Паводле Эўрарадыё, кііраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашыла прапанаваць Яраслава Раманчука кандыдатам на прэзыдэнты ад партыі. Эўрарадыё спасылаецца на меркаваньне кіраўніка Менскай абласной філіі АГП Уладзімера Малярчука: «Інтрыг няма ужо — ужо дакладна вызначыліся, што будзе Раманчук». «Свабода» зьвярнулася па камэнтар да намесьніка старшыні АГП, эканаміста Яраслава Раманчука.
«31 траўня у 11:30 будзе прэзэнтацыя кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП і там усё зьвесткі ўжо будуць адкрытыя. Будзе прэзэнтацыя таксама плятформы кандыдата.
Не хачу проста раскрываць усе карты, засталося да гэтай падзеі яшчэ 5 дзён.
А вось што сказаў пра зьвесткі Эўрарадыё і пра камэнтар Яраслава Раманчука лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
«Яраслаў мае абсалютную рацыю, калі кажа, што рашэньне будзе прынятае палітрадай 31-га. Натуральна, што, відаць, у мяне зь Яраславам ёсьць калі не кантрольны пакет па гэтым рашэньні, то блізкі да гэтага. Але мы ня можам падмяняць сваіх калег — палітычную раду. Таму ўсё што да 31-га — гэта ёсьць толькі вэрсіі, асабістыя думкі каго заўгодна. Ці гэта сябра партыі, ці экспэрт, ці проста чалавек з вуліцы».