КНІГАГЛЯД
СЯРГЕЙ ЧЫГРЫН: «АНТОН ВАЛЫНЧЫК НАПІСАЎ БОЛЬШ ЗА 100 БЕЛАРУСКІХ ПЕСЬНЯЎ»
У менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла ў сьвет кніга слонімскага краязнаўца Сяргея Чыгрына «Жыў роднай песьняй», прысьвечаная жыцьцю і творчасьці забытага кампазытара Антона Валынчыка. Дасьледчык расшукаў таксама дзясяткі ягоных твораў і спадзяецца, што яны ўвойдуць у рэпэртуары сучасных песенных калектываў. Зь Сяргеем Чыгрыном пагутарыў Міхась Скобла.
Міхась Скобла: «Сяргей, назва вашай кнігі нагадала мне словы Міхася Забэйды-Суміцкага: „Я жыў песьняй і песьняй даваў людзям радасьць“. Ці можна тое самае сказаць і пра вашага героя Антона Валынчыка?»
Сяргей Чыгрын: «Сапраўды, Валынчык, як і Забэйда-Суміцкі, жыў песьняй. Дзе б ні працаваў, ён заўсёды ствараў хоры, музычныя калектывы. У яго была вельмі добрая адукацыя, ён закончыў Варшаўскую кансэрваторыю, быў адным зь лепшых беларускіх музыкаў у 30-60-я гады. Жыцьцё кідала яго па ўсёй Беларусі, але бяз песьні, бяз музыкі ён ня мог жыць. І ў Слоніме, на сваёй радзіме, і ў Клецкай беларускай гімназіі, і ў Маладзечне, і на Меншчыне, і на Лідчыне Валынчык ствараў хоры. Апошнія гады ён працаваў у Гарадзенскім пэдінстытуце, дзе таксама зьяўляўся хормайстрам вядомага калектыву „Нёман“. Згаданы вамі Забэйда-Суміцкі толькі сьпяваў, ён быў артыстам, а Валынчык быў і музыкам, і кампазытарам, і сам вельмі добра сьпяваў. Праўда, ён саромеўся сьпяваць, але калі яго прасілі студэнты і сябры, у вузкім коле ён вельмі добра выконваў беларускія песьні».
Скобла: «У пачатку Другой усясьветнай вайны Антону Валынчыку было 45 гадоў — прызыўны ўзрост, але ён так і ня ўзяў у рукі зброю. Ён ня трапіў на фронт, не пайшоў у партызаны, ён жыў у акупаваным немцамі Слоніме і працаваў харавым дырыжорам. Хто ў часы ваеннай калатнечы сьпяваў у ягоным хоры?»
Чыгрын: «Антон Валынчык быў далёкі ад вайсковай службы. Ён падчас вайны кіраваў царкоўным хорам, выкладаў у навучальных установах, якія дзейнічалі ў Слоніме за часы акупацыі. Трэба было неяк жыць. Падчас вайны ў Слоніме жыло вельмі шмат інтэлігенцыі. Можна прыгадаць паэтаў Сяргея Хмару і Анатоля Іверса, мастака Антона Карніцкага. Інтэлігенцыя не сядзела склаўшы рукі, кожны займаўся сваёй справай. Мне здаецца, што Валынчык выжыў у вайну дзякуючы музыцы. Яго не чапалі ні немцы, ні партызаны. Усе ведалі, што гэты музыка стаіць па-за палітыкай. Але можна ўдакладніць, што зброяй Антона Валынчыка была беларуская песьня».
Скобла: «Жыцьцё на акупаванай тэрыторыі савецкай уладай расцэньвалася як злачынства. Многія беларускія настаўнікі, культурныя дзеячы пасьля вайны трапілі ў Гулаг. Як удалося ўратавацца Валынчыку?»
Чыгрын: «Калі кніга была ўжо амаль дапісанай, я сустрэў у Слоніме настаўніка Аляксандра Пасько, чыя сястра была вучаніцай Антона Валынчыка. І я таксама спытаўся, чаму НКВД не арыштавала Валынчыка. І Пасько адказаў, што некалькі разоў былі загады і зь Менску, і з Масквы, тэрмінова арыштаваць Валынчыка, але гэтыя загады чамусьці не былі выкананыя. Для мясцовых людзей Валынчык быў надзвычай інтэлігентным, паважаным чалавекам».
Скобла: «НКВД-МГБ арыштавала тысячы інтэлігентных людзей. Гэта не было перашкодай».
Чыгрын: «Я згодны. Магчыма, Валынчык меў нейкія знаёмствы ва ўладных структурах у пасьляваенным Слоніме. Але давайце задамося пытаньнем: у чым была яго віна падчас акупацыі? Што ён кіраваў царкоўным хорам? Не было за што зачапіцца, каб арыштаваць і саслаць у лягер».
Скобла: «Якія песьні былі ў рэпэртуары Валынчыка? На чые вершы ён пісаў музыку?»
Чыгрын: «Валынчыкам напісана больш за 100 песень. Ён пісаў іх пераважна на словы беларускіх паэтаў, клясыкаў нашай літаратуры — Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Некалькі песень у яго былі на словы Ларысы Геніюш. Мне ўдалося адшукаць толькі адну зь іх, пад назвай „Родная мова“. Калі выйшла мая кніжка, я зьвярнуўся да кіраўнікоў некалькіх музычных калектываў у Слоніме. Ёсьць адзін вельмі добры фальклёрны гурт „Грымата“. І яго кіраўніца вельмі ўзрадавалася, калі я падарыў ёй сваю кніжку (а там ёсьць таксама тэксты і ноты). Яна паабяцала, што „Грымата“ развучыць песьні Антона Валынчыка. Дарэчы, сёлета спаўняецца 100 гадоў зь дня нараджэньня нашай вялікай паэткі Ларысы Геніюш. Добра было б, каб Валынчыкава „Родная мова“ таксама прагучала на юбілеі паэткі ў Зэльве».
Скобла: «Я ведаю, што ў вас нават захоўваецца скрыпка Антона Валынчыка. Як яна вам дасталася, і ці няма ў вас жаданьня перадаць яе, напрыклад, у Слонімскі краязнаўчы музэй?»
Чыгрын: «Скрыпка ў мяне сапраўды ёсьць. Аднойчы ў пошуках зьвестак я ў Горадні спаткаўся з кампазытарам Яўгенам Петрашэвічам, які вельмі добра ведаў Валынчыка. Пасьля нашай гутаркі ён дастаў з шафы скрыпку, якой больш за сто гадоў, і падараваў яе мне. І цяпер скрыпка Антона Валынчыка, якую ён шмат гадоў трымаў у руках, па якой вучыў сваіх вучняў у Гарадзенскім пэдінстытуце, знаходзіцца ў мяне. Я хачу перадаць яе ў які-небудзь музэй. Магчыма, у Клецк, бо ён там працаваў у гімназіі. Магчыма, у наш Слонімскі краязнаўчы музэй. На вялікі жаль, у апошнім на сёньняшні дзень няма аніякай інфармацыі пра слаўнага земляка, аніякіх экспанатаў, зьвязаных з жыцьцём Антона Валынчыка. А памяць пра яго ўсё ж павінна шанавацца ў Беларусі».
АЎТАР І ТВОР
АНКА ЎПАЛА: «МАЯ ТВОРЧАСЬЦЬ — ПІГУЛКА АД ПРЫРОДНАЙ ДЭПРЭСІІ»
Адна з самых папулярных маладых пісьменьніц мае літаратурнае імя, утворанае ад імя клясыка беларускай літаратуры. Ці не занадта сьмелы гэта крок для пачаткоўца, і як маладая літаратарка ставіцца да абвінавачваньняў у зьдзеку з амаль сьвятых нацыянальных імёнаў? Пра гэта ды іншае з Анкай Упалай размаўляла Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: «Давайце пачнём гаворку з вашага літаратурнага імя. Як яно ўзьнікла?»
Анка Ўпала: «Здарылася так, што ў васямнаццаць гадоў я прачытала па-ангельску апавяданьне Джона Ленана „Nicely Nicely Clive“. Асаблівасьць гэтага апавяданьня ў тым, што Ленан вельмі цікава гуляўся са словамі. ( Гэта ўвогуле ўласьцівасьць ангельскага гумару). Ён браў звычайныя ангельскія прыказкі і прымаўкі і спалучаў іх незвычайным чынам ці дадаваў да іх незвычайныя канчаткі. Ніколі дагэтуль я такіх тэкстаў ня бачыла і, нягледзячы на тое, што нават увесь сэнс апавяданьня для мяне быў да канца незразумелы, тым ня менш я была настолькі ўражаная, што вырашыла сама паспрабаваць напісаць штосьці падобнае. А калі ўзьнікла патрэба стварэньня літаратурнага псэўданіму, то мне захацелася, каб ён быў прадуктам гульні са словамі. Пры гэтым, каб быў беларускі, каб адразу было зразумела, што я — беларускі аўтар. Такім чынам і ўтварыўся псэўданім Анка Ўпала. Я проста ўзяла літаратурнае імя нашага славутага клясыка Янкі Купалы і паспрабавала адкінуць першыя гукі ад імя і прозьвішча. Атрымаўся такі вось жаночы псэўданім».
Аксак: «Цікава, што ў адным зь першых апавяданьняў вы паспрабавалі на ўзор ангельцаў гуляць ня толькі са словамі, але і з думкамі і вобразамі клясыкаў. Я маю на ўвазе ваша апавяданьне „Колас, Купала і пачэсны пасад“. А вам ня страшна было вось так вольна абыходзіцца з амаль сьвятымі для беларусаў імёнамі?»
Анка Ўпала: «Аднойчы паэт Віталь Рыжкоў, зь якім мы тады жылі ў адным горадзе Магілёве, прапанаваў мне зрабіць такі праект: стварыць блог у інтэрнэце і пачаць пісаць туды вершы і апавяданьні ад імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, але каб яны былі нашымі маладымі сучасьнікамі. Так здарылася, што Віталь нічога ня змог прыдумаць, а я напісала некалькі апавяданьняў пра маладых хлопцаў Янку Купалу і Якуба Коласа. Я ня бачу нічога кепскага ў тым, каб крышку такім чынам пажартаваць. Мне здаецца, што ў мяне даволі мілыя пэрсанажы атрымаліся».
Аксак: «Адзін са сталых беларускіх паэтаў, пачытаўшы вашы гэтыя апавяданьні, сказаў, што ён бы гэтую аўтарку дубцом па адным месцы добра пагладзіў. Як вы ўспрымаеце падобную рэакцыю на вашы творы?»
Анка Ўпала: «Я думаю, што меркаваньні, натуральна, могуць быць розныя. І я цалкам усьведамляю, што хтосьці не разумее такі гумар, а камусьці ён не падабаецца, але мне хочацца, каб людзі пры гэтым заставаліся ветлівымі і крытыка іх была карэктнай. Аднойчы я была на майстар-клясе Алеся Разанава, і ён сказаў нам: „Пішыце тое, што адгукаецца“. Я пішу тое, што адгукаецца, і мне здаецца, што гэта — чэсна. Я нікога не падманваю. А яшчэ калі ў Разанава запыталіся, каго б ён параіў запрасіць наступным разам пасьля яго, ён адказаў: „Запрашайце любога. Я паважаю любога творцу, і любы творца можа вас чамусьці навучыць“. Мне здаецца, што гэта вельмі разумная думка, і я імкнуся такой думкі прытрымлівацца. Лічу, што тыя творцы, якія такім чынам выказваюцца наконт мяне, яны таксама мяне чамусьці вучаць, вучаць быць цярпімай, вучаць быць талерантнай да чужога меркаваньня».
Аксак: «Паэт Андрэй Хадановіч, які адным зь першых увёў элемэнты гумару ў сучасную беларускую паэзію, назваў вас адной з самых іранічных маладых беларускіх літаратарак. Адкуль вы чэрпаеце натхненьне для вашага гумару?»
Анка Ўпала: «Паколькі я сама — чалавек, які любіць пасьмяяцца, любіць нешта вясёлае, добрае, то, напэўна, гэта мяне і натхняе на такія творы. Не магу пісаць сумныя. Аднойчы, праўда, паспрабавала. Дарэчы, нядаўна тое было. Мы з адным маладым аўтарам пайшлі ў літаратурны заклад: я яму прапанавала напісаць вясёлае апавяданьне, каб словы ў ім пачыналіся на адну і тую ж літару, а наўзамен я ўзялася напісаць сур’ёзнае апавяданьне зусім бяз гумару на зададзеную ім тэму. Тэма была — пахаваньне сястры, але ня сам працэс пахаваньня. Для мяне гэта быў літаратурны іспыт. Мне падаецца, што я яго здала, то бок я напісала сур’ёзнае апавяданьне, але, сапраўды, гэта ня тое, што мне ўласьціва».
Мая творчасьць — такі нейкі сродак, пігулка ад прыроднай дэпрэсіі, да якой я схільная.
Аксак: «У адным з інтэрвію вы сказалі, што імкняцеся, каб ніякія праблемы вас не турбавалі. Вы цалкам асацыяльны, апалітычны чалавек?»
Анка Ўпала: «Не. Проста мне, як чалавеку, уласьцівая некаторая мэлянхолія і схільнасьць гіпэрбалізаваць жыцьцёвыя праблемы. І мая творчасьць — такі нейкі сродак, пігулка ад прыроднай дэпрэсіі, да якой я схільная».
Аксак: «Як хутка выйдзе ваша першая кніга апавяданьняў?»
Анка Ўпала: «Яна рыхтуецца да друку ў выдавецтве „Галіяфы“. Усё, што ад мяне залежыць, я зрабіла. Я яе напісала, а цяпер справа толькі за вёрсткай і за друкам».
АНКА ЎПАЛА. ПАДЗЕМНАЕ ЦАРСТВА І ЦАРЫЦА-ВАВЁРКА
Балахон Балахонавіч усё падаў і падаў, то хутчэй, то павольней, часам зусім-зусім павольна, а часам даволі імкліва. Падаць толькі спачатку было страшна, а цяпер нават і прыемна. Ён раскінуў рукі і ногі на манер зоркі і з цікавасьцю разглядаў тунэль, у які зваліўся: было даволі сьветла, бо на паліцах, якія праносіліся зьнізу ўверх, хтосьці запаліў начныя лямпы пад каптурамі. Відавочна, гэта была камора, дзе захоўваліся чые сьці закруткі на зіму. Балахон Балахонавіч спрытна выгнуўся і абедзьвюма рукамі ўхапіў з адной з паліц трохлітровы слоік, што быў больш дасягальны. Слоік быў поўны кампоту з антонавак, які хтосьці клапатліва закруціў пад мэталёвую накрыўку.
Балахонавіч спрактыкавана ўскрыў яе проста рукамі, выпіў кампот, потым перагарнуў слоік, патрос і ласкава ўсьміхнуўся, нібыта ўбачыў кагосьці добра знаёмага: цяпер зь ім побач ляцелі яблыкі.
У іх кампаніі яму ня будзе самотна, таму мы вернемся на паўгадзіны раней, каб высьветліць, як здарылася так, што ўсімі паважаны Балахон Балахонавіч быў вымушаны займацца тым, што зусім не да твару рабіць настаўніку, а менавіта падаць, і больш за тое, ня проста падаць, а падаць без навучальных мэтаў.
Цудоўным летнім ранкам Балахон Балахонавіч выйшаў пагуляць усьцяж сваіх уладаньняў і ў школьным садзе сустрэў вавёрку — седзячы на дрэве, яна ірвала антонаўкі і складала іх у кош. Натуральна, што фрукты былі ня ейныя. Калісьці Балахонавіч сам саджаў гэтыя яблыні з разьлікам на вітаміны.
Вавёрчыны дзеяньні ніяк не траплялі ў сьпіс ухвальных, таму паважна склаўшы рукі за сьпінай, настаўнік вырашыў зрабіць ёй заўвагу:
— А ну павесіла фрукты назад! — наўзроў выгукнуў Балахонавіч.
Вавёрка ад нечаканасьці выраніла кош і звалілася — яблыкі пакаціліся хто куды.
Нячэсная крыху паляжала з заплюшчанымі вачыма, потым села, кпліва паглядзела на Балахона Балахонавіча, абыякава так сказала «А, гэта ты…» (было заўважна, што яна ня моцна ўражана), бадзёра ўскочыла і пачала зьбіраць яблыкі-уцекачы назад у кош.
Гэй, хвастатая! — усклікнуў Балахонавіч, закрануты за жывое такой відавочнай непавагай.
— Дарэчы, Балахон, — Вавёрка спыніла свае злачынныя практыкаваньні з яблыкамі і, таксама склаўшы лапы за сьпінай, павярнулася да суразмоўцы.
— Я падрыхтавала табе месца для адпачынку! Зірні-ка!
Балахон паглядзеў туды, куды яна паказала, і ўбачыў, што на траве-мураве (здаецца, так называецца гэты гатунак травы, асабліва зялёнай і мяккай) пасьцелены міленькі жоўты дыванок, аздоблены вышытымі валошкамі.
— Праўду кажаш? — Балахон Балахонавіч сурова зьвёў бровы, каб вавёрка не падумала, што ён памякчэў (а Б.Б. адразу памякчэў).
— Божа мой! — з надрывам вымавіла Вавёрыца (а гэта была яна), прыціснуўшы лапкі да сэрца, — Ці ты мяне ня ведаеш, Балахоне? Хіба я калісьці цябе падманвала?
— Бывала наогул, — помсліва прыгадаў той.
— Ды калі тое было, — адмахнулася Вавёрыца, — Я ўжо зусім не такая. Сядай, Балахон, не марудзь!
Вавёрыца пагладзіла кілім, як бы запрашаючы настаўніка хутчэй прысесьці і пачаць адпачываць пад дрэвам. У яе голасе была нейкая нецярплівасьць, але Балахон не надаў гэтаму значэньня, падышоў да прапанаванага месца адпачынку і зь лёгкім рыпеньнем у каленях прысеў на кілім.
Ці варта штосьці тлумачыць здагадліваму і менш даверліваму за Балахонавіча чытачу? Так, кілімам была прыкрытая пастка, яма, у якую наш герой неадкладна зваліўся і вось цяпер быў вымушаны ляцець так бязмэтна і безальтэрнатыўна.
Пралятаючы міма вялікага барадатага партрэта ў тонкай раме, Балахонавіч зноў не ўтрымаўся і садраў яго са сьценкі, з налёту лёгка абарваўшы вяровачку. Яму падалося, што гэта партрэт дырэктар школы, але не — з карціны на яго пазіраў незнаёмы твар у акулярах, хаця так, вусы і барада былі падобныя да дырэктарскіх, толькі больш самавітыя, і, калі можна так сказаць, неяк больш зьмястоўныя.
Вусы заварушыліся і партрэт усьміхнуўся. З неспадзяванкі Балахон ледзь ня выпусьціў яго з рук, але ня выпусьціў — усё-ткі ён быў сьмелы чалавек з жалезнымі нэрвамі, іншыя ў настаўнікі ня йдуць. Партрэт працягваў усьміхацца, пранізьлівыя вочы з-пад акуляраў заглядалі Балахону проста-такі ў нутро.
Балахонавіч ажно крыху ўзмок, бо адчуў некаторую няёмкасьць, і вырашыў парушыць маўчаньне якой-небудзь ветлівай фразай.
— Хочаце, яблык?
Балахонавіч узяў адзін з кампотных яблыкаў, якія працягвалі спадарожнічаць яму, як верныя сябры, якія ніколі ня збочаць, выправіўшыся з табой у дарогу, і галантным жэстам прапанаваў яго намаляванаму барадатаму спадару. Чамусьці ён быў упэўнены, што калі партрэт усьміхаецца, то і яблыкі можа есьці. Барадаты спадар усьміхнуўся яшчэ шырэй і і вымавіў:
— А ці ўпэўненыя вы, што гэтыя плады ня ёсьць пладамі вашага ўяўленьня, малады чалавек?
Балахон Балахонавіч уцяміў, што барадач мае намер распачаць гутарку пра мэтафізыку існаваньня, і прыняў паважны выгляд:
— Натуральна, што я ўпэўнены, бо плады майго уяўленьня зусім іншыя! — Балахонавіч зрабіў загадкавую паўзу. — Яны ў школе! Ешце, частуйцеся, калі ласка. Гэта я тут паймаў, сам. Дарэчы, раз ўжо мы ляцім разам у гэтым тунэлі, то давайце знаёміцца: Балахонаў Балахон Балахонавіч, эскваер.
Балахон Балахонавіч адпусьціў яблык, які барадаты спадар усё адно ігнараваў, працягнуў руку для вітаньня і адразу ж прыбраў яе, здрава разважыўшы, што калі на партрэце толькі твар, то вітацца за руку ён ня можа.
— Чуў, чуў, — прагудзеў партрэт. А я — Валакуд. Мяне, з вашага дазваленьня, няма!
Як гэта няма? — такога разьвіцьця падзей наш з вамі Балахонавіч зусім не чакаў і зьдзіўлена вытарапіў вочы.
— А вось так! — Фарбы на карціне пачалі блякнуць, а абрыс Валакуда таяць.
Неўзабаве ён зусім зьнік, апошняй растаяла вусатая ўсьмешка.
У руках Балахонавіча засталося пустое палатно, нацягнутае на раму…
To be continued.