Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пабіты стогадовы тэмпэратурны рэкорд


У Беларусі пабіты тэмпэратурны рэкорд, які трымаўся з канца 19-га стагодзьдзя: у нядзелю на тэрыторыі краіны зафіксавана ад 31 да 36 градусаў цяпла. Сьпякота гоніць людзей у ваду, і за мінулыя выходныя на рэках і азёрах патанулі 54 чалавекі. Сыноптыкі прагназуюць, што высокая тэмпэратура захаваецца да канца ліпеня.

Толькі ў Менску за выходныя дні патанулі 9 чалавек, а па ўсёй Беларусі — 54. У пераважнай бальшыні — да 70% — гэта людзі, якія былі нападпітку. Але гінуць таксама і празь неасьцярожнасьць, кажа старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства выратаваньня на вадзе Анатоль Голуб:
у сьпёку не заплываць далёка, каб у кожную хвіліну вы маглі стаць на ногі ...

"Дзе жывуць, дзе працуюць — там ідуць купацца і тонуць нападпітку. Лепш за ўсё купацца там, дзе вы добра ведаеце дно. І самае галоўнае — у сьпёку не заплываць далёка, каб у кожную хвіліну вы маглі стаць на ногі. Бо здараюцца спазмы мышцаў, цеплавы ўдар, кароткая непрытомнасьць — і чалавек тоне. Таксама лепш купацца ў адмыслова вызначаных месцах, але якраз не абсталяваных і не пазначаных месцаў пераважная бальшыня".

У зьвязку з моцнай сьпякотай павялічылася колькасьць пацыентаў і ў шпіталі хуткай дапамогі, кажа загадчыца прыёмнага аддзяленьня Ганна Аўлас:
для чалавека нармальны аб'ём спажываньня вады — 2,5 літра. Гэтую норму трэба павялічваць ...

"Так, у нас ёсьць звароты, прама ці ўскосна зьвязаныя са сьпякотным надвор'ем. Наш шпіталь мае два кардыялягічныя і тры нэўралягічныя аддзяленьні, і зараз з пацыентамі гэтай катэгорыі мы і кантактуем найбольш. Агульныя рэкамэндацыі такія, што для чалавека нармальны аб'ём спажываньня вады — 2,5 літра. Гэтую норму трэба павялічыць, але піць ваду ня залпам, а паволі, арганізоўваць сваю працу на паветры ўвечары ці ранкам, каб менш патрапляць пад сонца. Асабліва важныя гэтыя рэкамэндацыі для пажылых людзей і дзяцей, бо яны найбольш цярпяць. Вось такія агульныя парады".

У Беларускім гідрамэтэацэнтры заяўляюць, што сьпякота гэтага лета набліжаецца да абсалютнага тэмпэратурнага максымуму. І ўсё ж гэта яшчэ не мяжа, кажа галоўны сыноптык Вольга Фядотава:

"Сярэдняя тэмпэратура гэтымі днямі выявілася найбольш сьпякотнай ад пачатку ХІХ стагодзьдзя. Яны блізкая да абсалютных рэкордаў для Беларусі, але іх не перасягнула, бо абсалютны рэкорд — 38 градусаў, ён быў зафіксаваны ў 1936 годзе. Натуральна, што жыхарам Беларусі гэта цяжка трываць, бо высокая тэмпэратура стаіць пры моцнай вільготнасьці. Таму людзі павінны насіць лёгкае адзеньне, есьці лёгкую ежу і берагчы сябе ад гэтай пакутлівай сьпякоты".

Як паведаміла Вольга Фядотава, высокая тэмпэратура паветра ў Беларусі захаваецца сама менш да пачатку жніўня.

Ад сьпёкі ратуюць гарадзкія фантаны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG