Нельга карміць, лячыць, аб’яжджаць
Тарпанападобных коней завезьлі ў Беларусь у жніўні 2019 году. Табун з 151 каня перадалі зь Нідэрляндаў бясплатна, бо там іх стала зашмат. Спачатку коні жылі ў Налібацкай пушчы, у заказьніку. Ён камфортна зьмяшчае да 300 галоваў. Калі больш, то ім будзе цесна. Потым жывёлаў пачалі расьсяляць па краіне. Цяпер тарпанападобныя коні жывуць у пойме Прыпяці, Дзьвіны, у Белавескай пушчы, заказьніку на Спораўскіх балотах на Палесьсі.
Паводле ўмоваў нідэрляндзкага праекту, коней нельга прыручаць і падкормліваць, апрача пэрыяду моцных маразоў. А таксама аказваць вэтэрынарную дапамогу, абараняць ад драпежнікаў. Калі асядлаць аднаго такога каня, пагражае штраф да 1000 эўра.
Не вярнулі, а вывелі штучна
Тарпаны — гэта дзікія коні зь лясоў і стэпаў Эўропы. Жылі стагодзьдзі таму і на беларускіх землях. Яны ніжэйшыя ростам за свойскіх коней, мышынага колеру, на сьпіне мелі чорную паласу, чорная грыва ў іх стаяла дыбарам.
Кароль Ягайла ладзіў паляваньні ў Белавескай пушчы. Акрамя нарыхтоўкі мяса, падчас паляваньняў лавілі арканамі тарпанаў, аб’яжджалі і папаўнялі імі славутую на ўсю Эўропу літоўскую коньніцу. Тарпаны былі цягавітыя і непатрабавальныя, пісаў біёляг Андрэй Баньнікаў у кнізе пра запаведнікі Савецкага Саюзу. Яны маглі ўдзельнічаць і ў Грунвальдзкай бітве.
Беларускі эколяг Фёдар* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) у гутарцы са Свабодай патлумачыў, што цяпер няма гаворкі пра вяртаньне тарпанаў у Беларусь або пра іх адраджэньне. Тарпанаў у сьвеце зьнішчылі цалкам. Апошнія памерлі ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагодзьдзя. Тарпанападобныя коні — гэта штучна выведзены з свойскіх коней гатунак, які зьнешне нагадвае тарпанаў.
«Гэта дазваляе захаваць успамін пра іх», — кажа экспэрт.
Ён прыводзіць у прыклад падобную сытуацыю з турападобным быком. Туры вымерлі, але сэлекцыянэры вывелі гатунак, які зьнешне да іх падобны.
Прыцягнуць кнігаўку, качак, чаек, аленяў, зуброў
Тарпанападобных коней прывозяць у Беларусь, каб яны выконвалі функцыю свойскай жывёлы, тлумачыць эколяг. Яны павінны скубсьці высокую траву і падтрымліваць балоты, вільготныя лугі ў больш-менш адкрытым стане.
«Сотні гадоў чалавек жыў проста на зямлі, пасьвіў каровы, авечкі, гусі. А ў апошнія 30 год хутка ўсё зьмянілася. Апошнія пакаленьне-два перасталі жыць у вёсцы, перасталі хацець пасьвіць каровы. Зьявіліся тэхналёгіі жывёлагадоўлі. Ты іх закрываеш, колеш, корміш, і ты гарантавана атрымліваеш прырост у кантраляваных умовах», — кажа суразмоўца.
Такая адкрытая тэрыторыя будзе прыцягваць іншыя віды. Перадусім гэта птушкі: кнігаўка, кулікі, вяртлявая чаротаўка, дубальт, качкі, чайкі. Ім лягчэй гнездавацца і знаходзіцца на расчышчанай коньмі тэрыторыі. Да таго ж выпас жывёлаў робіць глебу больш угноенай і ў выніку ўрадлівай, а значыць, на ёй расьце лепшы харч для птушак.
«Ім там вельмі падабаецца, бо там мокра, адкрыта, трошачкі купінкі ёсьць, багатая глеба, багатая вада. Праз угнаеньне там хутка ўсё расьце. Таму ствараюцца добрыя ўмовы для іх», — кажа Фёдар пра птушак.
Акрамя птушак, тарпанападобныя коні ствараюць лепшыя ўмовы для зуброў і аленяў. Тыя атрымліваюць сьвяжэйшую траву. Аднак пакуль тарпанападобных коней завезьлі настолькі мала, што яны яшчэ нічога не мяняюць у ляндшафце, мяркуе эколяг.
«Іхні ўплыў адносна малы», — кажа ён.
Калі ў будучыні іх стане больш, на думку суразмоўцы, яны больш будуць уплываць на асяродзьдзе. Гэтыя коні маюць вырашаць у Беларусі пэўныя задачы. Прыкладам, спрыяць захоўваньню кнігаўкі.
Зьнікненьне відаў уплывае на чалавека
Эколяг мяркуе, што зьнікненьне відаў — гэта непрыемны працэс, які паказвае, наколькі чалавек зьмяняе вакол сябе асяродзьдзе ў бок спрашчэньня. Калі зьнікне, прыкладам, кнігаўка, гэта стане індыкатарам зьмены ўмоваў. Разам з кнігаўкай зьнікне шэраг іншых відаў.
«Мы проста губляем багацьце экасыстэм, генэтычную, ляндшафтную разнастайнасьць вакол нас», — кажа суразмоўца.
Паводле Фёдара, зьнікненьне відаў можна ўспрымаць як страту каштоўнасьці. Можна таксама заўважаць, што страта відаў адбіваецца на чалавеку, які вырас у прыродзе і залежыць ад прыроды.
«Спрошчваньне экасыстэм мы можам ня бачыць, не адчуваць, але на самой справе яно можа быць адчувальным. Гэта значыць, што нейкія імунныя працэсы будуць закранутыя. Мы як біялягічны від ня можам сябе ізаляваць ад багацьця экасыстэм вакол. Мы можам згубіць нешта, ад чаго мы залежым», — кажа ён.
Да таго ж спрашчэньне прыроды зьмяншае адаптыўнасьць экасыстэм жывой абалонкі плянэты, зьмяншае магчымасьць стабілізаваць умовы, у якіх чалавек можа існаваць.
Зьнікае палескі конік
Суразмоўца заўважае, што тарпанападобныя коні прадстаўляюць адносную каштоўнасьць для Беларусі.
«Гэта не тарпан, які зьнік, ня нашая спадчына», — кажа ён.
Але пакуль у Беларусі займаюцца расьсяленьнем штучна выведзеных, заведзеных з-за мяжы тарпанападобных коней, у краіне зьнікае мясцовы гатунак — палескі конь. Ён сфармаваўся ў гаспадарках на Палесьсі ў сытуацыі ізаляванасьці, складаных умоваў для жыцьця. Таму ён таксама вельмі трывалы, невялікі, малапатрабавальны, тлумачыць эколяг.
«Ён таксама можа жыць на заліўных лугах Прыпяці, выпасацца, рабіць карысьць для прыродаахоўнай справы. І пры гэтым ён — наш карэнны здабытак. Калі мы накіроўваем увагу на тое, каб узяць чужое бясплатна, забываем пра сваё, што зьнікае. Мы маглі б сваіх палескіх коней разводзіць, захоўваць генэтычны матэрыял, падтрымліваць пароду», — кажа Фёдар.
Беларусы рызыкуюць згубіць свой гатунак коней, які сфармаваўся на пэўнай тэрыторыі, кажа экспэрт.
«Калі яны згубяцца, нічога такога не адбудзецца, плянэта не абрынецца ў бездань. Але для беларусаў згубіцца частка прыроднай і культурнай гісторыі, магчыма, незваротна», — мяркуе эколяг.
Форум