Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На катамаране па Дняпры — у гонар Караткевіча


У гонар сёлетніх 80-х угодкаў пісьменьніка стартавала водная экспэдыцыя "З Уладзімерам Караткевічам ад Воршы да Рагачова". Шасьцёра ўдзельнікаў на катамаране мяркуюць праплыць па маршруце Ворша — Ляўкі — Магілёў — Баркалабава — Быхаў — Рагачоў.

Водная экспэдыцыя "З Уладзімерам Караткевічам ад Воршы да Рагачова", якая стартавала сёньня, разьлічаная на шэсьць дзён. За гэты час удзельнікі наведаюць мясьціны, так ці інакш зьвязаныя з жыцьцём славутага пісьменьніка-земляка. Уладзімер Караткевіч таксама шмат вандраваў па Дняпры і наведваў тыя самыя мясьціны, якія маюць наведаць шасьцёра ўдзельнікаў сплаву на катамаране — гэта Ляўкі, Магілёў, Баркалабава, Быхаў і Рагачоў.

Сярод арганізатараў вандроўкі — аршанскі музэй Уладзімера Караткевіча. Але, як распавяла дырэктарка музэю Галіна Юркевіч, ініцыятыва паходзіла не ад іх, а ад аматараў творчасьці пісьменьніка:

Галіна Юркевіч
"Ініцыявалі гэта прыхільнікі творчасьці Караткевіча, група аршанцаў. А падтрымалі ўжо музэй Караткевіча, гарадзкі аддзел культуры, цэнтар дзіцячага турызму. Шмат людзей сабралася перад пачаткам. Усклалі кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу, прачыталі вершы, музыка гучала, песьні на словы Караткевіча. Прыйшлі і гарадзкія ўлады. А Падняпроўе — гэта ж самыя мясьціны Караткевіча, ён быў улюблены ў Дняпро і ў гэтыя вёсачкі і гарады".

У воднае падарожжа сярод іншых выправіліся супрацоўніцы музэю Караткевіча — Вольга Пашковіч і Тацяна Груца. Таксама вандруе па Дняпры і вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які падзяліўся першымі ўражаньнямі — распавёў, што самым прыгожым мясьцінам у навакольлі ўдзельнікі сплаву надаюць імя Караткевіча:

"Ужо ёсьць Караткевічаў стод, Караткевічаў паўпагорак… Што яшчэ ня мае назвы, але нам падабаецца, тое і называем. Зараз во плывём да крынічкі імя Ўладзімера Караткевіча, там будзе невялікі прыпынак, набярэм вады. І рушым на Ляўкі, там нас будуць чакаць слухачы".

Адна з мэтаў экспэдыцыі — культурніцка-асьветніцкая: удзельнікі ня толькі плывуць на катамаранах, наведваючы пэўныя мясьціны, але і сустракаюцца па дарозе зь мясцовымі жыхарамі. Перад імі будуць сьпяваць і Андрэй Мельнікаў, і ня менш вядомая Кася Камоцкая, якая далучыцца да вандроўнікаў пазьней.

Увогуле, кажуць арганізатары, далучыцца можа кожны ахвотны на ўсім, што плавае. У будучыні экспэдыцыю плянуюць зрабіць больш масавай і штогадовай — так кажа Галіна Юркевіч, дырэктарка музэю Ўладзімера Караткевіча, якая ўжо цяпер займаецца падрыхтоўкай да сьвяткаваньня юбілею пісьменьніка.

Уладзімер Караткевіч нарадзіўся ў Воршы 26-га лістапада 1930-га году, і да ягоных 80-х угодкаў на малой радзіме зьбіраюцца правесьці цэлы шэраг імпрэзаў. Да прыкладу, будзе ладзіцца 3-я міжнародная навуковая канфэрэнцыя "Ўладзімер Караткевіч. Глябальны погляд".

Напярэдадні 80-х угодкаў таксама будуць падсумаваныя вынікі літаратурнага конкурсу, абвешчанага Віцебскай філіяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Да 1-га лістапада літаратурныя працы можна дасылаць на адрас nashkonkurs2010@gmail.com . Пераможцаў таксама чакае вандроўка па караткевіцкіх мясьцінах.

Віталь Воранаў і Галіна Юркевіч

Кветкі да помніка Караткевічу ўскладае Андрэй Мельнікаў

Экспэдыцыя рыхтуецца да сплаву
Праводзіны на беразе

На катамаране – па Дняпры

Андрэй Мельнікаў выступае ў Ляўках

Удзельнікаў сплаву чакаюць Магілёў, Баркалабава, Быхаў, Рагачоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG