Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубскі: “Адміністрацыя калёніі адкрыта вымагае грошы зь вязьняў”


Арцём Дубскі на прэсавай канфэрэнцыі
Арцём Дубскі на прэсавай канфэрэнцыі

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, які 25 траўня выйшаў на волю, распавёў на прэсавай канфэрэнцыі пра парадкі ў магілёўскай калёніі № 19, дзе адбыў амаль год.


Па выхадзе на волю Арцём Дубскі параўнаў жыцьцё ў калёніі з гета, бо яно там адрозьніваецца ва ўсім, у тым ліку ў бытавых рэчах. Сёньня былы вязень падрабязна патлумачыў, што меў на ўвазе. Ён распавёў пра выпадак, як вязьні змагаліся за вырашэньне звычайных бытавых праблемаў і чаго ў выніку дамагліся:

«У краме скончыліся тэлефонныя карткі, скончылася туалетная папера, няма чым галіцца, хаця адміністрацыя патрабуе, каб усе былі паголеныя. Скончыліся капэрты. Тады я ўзяў аркуш і напісаў просьбу, каб гэта ўсё зьявілася. Падпісалі 28 чалавек. Усяго было 150 у атрадзе. У выніку нам далі адказ на гэтую пэтыцыю і на 30 чалавек тэлефонных картак завезьлі. Тыя, каму не дасталося, абурыліся, і адміністрацыя была вымушаная яшчэ дадаць картак».

За сваю актыўнасьць Арцём Дубскі пацярпеў: на яго пачалі складаць рапарты аб фармальных парушэньнях парадку і ў выніку пасадзілі ў карцэр, але былы вязень не шкадуе, што першым паставіў свой подпіс пад пэтыцыяй да начальства.

Паводле Арцёма Дубскага, адміністрацыя калёніі перакладае асноўны цяжар вырашэньня бытавых праблемаў калёніі на саміх зьняволеных. «Мне адкрытым тэкстам казалі, каб маці знайшла і пералічыла грошы на цэмэнт для рамонту альбо 200 тысяч рублёў на абсталяваньне, а за гэта абяцалі дадатковае спатканьне», — згадвае вязень. Паводле Арцёма Дубскага, асабліва часта прапановы, «ад якіх цяжка адмовіцца», робяць вязьням, якія на волі былі зьвязаныя зь бізнэсам:

Кажуць, у нас зона камэрцыйная, прывозіш 10 мяхоў цэмэнту і атрымліваеш спатканьне па-за законам на 3 дні.
«У людзей вымагаюць грошы вельмі проста. Кажуць, у нас зона камэрцыйная, прывозіш 10 мяхоў цэмэнту і атрымліваеш спатканьне па-за законам на 3 дні. Нават афармляць ня будзем. Даеш грошы на тэлевізар з DVD, і на кароткатэрміновае спатканьне нават жанчыну прыводзь. Усё можна. Кантралёры носяць тэлефоны, наркотыкамі гандлююць».

Паводле Арцёма Дубскага, у адміністрацыі калёніі ёсьць плян, колькі грошай за месяц вязьні мусяць «падарыць» установе.

Арцём Дубскі кажа, што скаргі на бытавыя ўмовы вязьні пішуць часта, але гэта не дае ніякага выніку — «яны адразу наўпрост ідуць у сьметніцу». Што да праверак зьверху, то іх у калёніі не баяцца. «Пра ўсе праверкі там становіцца вядома за тыдзень, а за гэты час можна навесьці любы марафет. Праверка пройдзе, і ўсё вяртаецца на былыя рэйкі», — кажа Арцём Дубскі.

Былога палітвязьня журналісты запыталі, ці часта ў калёніі гучыць імя Аляксандра Лукашэнкі і ў якой сувязі? Арцём Дубскі сказаў, што партрэты кіраўніка дзяржавы вісяць ва ўсіх кабінэтах, аднак, паводле маладафронтаўца, нейкія вельмі «змрочныя». З вуснаў супрацоўнікаў адміністрацыі гэтае імя гучыць не асабліва часта, але па тэлевізары вязьні вымушаныя глядзець усе выпускі навінаў і потым жыва абмяркоўваюць усё, што зьвязана з Лукашэнкам:

«Кожны дзень з 9 вечара да 9.30 мы глядзелі навіны і потым усе да адбою абмяркоўвалі. Там дыскусіі ідуць яшчэ якія! Вязьні ўсё адсочваюць, кожнае слова. Большасьць адгукаецца пра яго ў негатыўным кантэксьце, але так, што калі выклікаюць да начальства, то кажуць іншае»

Дубскі пра прысутнасьць Лукашэнкі ў калёніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:08 0:00


Вельмі непакоіць Арцёма Дубскага сытуацыя з наркотыкамі — сярод вязьняў 19-й калёніі тых, хто быў пакараны за распаўсюд наркотыкаў, было шмат, але самае небясьпечнае, што гэтыя людзі па выхадзе з калёніі не зьбіраюцца займацца нічым іншым:

«Яны кажуць, што за 400-500 тысяч ня пойдуць працаваць, бо тыя ж грошы яны гэтак заробяць за 2 гадзіны. Пакуль ня будзе магчымасьці нармальна зарабляць і накіроўваць грошы на жыльлё, на добрае харчаваньне, на грамадзкае жыцьцё, усё гэтак і застанецца».

Сам Арцём Дубскі плянуе пайсьці працаваць, заняцца вучобай і не зьбіраецца кідаць грамадзкае жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG