларускія банкі іранскага паходжаньня


Санкцыі Эўразьвязу і ЗША супраць Ірану не будуць распаўсюджаныя на два банкі іранскага паходжаньня, якія працуюць у Беларусі. Такое меркаваньне выказаў сёньня старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч на сваёй прэсавай канфэрэнцыі:

"Санкцыі носяць мэтавы характар і зьвязаныя з фінансаваньнем вытворчасьці ядзернага паліва і нафтахімічнага комплексу. А беларускія банкі іранскага паходжаньня працуюць у іншых кірунках: купляюць мірную прадукцыю, харчы. Таму і санкцыяў у дачыненьні да іх не павінна быць".

У Беларусі працуюць два банкі іранскага паходжаньня – "Онэрбанк" і "Банк гандлёвы капітал".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG