Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьпёка — вада — тапельцы


На Воўчкавіцкім вадасховішчы пад Менскам.
На Воўчкавіцкім вадасховішчы пад Менскам.
За мінулы тыдзень, купаючыся на рэках і вадаёмах, у Беларусі загінулі 49 чалавек, зь іх — 5 дзяцей. Усяго на вадзе сёлета пацярпелі 836 чалавек, зь якіх 142 — дзеці. Тым часам сыноптыкі папярэджваюць, што бліжэйшымі днямі ў Беларусі захаваецца сьпёка: паветра прагрэецца да плюс 36 °С.

Ад пачатку году ў Беларусі на рэках і вадаёмах загінулі 464 чалавекі. Толькі падчас купаньня — 240, зь іх 26 — дзеці. Адмыслоўцы заяўляюць, што дарослыя танулі пераважна ў стане алькагольнага ап’яненьня і з-за неасьцярожнасьці, а дзеці — празь недагляд дарослых. Гаворыць старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства выратаваньня на вадзе Анатоль Голуб:

«У нас ёсьць Дразды — вадасховішча вядомае, і там дамба — гэта біч сапраўдны. Гэта забароненая зона, купацца нельга, паўсюль напісана — там катэгарычна нельга купацца. І адначасна дзяўчаты, юнакі — некіраваныя, разьвязныя, бескультурныя — дзікунства суцэльнае. Я ўжо буду ў пракуратуру пісаць, бо немагчыма чымсьці ўплываць».

Паводле спадара Голуба, тонуць пераважна мужчыны ад 20 да 45 гадоў. Траўмы галавы, шыйных пазванкоў і сьпіннога мозгу падчас ныраньня атрымоўваюць найчасьцей юнакі, падлеткі і мужчыны ў веку да 30 гадоў. Адмысловага ўліку траўмаваньня на вадзе не вядзецца, але гаворка ідзе пра тысячы пацярпелых, кажа кіраўнік лябараторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру траўматалёгіі Андрэй Мазурэнка.

«Калі ўлічваць траўмы без нэўралягічных расстройстваў, калі пашкоджаныя зьвязкі ці зьлёгку пазванкі, то гэта сотні людзей, якія лекуюцца па месцы жыхарства ў сваіх траўматалягічных пунктах, і пералічыць іх немагчыма. Што тычыцца цяжкіх траўмаў сьпіны, то гэта некалькі дзясяткаў — да сотні чалавек за год. Менавіта нырцоў».

Мясцовая ўлада ня тое што ня хоча арганізоўваць такія месцы для купаньня — не хапае сродкаў.
У Беларусі 20 тысяч рэк і азёр, на якіх разьмешчаныя 66 выратавальных станцый і 89 пастоў. Паводле дзейнага заканадаўства, у межах населеных пунктаў павінны быць вызначаныя, абсьледаваныя і адпаведна абсталяваныя месцы для купаньня. Аднак мясцовыя ўлады ня толькі аддаленых рэгіёнаў, а нават прылеглых да Менску тэрыторый парушаюць гэтыя правілы. І гэта таксама адна з прычынаў надзвычайных здарэньняў на вадзе, кажа Анатоль Голуб:

«У Менскай вобласьці найбольш праблем. Мясцовая ўлада ня тое што ня хоча арганізоўваць такія месцы для купаньня — не хапае сродкаў. Пры савецкай уладзе ў выходныя дні, калі колькасьць людзей была вялікай, як зараз, на кожным пляжы разам з выратавальнікамі дзяжурыла машына хуткай дапамогі. Гэта 100% гарантавала своечасовую мэдычную дапамогу. Зараз — праз 15 хвілін могуць прыехаць: гэта, магчыма, што і позна можа быць. Канечне, стараемся арганізоўваць бясьпеку людзей на вадзе, але ня так, як гэтага хацелася б, ня так».

Тым часам сыноптыкі папярэджваюць, што 14-15 ліпеня тэмпэратура паветра ў шмат якіх раёнах дасягне плюс 30-34 °С, на ўсходзе краіны паветра прагрэецца да плюс 36 °С.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG