Кіраўніка мазырскай філіі «Маладога фронту» Сяргея Амельчука супрацоўнік КДБ наведаў на вучобе. Сяргей вучыцца ў мазырскім ПТВ № 228 хімікаў. Ён распавёў «Свабодзе», што супрацоўнік КДБ, які назваўся Васіліем, чакаў яго ў кабінэце дырэктара.
«Да дырэктара паклікалі, там ужо быў кадэбэшнік. Спачатку ён мяне спытаў, як я стаўлюся да фашызму. Справа ў тым, што ў нас пэрыядычна фашысты зьбіваюць іншаземцаў. А днямі адбылася вялікая бойка. Але гэта была толькі нагода.
Ён адразу пачаў мяне распытваць пра „Малады фронт“: кім я зьяўляюся, колькі нас чалавек у суполцы і г.д. Мы шмат гаварылі пра камунізм і фашызм. Я іх прыраўняў, а ён тады сказаў, што мяне ўсё роўна не пераканаць. Прасіў даваць яму надалей інфармацыю, але я адмовіўся».
Некалькі гадоў таму ў Мазыры школьнікі праводзілі масавыя флэшмобы, зьвязваючыся праз інтэрнэт. Яны зьбіраліся амаль штотыдзень, каб вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг ці расьцяжку з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў. Зь цягам часу частка актыўнай моладзі трапіла пад уплыў скінхэдаў.
Сяргей Амяльчук — не адзіны, каго на вучобе наведаў супрацоўнік КДБ.
Каля дзясятка актывістаў «Маладой Беларусі» нядаўна адчулі на сабе ціск спэцслужбаў.
Бацькам кажуць, што іх дзеці патрапілі ледзь ня ў сэкту.
На вучобе на актывістаў ціснуць праз дэканат ці настаўнікаў. Такая сытуацыя ў Насты Машчавай, Ільлі Шчарбінскага, Андрэя Кузьмінскага, Улада Швэда, Міхася Наскова, Андрэя Гайдукевіча. Ёсьць і іншыя выпадкі.
Актывіста «Маладога фронту» Стася Стэсіка супрацоўнікі КДБ наведвалі ў школе. Ня стаў выключэньнем і першы выпускны экзамэн:
«Я даведаўся ад сваіх настаўнікаў, што да іх прыходзіў супрацоўнік КДБ. Яны мне не сказалі, пра што была размова, але сказалі, што ён папярэджваў іх наконт мяне. Два месяцы таму да нас прыйшла новая дырэктарка, дык я — першы вучань, зь якім яна пазнаёмілася не сам-насам, а праз дакумэнты. Ёй распавялі, чым я займаюся і каб яна мела на ўвазе, што ёсьць я такі ў школе».
Лідэр кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель:
«Традыцыйна перад сур’ёзнымі палітычнымі кампаніямі кшталту прэзыдэнцкіх выбараў узмацняецца цікавасьць спэцслужбаў да актывістаў моладзевых арганізацый.
Супрацоўнікі спэцслужбаў прыходзяць на месца вучобы, на месца працы. У нас такія выпадкі былі. Нядаўнія адбыліся ў Менску і Віцебску.
Але маладыя людзі, якія прыходзяць у такія арганізацыі, добра ўсьведамляюць, на што яны ідуць, і таму такімі шляхамі іх запалохаць немагчыма, бо яны праз гэта ўжо прайшлі».