«Беларуськалій» ёсьць адным з асноўных пастаўшчыкоў валюты ў беларускі бюджэт. Паводле незалежных эканамістаў, пачатак акцыянаваньня «Беларуськалія» ёсьць «паступовы продаж фамільнага срэбра» і азначае непазьбежную страту кантролю над прадпрыемствам з боку дзяржавы.
Першым акцыянэрам «Беларуськалія» можа стаць буйная кітайская карпарацыя «CITIC».
«Мы таксама выказваем зацікаўленасьць ў прыватызацыі „Беларуськалію“ і будаўніцтве новага рудніка», — заявіў, паводле Інтэрфакс, прадстаўнік «CITIC» у Беларусі У Шывэнь. Пакуль не паведамляецца, на якую колькасьць акцый беларускага гіганта вытворчасьці калійных угнаеньняў разьлічваюць прадстаўнікі Кітаю.
Падчас нядаўняга газавага канфлікту з Расеяй, калі востра паўстала пытаньне пра недахоп фінансавых сродкаў у Беларусі, афіцыйна было абвешчана, што Беларусь разьлічвае атрымаць ад Кітаю крэдытаў на 15 мільярдаў даляраў. «Існуе болей за 100 інвэстыцыйных праектаў, у якіх могуць удзельнічаць і бізнэсоўцы з Кітаю», — перадавала БЕЛТА.