Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гавары праўду” ня змоўкне


Лідэры кампаніі «Гавары праўду» па вызваленьні.
Лідэры кампаніі «Гавары праўду» па вызваленьні.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» працягваецца. Пра гэта заяўляюць яе актывісты, вызваленыя зь менскага ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.


Паводле адвакатаў, лідэр кампаніі, паэт Уладзімер Някляеў, галоўны рэдактар газэты «Товарищ» Сяргей Вазьняк і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзьмітрыеў застаюцца ў статусе падазраваных па справе, пачатай па крымінальным артыкуле за «распаўсюджваньне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі». Актывістаў пратрымалі ў ізалятары 72 гадзіны, але абвінавачаньня так і прад’явілі, адзначыў Сяргей Вазьняк:

Сяргей Вазьняк
«Ня думаю, што па гэтым глупым артыкуле, які яны нам знайшлі ў крымінальным кодэксе, яны будуць нам прад’яўляць абвінавачаньне, бо наша дзейнасьць пад гэты артыкул ніяк не падыходзіць. Гэты артыкул знаходзіцца ў разьдзеле эканамічных правапарушэньняў. І прышыць сюды нас за тое, што мы раздавалі нейкія інфармацыйныя матэрыялы, немагчыма. Я ня веру ў пэрспэктыву гэтай справы і думаю, што нам так і ня будзе прад’яўлена абвінавачаньне».

Пасьля вызваленьня актывістаў на сайце Міністэрства ўнутраных справаў зьявілася паведамленьне, зь якога вынікае, што падставай для затрыманьня актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» стала крымінальная справа, распачатая адносна кіраўніцтва выдавецкай фірмы «Дзіксэнд» за «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі». Падчас сьледчых дзеяньняў былі канфіскаваныя 2 адзінкі агнястрэльнай зброі, 39 патронаў рознага калібру, 6 адзінак халоднай зброі, а таксама наркатычныя рэчывы расьліннага паходжаньня. Сяргей Вазьняк заявіў, што мае намер падаць пазоў да МУС аб абароне гонару і годнасьці, бо ў яго насамрэч ня знойдзена ніякай зброі ці наркотыкаў:

Я маю намер падаваць пазоў аб абароне гонару і годнасьці.
«Ёсьць пратакол ператрусу, у ім указана, што ў мяне канфіскавалі сыстэмны блёк кампутара і дзьве флэшкі ў пакоі сына, якія належаць сыну. Таму я маю намер падаваць пазоў аб абароне гонару і годнасьці. Яны ўжо да суду, фактычна, назвалі нас зь Някляевым злачынцамі, хаця сьледзтва нам яшчэ не прад’явіла абвінавачаньня».

Паводле Сяргея Вазьняка, сьледзтва спрабуе даказаць, што ён і Ўладзімер Някляеў маюць дачыненьне да прадукцыі зь лягатыпам «Гавары праўду», якую знайшлі ў фірме «Дзіксэнд»:

«Я быў у гэтай друкарні, размаўляў ці могуць яны надрукаваць нашу прадукцыю, паказваў там нейкія макеты, але гэта была папярэдняя размова, ніякай дамовы і плацяжоў не было. І адкуль гэта там зьявілася — гэта пытаньні да друкарні. Я думаю, сьледчыя там проста разаб’юць сабе галовы аб гэтую справу і нічога ня знойдуць».

Таксама спадар Вазьняк нагадаў, што яму пасьля затрыманьня цягам амаль трох гадзінаў не давалі магчымасьці патэлефанаваць адвакату, хаця ён паказваў міліцыянтам адмысловую дамову. У зьвязку з гэтым ён перадаў скаргу пракурору Ленінскага раёну на працэсуальныя парушэньні падчас затрыманьня. Паводле адваката, будзе абскарджана таксама пастанова аб пачатку справы.

Аляксандар Фядута
Экспэрт кампаніі Аляксанар Фядута сказаў, што ў панядзелак у Менску пройдзе прэс-канфэрэнцыя Ўладзімера Някляева і кампанія зноў працягне працу ў звычайным рэжыме. Узноўлена праца сайту, ідуць нарады з валянтэрамі:

«Нічога экстраардынарнага насамрэч не адбылося. Усе, хто займаецца грамадзкай дзейнасьцю ў Беларусі, ведаюць што такое прафэсійная рызыка. Вось гэта была наша агульная прафэсійная рызыка. І дзякуй нашым актывістам найперш з рэгіёнаў і зь Менску за тое, што яны ўсё гэта зразумелі. І мы выйшлі з гэтай сытуацыі мацнейшымі, чым да яе былі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG