Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыя ў адпачынку. Зьбірае сілы


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец
Міна яго поўна задумлёнасьці і заклапочанасьці. А дзесь, на заднім пляне, мітусіцца народ, заняты сваімі справамі. Пад рысункам подпіс: «Народ весяліцца, а цар працуе».

Якуб Колас. На ростанях


Ня памятаю, каб наш беларускі прэзыдэнт калі адбываў у адпачынак. Здаецца, ён заўсёды побач, няспынны й руплівы, як зюзіна печань. Так, пішуць, што ён, напрыклад, у сакавіку ў Вэнэсуэле ня вельмі цяжка працаваў і туды-сюды рэгулярна вандруе ў рэжыме міні-вакацыяў. Але ж які то адпачынак! Каб цалкам забыцца на зьнешні сьвет, на кіраўнічыя клопаты ды справы — хіба было такое? Наўрад ці.

А мы, звычайныя грамадзяне, карыстаемся магчымасьцю (якая плыўна пераходзіць у абавязак) бестурботна весьці апалітычнае жыцьцё. Звычайна нам абвяшчаюць штосьці кшталту «Сьпіце, жыхары Багдаду — усё спакойна!!!» Зрэдчас на хвілінку будзяць, каб паведаміць, што нядаўняя «сястра й маці» Расія крытыкуе Прэзыдэнта, «абражае ўвесь беларускі народ». Абражаны й абуджаны хітае галавой, пацепвае плячыма ды зноў аддаляецца ў свае ўнутраныя вакацыі.

Тым часам здарылася неспадзеўка (штопраўды, ціхая, нават не патрэбны клічнік на канцы сказу): аказваецца, «кіргіскае пытаньне» кіраўніцтва й нацыя вырашаюць, нібыта гледзячы з розных плянэтаў. Гэтыя цікавыя вынікі прынесла чэрвеньская апытанка, зробленая Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Навукоўцы яшчэ ня скончылі апрацоўваць атрыманыя дадзеныя, але з папярэднімі лікамі ўжо магчыма азнаёміцца на сайце арганізацыі, ды задумацца вось над чым: толькі 23,2 адсотка рэспандэнтаў падтрымалі свайго прэзыдэнта ў думцы, што падзеі ў Кіргізстане трэба кваліфікаваць як «антыканстытуцыйны пераварот»; 47,2 адсоткаў лічаць іх народным паўстаньнем супраць карумпаванай улады. І гэта пры тым, што давер да афіцыйных структураў і міжнароднай палітыкі дзяржавы застаецца традыцыйна высокім.

Чаму зьнянацку каса на камень наскочыла?

Нацыя-васал адпачывае ад кіраўнічай справы, ад нудных высілкаў прыняцьця рашэньняў…
У гэтым пункце афіцыйны дыскурс увайшоў у канфлікт з уласным стрыжнем: «дзяржава для народу». Дый раней афіцыйныя СМІ ставіліся да падзеяў кшталту кіргіскага паўстаньня значна больш добразычліва. Напрыклад, калі шэраг бунтаў 1996 году ў Аргентыне прычыніўся да адстаўкі міністра эканомікі Дамінга Кавала, беларускае тэлебачаньне ад душы падтрымлівала інсургентаў і ганьбавала «антынародны рэжым». А сёньня… Ну, вядома.

Але калі што і зьмянілася ў разуменьні сувэрэнітэту народу, дык толькі ў галовах афіцыйных ідэолягаў. Здаецца, што прынамсі народ успрыняў по-сур’ёзнаму формулу адносінаў «дзяржава для народу», у якой нацыя і дзяржава існуюць «неразьдзельна й нязьлітна». Як непатрабавальнае сярэднявечнае сялянства, якое магло ціхмяна рабіць сваю справу на боскай зямлі, пакуль і пан лыцар робіць сваю: бароніць ды ня надта чапляецца. Нацыя-васал адпачывае ад кіраўнічай справы, ад нудных высілкаў прыняцьця рашэньняў, але жадае захаваць права непасрэднага дзеяньня па зьмене ўраду.

Вельмі наіўна разьлічваць на грамадзкую актыўнасьць масаў адразу ж сёньня. Ніхто добраахвотна з заслужанага адпачынку не выходзіць на працу — нават на грамадзкую, — калі няма аўралу або празьмернага пажытку. Думак ужо назьбіралі, сілаў назапасілі; засталося яшчэ трохі часу, каб рашучасьць выпрацаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG