Генэральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана ў часе свайго трохдзённага візыту ў Вільню сустракаўся зь літоўскім кіраўніцтвам, а сёньня ўзяў удзел у міжнародным круглым стале аб праектах у атамнай энэргетыцы ў рэгіёне. На пытаньні адносна плянаў будаўніцтва АЭС у Беларусі кіраўнік МАГАТЭ адзначыў, што такое рашэньне кожная краіна прымае самастойна. У часе сёньняшняга брыфінгу Юкія Амана сказаў таксама, што на сёньняшнім этапе яшчэ нельга сказаць, наколькі Астравецкая АЭС бясьпечная, але:
“Істотны дыялёг адбываецца паміж Беларусьсю і МАГАТЭ. Мы спадзяемся на далейшае больш цеснае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і МАГАТЭ, як і зь іншымі краінамі”.
Прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс, адказваючы на пытаньні радыё “Свабода” ў часе брыфінгу разам з кіраўніком МАГАТЭ, адзначыў, што Літва можа дапамагчы Беларусі у справе бясьпекі ядзернай энэргетыкі:
Мы шчыра імкнемся, каб Беларусь разьвівала ядзерную энэргетыку так, каб яе бясьпека адпавядала міжнародным стандартам...
“Дыялёг зь Беларусьсю ў гэтай сфэры мы павінны працягваць і маем для гэтага магчымасьць, паколькі я пляную найбліжэйшым часам наведаць Беларусь. І мы шчыра імкнемся да таго, каб Беларусь разьвівала сваю ядзерную энэргетыку такім чынам, каб яе бясьпека адпавядала міжнародным стандартам. Літва гатовая ў гэтым дапамагчы Беларусі”.
Кіраўнік літоўскага ўраду і генэральны дырэктар МАГАТЭ адкрылі дыскусію міжнароднага круглага стала “Рэгіянальныя праекты ў атамнай энэргетыцы”, які праходзіць у Вільні з удзелам прадстаўнікоў 8 краін, Эўракамісіі і МАГАТЭ. Перад будынкам актывісты пратэстуюць супраць плянаў будаўніцтва АЭС.
“Дыскусія закрытая для прадстаўнікоў грамадзтва, таму мы праводзім акцыю пратэсту на вуліцы”, – тлумачаць актывісты зь вялікай расьцяжкай “За будучыню — без атама!”.
Лінас Вайнюс, актывіст руху за ахову асяродзьдзя:
“Нас тут усяго некалькі чалавек, бо гэта несанкцыянаваны пікет, таму нельга, каб было шмат. Апытаньні грамадзтва паказваюць, што 40 – 50 працэнтаў жыхароў Літвы выказваюцца супраць атамнай энэргетыкі. Урад павінен іх пачуць. З другога боку, у СІМ пераважае не інфармацыя аб АЭС, а прапаганда ядзернай энэргетыкі. Няма лічбаў і аргумэнтаў. Мы выдатна ведаем, што да сёньня няма цьвёрдага эканамічнага абгрунтаваньня ні адной АЭС, ні ў Літве, ні ў Беларусі, ні ў Калінінградзкай вобласьці, але мы ведаем лічбы зь Фінляндыі, дзе ўсё адкрыта і празрыста, і тым ня меней якія там праблемы з будаўніцтвам АЭС. Ведаючы нашыя рэаліі, ня маем ніякага даверу, што гэты праект АЭС будзе добра рэалізаваны. Яшчэ большая бяда ў тым, што, калі абраны кірунак на разьвіцьцё ядзернай энэргетыкі, урады не аддаюць увагі іншым альтэрнатывам у энэргетыцы. Мы лічым, што гэта аднолькава шкодна і Расеі, і Беларусі, і Літве”.
“Я тут, бо я супраць атамнай энэргетыкі, я — за аднаўляльныя крыніцы энэргіі. АЭС — гэта інтарэсы пэўных груп, якія робяць на гэтым бізнэс, гэта ў інтарэсах ня толькі дзяржавы, але й кампаній, якім дапамагае МАГАТЭ, францускіх, а цяпер і літоўскіх кампаній, а МАГАТЭ іх падтрымлівае”, – дадаў іншы удзельнік акцыі Данатас Вілейкіс.
Тым часам, каб забраць міжнародную увагу да плянаў Беларусі будаваць АЭС за 20 км ад мяжы з Эўразьвязам, літоўскі эўрапарлямэнтар Леанідас Донскіс разам з латыскімі калегамі Артурам Карыньшам і Інэсэ Вайдэрэ зарэгістраваў заяву адносна плянаў пабудовы АЭС у Астраўцы. Паводле заяўнікаў, гэты праект можа выклікаць адмоўныя наступствы на значнай частцы тэрыторыі Эўразьвязу.