Прэсавая канфэрэнцыя лідэраў кампаніі «Гавары праўду!» мелася адбыцца спачатку ў ПЭН-цэнтры, але потым была перанесеная ў штаб-кватэру БНФ. Арганізатары падсумавалі вынікі рэпрэсій: пад іх падпалі 65 чалавек з 22 населеных пунктаў. Яны зьведалі ператрусы, канфіскацыю кампутараў і носьбітаў інфармацыі, некалькі чалавек пратрымалі пад арыштам да трох сутак. Кампанія панесла страты , прызнаў Уладзімер Някляеў — з адной абласной і дзьвюх гарадзкіх структураў некалькі чалавек заявілі, што спыняюць супрацу ў кампаніі, але пераважная большасьць працягвае «змаганьне за праўду». Вядомы паэт Генадзь Бураўкін зачытаў зварот ініцыятараў кампаніі:
«Мы, ініцыятары грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!“, выказваем глыбокае абурэньне рэпрэсіямі супроць актывістаў і лідэраў кампаніі і патрабуем неадкладнага выяўленьня і пакараньня натхняльнікаў і арганізатараў ганебных дзеяньняў».
Што кажуць актывісты наконт зьвестак міліцыі адносна патронаў і зброі, знойдзеных падчас сьледчых дзеяньняў?
Уладзімер Някляеў нагадаў пра 22 мантажныя патроны, знойдзеныя ў яго ў хатнім рамонтным наборы. Гэтыя мантажныя патроны сьледчы зьбіраўся пазначыць як баявыя. Гэтаксама дзейнічаюць і іншыя сьледчыя, не выключае спадар Някляеў. У актывістаў запыталіся пра «маскоўскі сьлед» — ці не працуе кампанія на грошы Крамля?
Уладзімер Някляеў гэтыя падазрэньні катэгарычна абверг. На яго думку, гэтыя размовы пра Крэмль — правакацыя спэцслужбаў:
«Чаму яны выграблі ў мяне ўсе флэшкі, усе электронныя носьбіты? Мяркую, яна шукалі ня столькі расейскі сьлед, колькі мае сувязі з кімсьці ва ўрадзе ці ў адміністрацыі. А раптам я камусьці прызначыў сустрэчу, каб абмеркаваць, як мы сумесна будзем скідваць рэжым? Яны пачалі баяцца ўжо самі сябе».
Чаму большая частка друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду!» выраблена па-расейску? Як гэта суадносіцца з заявамі пра клопат аб роднай мове?
Актывісты кампаніі адказалі, што ім даводзіцца ўлічваць рэальнае становішча з мовай, на якой ужо не размаўляюць ня толькі ў большасьці гарадоў, але часам і ў сельскай мясцовасьці. Паэт Уладзімер Някляеў падзяліўся сваім прыкрым досьведам: падчас выступаў у некаторых школах ня ўсе дзеці разумелі ягоныя выступы па-беларуску. Актывістка кампаніі Тацяна Процька засьведчыла сваю пазыцыю, паводле якой ня менш важнае значэньне мае пытаньне маральнасьці:
Але, прабачце, калі я чытала даносы на добрай беларускай мове на беларускіх пісьменьнікаў, якіх потым расстралялі…
«Пытаньне беларускай мовы балючае для кожнага сумленнага беларуса. Але, прабачце, калі я чытала даносы на добрай беларускай мове на беларускіх пісьменьнікаў, якіх потым расстралялі… Мяркую, важнейшым было ня тое, наколькі правільна граматычна былі напісаныя гэтыя даносы, а тое, што гэта ўсё ж былі даносы. Хочацца, каб праўду мы казалі ўсе і кампанія была ня проста кампаніяй, а нормай нашага жыцьця».
Сярод бліжэйшых тэмаў, якія закране кампанія, — становішча з наркаманіяй у краіне. Гэтая тэма ўзьнікла з уражаньняў актывістаў падчас сядзеньня за кратамі. Паводле Уладзімера Някляева, улада замоўчвае рэальную небясьпеку гэтай зьявы, якая зацягвае ўсё больш моладзі:
«Уладзе трэба зьвяртаць увагу на сапраўдны стан з наркотыкамі не ў Някляева ці Бураўкіна, альбо Тацьцяны Процькі — а сярод моладзі. Вось чым мы яшчэ будзем займацца — гэта моладзевай наркаманіяй. Гэта жах што робіцца. Гэта на маіх вачах столькі моладзі пракруцілася — і ўсе наркаманы».
21 траўня зьявіўся прэсавы рэліз, у якім гаворыцца, што 17 траўня Ленінскі РУУС Менску распачаў крымінальную справу адносна кіраўніцтва выдавецкай фірмы ТАА «Дзіксэнд» паводле артыкула «Распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах». Да справы адносна ТАА «Дзіксэнд» нібыта маюць дачыненьне лідэры кампаніі «Гавары праўду!» У міліцыі паведамілі, што вынікам «неадкладных сьледчых дзеяньняў стала выманьне зь незаконнага абароту 2 адзінак агнястрэльнай зброі, 39 патронаў рознага калібру, 6 адзінак халоднай зброі, а таксама наркатычных рэчываў расьліннага паходжаньня».
Між тым у кампаніі «Дзіксэнд» 21 траўня заявілі, што «ніякай крымінальнай справы супроць фірмы няма».
24 траўня ў прэсавай службе МУС паведамілі, што новых зьвестак наконт гэтай справы няма.