Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "Доме літаратара" Алесь Аркуш і Язэп Янушкевіч


Новая перадача сэрыі "Дом літаратара". Эфір 22 траўня


ЛІТАГЛЯД


ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: "ГЕНАДЗЯ КІСЯЛЁВА НАМ БОГ ПАСЛАЎ"

Да гадавіны зь дня сьмерці выдатнага дасьледчыка літаратуры Генадзя Кісялёва ў выдавецтве "Лімарыюс" выйшаў у сьвет зборнік успамінаў пад назвай "Пачуць, як лёсу валяцца муры". Асобны разьдзел зборніка – дасьледаваньні пра літаратурныя здабыткі XIX стагодзьдзя – улюбёнага кісялёўскага пэрыяду. Якім запомніўся клясык айчыннага літаратуразнаўства сучасьнікам – у размове зь Міхасём Скоблам прыгадвае адзін з аўтараў зборніка Язэп Янушкевіч.

Міхась Скобла: "Язэп, адказваючы на пытаньні анкеты, якая таксама зьмешчаная ў кнізе, Генадзь Кісялёў назваў сваім самым улюбёным заняткам "разгадваць таямніцы мінулага". Якія разгадкі ў беларускай літаратуры зьвязаныя зь імем гэтага дасьледчыка?"

Язэп Янушкевіч
Язэп Янушкевіч:
"Гэтыя разгадкі найперш зьвязаныя з паўстаньнем 1863 году, з усімі яго ўдзельнікамі і галоўным героем – правадыром Кастусём Каліноўскім. Надзвычай яркай падзеяй было выданьне першай кнігі Генадзя Кісялёва “Сейбіты вечнага”, якая выйшла ў 1963 годзе, да стагодзьдзя паўстаньня. А праз тры гады выйшла кніжка “З думай пра Беларусь”. Калі ў першай кнізе Каліноўскі быў толькі адным з герояў (там былі матэрыялы і пра Францішка Багушэвіча, і пра Дуніна-Марцінкевіча, і пра Антона Трусава), то другая кніжка была прысьвечана адной постаці – Каліноўскаму. З Каліноўскім Генадзь Васілевіч так глыбока ўвайшоў у ХІХ стагодзьдзе, што ня мог прамінуць яго найбольшыя загадкі. Хто быў аўтарам ананімных паэмаў “Энэіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”? Калі Генадзь Кісялёў прыйшоў на гэты сьвет, ні аўтара “Энэіды…", ні аўтара “Тараса…” мы ня ведалі. А цяпер ведаем – Канстанцін Вераніцын. Генадзь Кісялёў пакінуў па сабе рэальны, шматаблічны рэльеф гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя".

Скобла: "У апошні час героі Кісялёва падпалі пад нейкую незразумелую рэвізію. То мы чуем, што "Пінскую шляхту" напісаў ня Дунін-Марцінкевіч, то чытаем пра Каліноўскага – як пра "палянафіла і тэрарыста". Як дасьледчык перажываў гэтыя нападкі?"

Янушкевіч: "Кісялёў цэльна глядзеў на ўсю гісторыю беларускай культуры ня толькі ХІХ-га, але і ХХ-га, і ХХІ стагодзьдзя. І калі ён чуў выказваньні накшталт: “Падайце нам што-небудзь вартае, годнае зь беларускай літаратуры, бо няма чаго чытаць”, ці бачыў спробы адабраць у Дуніна-Марцінкевіча клясычны твор – камэдыю “Пінская шляхта”, ці спробы прынізіць дзейнасьць Кастуся Каліноўскага, то ён разумеў, што ідзе сплянаваная атака на беларускую культуру. Можа, гэта яму спрыяла ня так балюча пэрсанальна перажываць за выказваньні сваіх калег у сьценах Акадэміі навук. Мне даводзілася бачыць у вачах Кісялёва боль і непаразуменьне: “Навошта ім гэта трэба, навошта яны гэта робяць?”

Скобла: "Ты сядзеў з Генадзем Кісялёвым у адным кабінэце – мэмарыяльным пакоі Якуба Коласа. Так што ўмовы бранзавець былі. Як паводзіўся Генадзь Васілевіч у адносінах з маладымі калегамі?"

Янушкевіч: "І для мяне, і для маіх паплечнікаў Генадзь Кісялёў быў узорам сьціплага, працаўніка, які не любіў прыцягваць увагу да сваёй асобы. Ягоная самаіронія якраз нівэлявала тыя рэдкія кепікі, якія ён сабе дазваляў у стасунках з калегамі. Але, паўтаруся, у штодзённым жыцьці ён быў сьціплы, вытрыманы і працавіты чалавек. Кісялёў як бы разумеў, што на жарты, на нейкія непатрэбныя размовы ня варта марнаваць кароткае жыцьцё. А задумаў у Генадзя Кісялёва, як я збоку назіраў, было шмат, і ён сьпяшаўся іх ажыцьцявіць".

Скобла: "Генадзь Кісялёў валодаў бясспрэчным дасьледчыцкім аўтарытэтам. А ці ёсьць у нашым гістарычным літаратуразнаўстве такі панятак – "кісялёўская школа"?"

Янушкевіч: "Не бываючы часта афіцыйным навуковым кіраўніком, але выдаўшы дзясятак манаграфій, Генадзь Васілевіч заклаў беларускую дасьледчыцкую школу ў дасьледаваньні ХІХ стагодзьдзя. Пра гэта, дарэчы, вельмі хораша сказала ў зборніку "Пачуць, як лёсу валяцца муры…" Ірына Багдановіч. Пра тое, што ў Кісялёва засталіся пасьлядоўнікі, сьведчыць і гэтая кніга. Я нават не прыгадаю выпадку, каб да гадавіны з дня сьмерці творцы быў пастаўлены ня толькі помнік на ягонай магіле, але і выйшла кніжка ўспамінаў. У тым мне бачыцца вялікая заслуга і паплечнікаў, і сямейнікаў Генадзя Васілевіча – ягонай жонкі Яніны Міхайлаўны (яе ўспаміны ў кнізе – найцікавейшыя!) і дачкі Лідзіі Генадзеўны. А разьдзел “Пуцявінамі Генадзя Кісялёва”, дзе сустракаюцца імёны Ўладзімера Мархеля, Алеся Смаленчука, Ігара Запрудзкага ды іншых, паказвае, што ў беларускім літаратуразнаўстве пасьля Кісялёва працаваць нецікава не атрымаецца. Нам проста Бог паслаў такога дасьледчыка, такога творцу, такога архівіста, археографа! Мы мусім трымаць яго ўзровень".

Скобла: "У зборніку зьмешчаныя толькі два невядомыя артыкулы Генадзя Кісялёва. Ці не азначае гэта, што ўся ягоная спадчына ўжо выдадзеная?"

Янушкевіч: "Гэта ня так. За апошнія гады ў Генадзя Васілевіча не выходзілі кнігі ў дзяржаўных выдавецтвах, у той жа “Мастацкай літаратуры”, а ён працягваў пісаць. Назаву толькі адзін факт: Кісялёў дасьледаваў ананімную паэму пра варшаўскі расстрэл 1863 году, якая напісаная на беларускай мове. Яна можа належаць Дуніну-Марцінкевічу ці Ўладыславу Сыракомлю. Дык вось, гэтае кісялёўскае дасьледаваньне яшчэ не было апублікаванае ў ягоных кнігах. Мяркую, што ў шуфлядах Генадзя Васілевіча яшчэ знойдуцца і рукапісы, і матэрыялы пра тое самае ХІХ стагодзьдзе, нам па-ранейшаму малавядомае".


АЎТАР І ТВОР


АЛЕСЬ АРКУШ: "ШМАТ ЯКІЯ РЭЧЫ Я ПЕРШЫМ ЗРАБІЎ У НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ"

28 траўня спаўняецца 50 гадоў Алесю Аркушу. Аўтар каля дзясятка кніг паэзіі, эсэістыкі і прозы, стваральнік Таварыства вольных літаратараў, заснавальнік і выдавец літаратурных альманахаў "Ксэракс Беларускі” і "Калосьсе”, кіраўнік выдавецтва "Полацкае ляда", старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес" сёньня госьць "Дому літаратара". Зь ім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: "Спадар Алесь, што адчуваеце, набліжаючыся ў сваім жыцьці да даты, якую звычайна называць юбілейнай?"

Алесь Аркуш
Алесь Аркуш:
"Са сваімі аднагодкамі ці сябрамі, якія крыху маладзейшыя ці крыху старэйшыя за мяне, апошнім часам шмат гаворым пра гэта. Самае дзіўнае, што ніхто з нас не адчувае, што нам па 50 гадоў ёсьць ці хутка будзе. Памятаю, у юнацтве, калі мне было гадоў васямнаццаць, думаў, што неўзабаве набліжаецца дваццаць першае стагодзьдзе і калі яно прыйдзе, мне будзе аж сорак гадоў! Гэта ж такі ўжо ўзрост! Але от мне ўжо пяцьдзесят гадоў і, думаю, што я толькі наблізіўся да нейкай сьпеласьці, нейкага больш глыбокага разуменьня ўсяго існага".

Аксак: "Наша гутарка адбываецца ў дзень, калі вы ганаравалі чарговага ляўрэата прэміі "Гліняны Вялес", заснаванай Таварыствам вольных літаратараў. Прэмія ўжо вытрымала сямнаццаць гадоў. Калі вы засноўвалі і Таварыства, і прэмію, то былі ў тым узросьце, у якім, мяркуецца, што робяць усе рэвалюцыі. Пэўнай рэвалюцыяй у 1993 годзе былі і гэтыя вашы дзецішчы. За гэты час што зьмянілася ў адчуваньні літаратурнай прасторы і літаратурнага працэсу?"

Аркуш: "ТэВээЛаўскія падзеі адбываліся, калі мне было блізу трыццаці трох гадоў, а кажуць жа, што калі ты пасьпееш штосьці зрабіць да ўзросту Хрыста, то гэта будзе важкая справа, якая застаецца. І мне падаецца, што да гэтага ўзросту я пасьпеў тое-сёе зрабіць, і вось гэтае тое-сёе – як тое насеньне, якое прыносіць пэўны плён. Хаця час вельмі хутка-хутка ідзе, але тое, што ўзрастае, яно нават мацнейшае за гэты час, яно мацнейшае за людзей у гэтым часе. Вось я толькі ўчора прыехаў з Польшчы і мусіў зьбіраць людзей на гэтую імпрэзу, і дастаўшы свой нататнік паглядзеў на імёны людзей, якія звычайна прыходзілі на гэтыя імпрэзы. Ужо шмат каго няма сярод жывых, хтосьці зьехаў адсюль – людзкі ляндшафт памяняўся, як плынь вады, якая ўвесь час мяняецца. Нешта ж сур'ёзнае стаіць, як выспа, як гара, як стромкі бераг. Яно ня вельмі падуладнае часу. Такія рэчы можна зрабіць у пераломныя часы. Канец васьмідзясятых-пачатак дзевяностых – гэта і быў такі час, калі пачалі паслабляць сацыяльна-палітычную структуру, што дазволіла некаторым рэчам зрабіцца, якія сталі сапраўды сур'ёзнымі".

Аксак: "На вашым рахунку, апрача асабіста напісанага і таго створанага, пра што ўжо згадвалі, яшчэ і два альманахі. З "Ксэраксам беларускім" усё зразумела – яго, так бы мовіць, зьелі новыя тэхналёгіі. Але штосьці даўнавата не было бачна і новых нумароў "Калосься". Які ягоны лёс?"

Аркуш: "На ягоным лёсе адбіўся гэты крызыс, гэтая атмасфэра ў грамадзтве. У мяне згубілася ня толькі жаданьне нешта далей зь ім рабіць, але згубіліся нават ідэі па новых нумарах. Дзясяты нумар, мне падаецца, быў вельмі цікавы, прысьвечаны трагічным лёсам беларускіх літаратараў, і адзінаццаты нумар, прысьвечаны праблеме масавай культуры, таксама быў цікавы. Але далей у мяне не было ўжо ніякіх ідэй, а проста зьбіраць нейкія матэрыялы і выдаваць чарговы нумар бяз новых ідэй, то мне такая праца ня вельмі падабаецца. Тое, што "Калосьсе" было заснаванае ў 93-м годзе, то яго сам час нарадзіў. Гэта быў першы недзяржаўны часопіс у найноўшай гісторыі Беларусі. Гэта ўжо пасьля зьявіліся і "Фрагмэнты", і "ARHCE", і "Дзеяслоў". Я сапраўды шмат якія рэчы першым зрабіў у Беларусі ў найноўшай гісторыі. Першым я стварыў альтэрнатыўную Саюзу пісьменьнікаў літаратурную арганізацыю. Бо "Тутэйшыя" былі моладзевым крылом пры Саюзе пісьменьнікаў, а ТВЛ было самастойнай, афіцыйна зарэгістраванай арганізацыяй, якая мела рахунак, пячатку, якая магла функцыянаваць сама ў нейкай справе. Далейшым крокам мы імкнуліся зарэгістраваць выдавецтва "Полацкае ляда". Менавіта "Полацкае ляда" выдала першую беларускамоўную кніжку пасьля ліквідацыі "Галоўліту". Але калі мы ня здолелі перарэгістравацца, то абраны намі шлях зайшоў у тупік і шмат якіх плянаў стала немагчыма рэалізаваць, бо мы хацелі дзейнічаць лягальна".

Аксак: "Вось адсьвяткуеце свой пяцідзясяты дзень народзінаў і што далей будзеце рабіць?"

Аркуш: "За некалькі гадоў да юбілею я плянаваў, што выдам да яго кніжку выбранага ці прозы, дыск зь песьнямі, якія напісаны на мае вершы, але калі гэты час наблізіўся, то я падумаў: а які сэнс займацца вось такімі рэчамі? Сёньня я хацеў бы ўжо выдаць свой раман "Палімпсэст", але ён яшчэ не гатовы да выданьня, хаця некалькі выдаўцоў мяне ўгаворвалі зрабіць гэта. Мне патрэбен яшчэ год, а мо і болей, каб дагабляваць тэкст. Ніякага рубяжу ў творчасьці ў сувязі з круглай датай не хачу рабіць і ніякіх мэтаў ня стаўлю. Калі раптам у мяне зьявілася жаданьне пісаць гэты раман, я яго пішу. Хаця пісаць яго мне вельмі складана, бывала па некалькі месяцаў у мяне не было ніякіх ідэяў і я не пісаў тады ні радка. А высмоктваць з пальца не хачу і ня бачу ў гэтым сэнсу. Калі ж мне пішуцца вершы, я іх пішу і ня ведаю, якое натхненьне на мяне будзе надыходзіць далей".

АЛЕСЬ АРКУШ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

ведаю, толькі сьнег
здольны захаваць мае пісьмёны
да кожнай кропкі ў шматкроп'і
да кожнай галоснай у тваім імя
да кожнага чыстага аркуша
на якім напішу
што сны мае
гэта адваротны бок
месяца
траўня
у якім нарадзіўся


* * *

што можа быць складаней
за зьбіраньня пазла
зь лістоў івы
што расьце ў парку
над таемнай лавачкай
якую ведаеш
толькі ты
і яшчэ адзін чалавек
імя якога
няможна назваць
як ні ўкладай
вузкія зялёныя
лісточкі
не атрымліваецца
патрэбны малюнак
нібыта паміж
рэальнасьцю
і тваімі мроямі
няма аніякай
сувязі

* * *

ключы схаваць ад таямнічай скрыні
заблытаць сьлед – зацерці ўсе адбіткі
праменьчык сьвету ў пакоі
дзе толькі скрыня шафа і канапа
і кнігі на канапе ў чаканьні
і літаркі ў промні мітусяцца
нібы пылінкі
ўсё стане пылам
і толькі тое застанецца
што ты схаваеш
у маім пакоі
пад дыванком
ля таямнічай скрыні

* * *

ёсьць адзіны час
і ёсьць безьліч стрэлак
якія гоняцца за ім
па пятах
за кожнай сэкундай
за кожнай хвілінай
за кожнай гадзінай

* * *

у пустым пакоі
ня ведаеш што рабіць
ані канапы на якой можна адпачыць
ані тэлевізара які можна паглядзець
ані кампутара з дапамогай якога можна
напісаць пост у свой блог
жыцьцё як пакой
які мусіш зрабіць утульным
з кута ў кут сноўдацца
мераць крокамі жыльлёвыя мэтры
пустое жыцьцё
нагадвае шафу без паліц
толькі адбітак-цень
калі сонца зазірне ў вакно
з інспэктарскім наглядам


* * *

так доўга не ўключаў
свой кампутар
што ён пытаецца
ў мяне
які зараз час


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG