Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ пра інтэрнэт. Пытаньні без адказаў


У беларускае заканадаўства ўносяцца зьмены, накіраваныя на «ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт». Ад 1 ліпеня пачне працаваць адпаведны прэзыдэнцкі ўказ № 60 і ўрадавая пастанова № 644.


ЧЫНОЎНІКІ ЎЗЯЛІСЯ ЗА ІНТЭРНЭТ

Камэнтар Антона Кулакова, кіраўнік аддзелу продажаў ААТ «Актыўныя тэхналёгіі»:

«Асноўнае пытаньне з тых, якія мы так і ня высьветлілі, — хто нясе адказнасьць за тое, што кліент ня хоча адкрываць хостынг-кампаніі інфармацыю пра нейкія свае сайты, якія ён разьмяшчае ў межах паслугі, напрыклад, «выдзелены сэрвэр». Незразумела, ці гэта памылка хостынг-правайдэра, ці адказнасьць ляжыць цалкам на кліенце. Але гэта жаданьне кліента, ён мае права, уласна кажучы, не расказваць, чым ён там займаецца.

Наступнае пытаньне — паддамэны. У нас, напрыклад, пры стварэньні хостынг-акаўнта ствараюцца адразу два дадатковыя паддамэны — для доступу да паштовага сэрвісу і для доступу да статыстыкі наведваньня. Узьнікае пытаньне: ці рабіць рэгістрацыю ўсіх гэтых рэсурсаў пры кошце, параўнальным з коштам самога акаўнта? Напрыклад, мы выстаўляем чалавеку рахунак на 20 тысяч рублёў на месяц, а пры стварэньні акаўнта мы павінны заплаціць за рэгістрацыю яго хостынгу, за рэгістрацыю гэтых двух паддамэнаў і яшчэ за кожны паддамэн, які ён захоча стварыць. На самой справе сытуацыя выглядае досыць абсурдна.

Яшчэ адзін момант тычыцца паслугаў, якія прадстаўляюцца без рэгістрацыі. Людзі часта могуць атрымаць так званы тэставы хостынг, калі чалавек можа пратэставаць паслугі. Адпаведна з тым указам, які мы атрымалі, прадставіць чалавеку бясплатны тэставы пэрыяд немагчыма. Закон гэта забараняе. Альбо мы павінны панесьці страты, альбо чалавек павінен заплаціць за тэставы акаўнт. У такім выпадку сэнс такога тэставага хостынгу зьнікае.

Ужо зараз многія фізычныя асобы сталі цікавіцца, як перанесьці сайты да тых хостынг-правайдэраў, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі Ўкраіны, Расеі і іншых краінаў.
Таксама незразумелы момант зь людзьмі, якія пераафармляюць хостынг з аднаго ўласьніка на іншага.

Больш за ўсё хвалюе тое, што многія карыстальнікі ня хочуць быць «пад каўпаком», яны ня хочуць, каб інфармацыя пра тыя сайты, якія яны разьмяшчаюць, была ў кагосьці яшчэ, у кантралюючых органаў. Мы заўсёды даем такую інфармацыю пры наяўнасьці зваротаў адпаведных органаў. Але калі яна першапачаткова сыходзіць, то людзі гэтага палохаюцца.

Ужо зараз многія фізычныя асобы сталі цікавіцца, як перанесьці сайты да тых хостынг-правайдэраў, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі Ўкраіны, Расеі і іншых краінаў. Адпаведна, гэта сур’ёзны ўдар і па нас, таму што мы губляем кліентаў. І, хочам гэтага ці не, але грошы зараз будуць плаціць ня нам, а іншым арганізацыям. У выніку бюджэт страціць шмат сродкаў у выглядзе недададзеных падаткаў.

Таксама непадрыхтаваная інфраструктура для гэтага, бо «Белтэлекам» няздольны пакуль забясьпечыць патрэбныя пляцоўкі ў тым аб’ёме, у якім патрэбна.

Зразумела, што ўсе ня сыдуць з байнэту, бо юрыдычныя арганізацыі абавязаны разьмяшчацца на тэрыторыі Беларусі. У цяперашняй сытуацыі тры выйсьці: альбо сайты будуць зачыняцца, альбо людзі будуць пераафармляць іх на фізычных асобаў і разьмяшчаць у нерэзыдэнтаў Беларусі, альбо разьмяшчаць у Беларусі і пераплочваць за рэгістрацыю і ўсё астатняе.

Але ва ўсіх гэтых сытуацыях хостынг-правайдэрам лягчэй ня стане».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG