Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наш Лукашэнка ім пяткі лізаць ня будзе… ”


«Чым, на вашу думку, скончыцца чарговая „газавая“ вайна паміж Масквой і Менскам?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


Спадар: «Расея — гэта такая дзяржава, якая адключыла газ да гадавіны вайны. 22 чэрвеня пачалася вайна, і 22-га яны пачалі вырабляць са сваім лепшым сябрам такія рэчы. Гэта ня Пуцін — гэта Распуцін: вось зараз мы ва Ўкраіне адчынім застаўкі… Чым гэта скончыцца? Скончыцца добра: наш Лукашэнка ім пяткі лізаць ня будзе».

Спадарыня: «Яны нам вінны, але мы вінны ім болей. Няважна, што Расея — багацейшая краіна. Мы ад яе ў залежнасьці. Таму я лічу, што доўг свой мы павінны вярнуць — незалежна ад таго, што яны нам вінныя».

Спадар: «Дамовяцца пра нармальныя стасункі — і нам давядзецца заплаціць, і ім трэба будзе плаціць».

Спадарыня: «Павінны пагадзіцца расейцы. Даўгі ж ёсьць і ў Расеі за транзыт. Няхай плацяць! І мы потым заплацім».

Спадар: «Так будзе пастаянна, бо кошты растуць. І на газ кошты растуць. Летам пакуль пераб’юцца — газу асабліва шмат ня трэба. Будуць хістацца туды-сюды. А прыйдзе зіма, знойдуць рашэньне».

Спадарыня: «Мы ўвесь час ад іх у залежнасьці, і гэта будзе бясконца. Даўгі трэба вяртаць. Бяром — трэба аддаваць».

Спадар: «Калі ім там хочацца, каб мы жылі кепска, то й ім будзе кепска. Адгукнецца! Няхай яны заплацяць за прапампоўку газу. Яны як быццам ня ведаюць. І асабліва прэзыдэнт Мядзьведзеў, які не павінен удзельнічаць у гэтай справе, ня клікаць гэтага Мюлера, як нашы грамадзяне называюць Мілера. А ён, высьвятляецца, ня ведае, што за прапампоўку газу вінны нам 197 мільёнаў. Несур’ёзна зь іхняга боку».

Спадарыня: «Я думаю, скончыцца ўсё добра, усё будзе нармальна. Правіцелі дамовяцца — палюбоўна павінны дамовіцца».

Спадар: «Скончыцца тым, што Беларусь падыме лапкі ўверх. Ня трэба распачынаць гэтыя „газавыя“ войны — трэба думаць. Кантракт заключаны на такую суму — плаціце па рахунках. Чапляемся: Вугоршчына, Армэнія атрымлівае газ танейшы, чым Беларусь. Вы падпісвалі паперы? Плаціце, хлопцы, паводле рахункаў!

Зараз выплывае іншая старонка — высьвятляецца, што за экспарт газу за мяжу, за транзыт па нашай тэрыторыі мы ня ўсё бралі з Расеі. Чаму да гэтага часу маўчалі? Мы 192 мільёны даляраў вінныя, а вы нам — 200 мільёнаў. Давайце, плаціце — і будзем квіты. Чаго маўчалі да гэтага часу? Трэба быць больш сумленнымі — і з боку Беларусі, і з боку Расеі таксама».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG