Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два саюзы палякаў: аб'яднацца немагчыма?


Анжаліка Арэхва
Анжаліка Арэхва
Выканаўца абавязкаў старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва выказала жаданьне сустрэцца зь Леанідам Гулякам, кіраўніком Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Пра што Анжаліка Арэхва хацела б пагутарыць зь Леанідам Гулякам?

Леанід Гуляка заяўляў, што можа сустрэцца з Анжалікай Арэхвай толькі як са звычайнай грамадзянкай, але не як з кіраўніком незарэгістраванай арганізацыі польскай меншасьці. Тая ж размаўляць з чыноўнікам хоча менавіта пра лёс сваёй арганізацыі. Асноўная праблема СПБ — тое, што ўлады не жадаюць яе прызнаваць цягам пяці гадоў.

Арэхва: "Мы б хацелі гаварыць пра польскую меншасьць, пра сытуацыю, якая існуе вакол Саюзу палякаў ад 2005 году, і пра мажлівыя крокі, каб гэтую сытуацыю ў нейкі спосаб разьвязаць, прыйсьці да нейкага паразуменьня з уладамі. Канечне, мы маем свае прапановы і ня раз прадстаўлялі іх уладам у пісьмовай форме, але да гэтай пары не было ніякіх адказаў".

У Беларусі існуе праўладны Саюз палякаў, на чале якога стаіць Станіслаў Сямашка, і Саюз палякаў, які дзейнічае напаўлегальна. Польскія палітыкі, знаёмыя з канфліктнай сытуацыяй, выказваюць пажаданьне, каб прадстаўнікі польскай меншасьці сабраліся разам, каб арганізацыя стала адзінай і незалежнай ад уладаў. Што думае наконт гэтага Анжаліка Арэхва?

Арэхва: "Гэта выглядае так: на сёньняшні дзень незалежнай ад уладаў ёсьць нашая арганізацыя. А тая арганізацыя, на чале зь Сямашкам, паўстала толькі дзякуючы ўладам, яны яе паклікалі, яны правялі зьезды. І там няма ніякай самастойнасьці. Таму ў нас на Галоўнай радзе ня раз прымалі рашэньне, што ня будзе ніякіх размоваў з той структурай. І адзіны шлях, які ёсьць мажлівы для нашай арганізацыі, — гэта размовы з уладамі, бо яны дыктуюць варункі, у якіх можна дзейнічаць, і тое, як дзейнічаць".

Іншымі словамі, Анжаліка Арэхва лічыць, што аб'яднацца двум саюзам палякаў у цяперашніх умовах — нерэальна?

Арэхва: "Так, гэта ўтапічна. Мы ўжо і польскаму боку расказвалі пра гэта, і тут ня раз падкрэсьлівалі. Так што гэта будзе зусім немажліва — нейк аб'яднацца гэтым структурам і быць незалежнымі".

Днямі актывісты Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Арэхвай адзначылі разам з польскімі дыпляматамі і палітыкамі ўгодкі апэрацыі Арміі Краёвай "Вострая брама", падчас якой у 1944 годзе была вызваленая Вільня. Яны наведалі магілы жаўнераў АК у Смаргонскім раёне. Якое мерапрыемства будзе наступным?

Арэхва: "У нас будзе адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды, прысьвечанай 600-годзьдзю бітвы пад Грунвальдам. У нядзелю 18 ліпеня ў Горадні ў пабэрнардынскім касьцёле спачатку будзе імша, а затым урачыстасьць адкрыцьця дошкі, падрыхтаванай Тадэвушам Малевічам".



Анжаліка Арэхва паходзіць зь Ліды, дзе жывуць яе бацькі, ёй 36 гадоў. З 1996 году яна жыве ў Горадні і дзейнічае ў Саюзе палякаў. Скончыла паляністыку ў Люблінскім унівэрсытэце, спачатку працавала настаўніцай польскай мовы ў грамадзкай школцы пры СПБ. З 2000 году — дырэктарка гэтай школкі. Яе бацькі, кажа Анжаліка Арэхва, — звычайныя людзі з ваколіц Ліды, заўсёды працавалі на заводзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG