Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы расьсьледуюць прычыны пашкоджаньня на ўчастку нафтаправода «Дружба» каля горада Пневы


На адным з участкаў нафтаправоду «Дружба» у Польшчы. Ілюстрацыйнае фота
На адным з участкаў нафтаправоду «Дружба» у Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Выцек выявілі 1 сьнежня на адной зь нітак заходняга ўчастку, па якім нафта паступае на НПЗ у Нямеччыне.

У польскай кампаніі PERN, якая ажыцьцяўляе кіраваньне нафтаправодам «Дружба», паведамілі аб расьсьледаваньні прычын выцяканьня нафты на ўчастку каля горада Пневы ў Вялікапольскім ваяводзтве.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі, выцек выявілі раніцай 1 сьнежня на адной зь дзьвюх нітак заходняга ўчастку, па якім сырая нафта паступае на нафтаперапрацоўчы завод у Нямеччыне.

Прапампоўваньне па пашкоджанай нітцы неадкладна спынілі, а пастаўкі нафты працягваюцца па другім маршруце, тэхнічныя магчымасьці якога цалкам забясьпечваюць патрэбы прадпрыемства ў нафце.

На месцы працавалі тэхнічныя службы кампаніі PERN і Пажарнай службы Польшчы. Цяпер праводзяцца работы для замены разгермэтызаванага ўчастку трубаправоду.

«Работы не паўплываюць на пастаўкі нафты і працу рэспубліканскай дарогі (пад якой выявілі выцяканьне. — РС). Пагрозы для мясцовых жыхароў няма. Прычыны інцыдэнту на гэты момант невядомыя і будуць расьсьледаваныя ўнутраным камітэтам, які дзейнічае ў PERN», — адзначылі ў кампаніі.

«Дружба» — найбуйнейшая ў сьвеце сыстэма магістральных нафтаправодаў, пабудаваная ў 1960-я гады для паставак нафты ў краіны Савета эканамічнай узаемадапамогі, вядомай як СЭВ — у Вугоршчыну, Чэхаславакію, Польшчу і ГДР.

Маршрут праходзіць з Расеі ад Альмецьеўска да Бранска, потым да беларускага Мазыра, дзе разгаліноўваецца на два ўчасткі: паўночны (праходзіць па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Латвіі і Літвы) і паўднёвы (па тэрыторыі Ўкраіны, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны і Харватыі.

Магутнасьць заходняга ўчастку, які праходзіць праз Польшчу, складае 27 мільёнаў тон нафты на год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG