Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэты аўганскай вайны апублікаваныя


У заходніх мэдыях зьявілася сэрыя матэрыялаў, якія базуюцца на сакрэтных амэрыканскіх дакумэнтах наконт вайны ў Аўганістане. З такімі публікацыямі выйшлі брытанская Guardian, амэрыканская New York Times і немецкая Der Spigel.

Што ў дакумэнтах?


New York Times, Guardian i Der Spiegel атрымалі гэтыя сакрэтныя дакумэнты — каля 92 тысяч паведамленьняў і справаздачаў амэрыканскай выведкі аб ходзе канфлікту ў Афганістане — ад арганізацыі пад назвай WikiLeaks некалькі тыдняў таму. WikiLeaks перадала гэтыя дакумэнты пад умовай, што згаданыя выданьні апублікуюць свае матэрыялы толькі пасьля 25 ліпеня, гэта значыць, пасьля публікацыі дакумэнтаў на сайце арганізацыі.

Сакрэтныя дакумэнты датычаць пэрыяду ад студзеня 2004 да сьнежня 2009 году.

Паводле New York Times, дакумэнты праліваюць сьвятло на некаторыя моманты аўганскай вайны, якія наогул былі схаваныя ад грамадзкасьці.

Між іншым, піша газэта, з дакумэнтаў вынікае, што талібы выкарыстоўвалі пераносныя ракеты з цеплавой сыстэмай саманаводкі, аб чым вайскоўцы не паведамлялі шырэйшай грамадзкасьці.

Паводле New York Times, ЗША ў Аўганістане выкарыстоўваюць у штораз большай ступені сакрэтныя падразьдзяленьні, якія палююць на камандзіраў талібаў. У сьпіску "захапіць і/або забіць", складзеным для гэтых падразьдзяленьняў, знаходзіцца каля 70 прозьвішчаў.

Дакумэнты таксама сьведчаць аб вялікай колькасьці цывільных ахвяраў вайны.
Амэрыканцы выкарыстоўваюць у вайне з талібамі бесьпілётныя самалёты, але эфэктыўнасьць гэтай зброі значна ніжэйшая, чым афіцыйна паведамляецца. Шматлікія бесьпілётнікі псуюцца ў паветры і не далятаюць да сваіх мішэняў, прымушаючы амэрыканскіх вайскоўцаў пачынаць рызыкоўныя пошукі такіх самалётаў і абсталяваньня на іх, каб яно ня трапіла ў рукі талібаў.

Дакумэнты таксама сьведчаць аб вялікай колькасьці цывільных ахвяраў вайны, якія гінуць ня толькі ў выніку бамбаваньня цывільных аб’ектаў, але і ў шматлікіх інцыдэнтах, якія вынікаюць з хаосу, непаразуменьняў і празьмернай асьцярожнасьці вайскоўцаў.

Асаблівы акцэнт The New York Times робіць на паведамленьні, якія сьцьвярджаюць, што пакістанскія выведныя службы дапамагаюць талібам, хоць Пакістан афіцыйна лічыцца саюзьнікам ЗША.


Рэакцыя Белага дому


У афіцыйнай заяве наконт публікацыі дакумэнтаў Белы дом падкрэсьліў, што непрывабная карціна аўганскай вайны мела месца да пачатку рэалізацыя новай аўганскай стратэгіі прэзыдэнта Барака Абамы.

Бэнджамін Роўдс, дараднік прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай абароны, сказаў The New York Times, што рашэньне Барака Абамы ў сьнежні 2009 году выслаць у Аўганістан дадатковы кантынгент 30 тысяч вайскоўцаў было якраз спробай прэзыдэнта выправіць "сур’ёзную сытуацыю" ў гэтай краіне.

Газэты вырашылі не публікаваць імёны людзей, якія выступаюць у сакрэтных справаздачах.
Паводле Роўдса, Белы дом "моцна асуджае публікацыю сакрэтнай інфармацыі, якая ставіць пад пагрозу жыцьці амэрыканскіх і саюзьніцкіх вайскоўцаў ды нашу нацыянальную бясьпеку".

The New York Times падкрэсьлівае, што ўсе тры газэты, якія атрымалі дакумэнты ад WikiLeaks, пастанавілі не публікаваць дадзеныя, якія маглі б нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы ЗША. У прыватнасьці, газэты вырашылі не публікаваць імёны людзей, якія выступаюць у сакрэтных справаздачах.

Газэта інфармуе, што прадстаўнікі амэрыканскай улады "ня ставяць пад сумнеў аўтэнтычнасьць інфармацыі", якая трапіла ў рукі журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG