Баршчэўнік — экзатычная паўднёвая расьліна. Завезьлі яе на тэрыторыю Беларусі ў 50-я гады на патрэбы сельскай гаспадаркі. Яна вырастае да трох мэтраў у вышыню, лісты — адпаведнага памеру. Як сыравіна для сіласу баршчэўнік выявіўся непрыдатным, а на дадатак — небясьпечным для беларускага асяродзьдзя, кажа загадчык лябараторыі Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі НАН Беларусі Мікалай Ламан:
«Па-першае, ён прыцясьняе нашы абарыгенныя віды расьлін: у яго агромістая паверхня — як парасонам накрывае ўсіх, а бяз сонца ўсім кепска. Канечне, ён вельмі канкурэнтаздольны: колькасьць насеньня дазваляе асвойваць вельмі вялікія тэрыторыі, таксама лёгка атрымаць апёкі. У нас шмат такіх расьлін і жывёл, да прыкладу, каларадзкі жук. Ён нас ужо гадоў шэсьцьдзесят мучае і мы ўсе зь ім ваюем, ваюем, а вынік — так сабе. Гэтаксама і баршчэўнік».
У выніку надзвычайнай жыцьцяздольнасьці баршчэўніка толькі за апошні год плянтацыі гэтай расьліны ў Менску павялічыліся амаль удвая: са 129 да 227 гектараў. З гэтай прычыны праблема выйшла на ўзровень кіраўніцтва гораду — адмысловыя нарады адбыліся ў Менгарвыканкаме і ў адміністрацыях раёнаў. Кіраўніцтва зацікаўленых устаноў заяўляе, што сёлета вынішчэньне баршчэўніка ў сталіцы завяршаецца, а цягам двух гадоў расьліну вынішчаць цалкам. Аднак на практыцы гэта выглядае інакш, кажа кіраўніца ўправы добраўпарадкаваньня Менскзеленбуду Анжаліка Пузанкова:
«Адзіны сродак барацьбы зараз — гэта касьба і больш нічога. Ядахімікаты не распрацаваныя, не зацьверджаныя, няма навуковага суправаджэньня. Таму трэба выходзіць на дзяржаўны ўзровень, каб вырашыць гэтую праблему, бо гэта небясьпечная расьліна, ядавітая. Гэта таксама адымае ў нас час, бо мы вымушаныя займацца не аб’ектамі, не даглядаць горад, а касіць баршчэўнік, бо ён за суткі
Яго можна дзесяць гадоў касіць — і ўсё роўна будзе расьці.
Змаганьне ўладаў гораду з баршчэўніком адмыслоўца грамадзкай экалягічнай арганізацыі «Экадом» Лана Семянас называе добрым намерам і дрэнным выкананьнем:
«Гэтыя захады могуць дапамагчы, але рэч такая, што касіць расьліну можна да таго часу, пакуль яна не пачала квітнець. А я бачыла, што яна ўжо квітнее. І атрымоўваецца, што спачатку яны яе вырасьцілі, далі расквітнець і рассыпаць насеньне, а зараз змагаюцца. Я думаю, што гэта добрая справа, трэба змагацца з баршчэўніком, але робяць гэта няўдала, як і ўсё».
Баршчэўнік
Гіганцкая расьліна, якая дасягае ў вышыню 2,2-3,1 мэтра. Яна мае буйныя лісты, дыямэтар суквецьця дасягае 75 сантымэтраў. Баршчэўнік уяўляе сур’ёзную небясьпеку і для прыродных комплексаў, і для здароўя людзей. Расьліна выдзяляе празрысты фотатаксычны сок, які, трапіўшы на чалавечую скуру, пад узьдзеяньнем ультрафіялетавага выпраменьваньня выклікае апёкі і пухіры. Пухіры ператвараюцца ў гнайнікі, а потым утвараюцца раны, якія доўга ня гояцца.
Расьце баршчэўнік хутка, кучна, выцясьняючы абарыгенныя расьліны. Насеньня на адной расьліне можа быць ад 20 да 100 тысяч, яно можа праляжаць у зямлі 3-4 гады, а пасьля ўзысьці. Квітнее баршчэўнік рана. Ён прыстасаваны да самаапыленьня, таму насеньне, цалкам высьпеўшы, разносіцца вадой і ветрам.
Расьце баршчэўнік хутка, кучна, выцясьняючы абарыгенныя расьліны. Насеньня на адной расьліне можа быць ад 20 да 100 тысяч, яно можа праляжаць у зямлі 3-4 гады, а пасьля ўзысьці. Квітнее баршчэўнік рана. Ён прыстасаваны да самаапыленьня, таму насеньне, цалкам высьпеўшы, разносіцца вадой і ветрам.