Адбыліся таксама сустрэчы экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі з шэрагам кіраўнікоў уплывовых фундацый. У прыватнасьці, з Кенэтам Волакам, старшынём Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту (NDI) і Карлам Гершманам, старшынём Нацыянальнай фундацыі на карысьць дэмакратыі (NED), паведамляе прэс-служба руху "За Свабоду".
Падчас размоваў Аляксандр Мілінкевіч выказаў падзяку ЗША і заклікаў сваіх суразмоўцаў працягваць палітыку падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ў пераломны момант змаганьня з дыктатурай і за незалежнасьць Беларусі.
"Наша першае і абсалютнае патрабаваньне да рэжыму – гэта вызваленьне палітычных зьняволеных і спыненьне рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў. Вельмі важна, каб нашы заходнія партнэры рэгулярна нагадвалі пра гэта прадстаўнікам ўладаў падчас кантактаў”, − падкрэсьліў лідэр руху “За Свабоду”.
Сёньня Аляксандр Мілінкевіч сустракаецца з былой амбасадаркай ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт. Таксама адбудуцца сустрэчы са старшынём Хэльсынскай камісіі ЗША кангрэсмэнам Элсі Гастынгсам і аўтарам Акту аб дэмакратыі ў Беларусі кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам. У канцы дня 25 траўня Аляксандр Мілінкевіч правядзе брыфінг для журналістаў.