Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея так і не памірыліся


Паседжаньне эканамічнага суду СНД, красавік.
Паседжаньне эканамічнага суду СНД, красавік.

Эканамічны суд СНД правядзе 18 траўня ў Менску папярэдняе пасяджэньне, на якім будзе вызначаная дата пачатку нафтавага працэсу.


Афіцыйны Менск вінаваціць Расею ў тым, што яна незаконна ўвяла мыта на расейскія нафтапрадукты, якія паступаюць у Беларусь. Беларускі ўрад зьвярнуўся ў Эканамічны суд СНД з пазовам, у якім патрабуе адмены расейскага мыта. На першым пасяджэньні 21 красавіка калегія суду прыняла яго да вытворчасьці. Суд запатрабаваў дадатковыя дакумэнты ад урадаў Беларусі і Расеі. Да прыкладу, беларускі бок павінен падаць копію адказу прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна на ліст беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага ад 30 студзеня гэтага году. Расейскі ўрад павінен патлумачыць парадак разьмеркаваньня ў бюджэты абедзьвюх краінаў экспартнага мыта.

Пра чарговае пасяджэньне прэс-сакратар суду Ўладзімер Віньнік сказаў:

«Мы прэсу на гэтае пасяджэньне не запрашаем. Не таму, што яно закрытае. Справа ў тым, што гэта будзе больш працэдурнае, тэхнічнае мерапрыемства. Пакуль на гэтым пасяджэньні ня будзе разглядацца справа па сутнасьці. Там будзе ісьці праверка паступленьня дакумэнтаў».

Заява ад афіцыйнага Менску паступіла ў эканамічны суд 25 сакавіка. Згодна з рэглямэнтам, справа можа разглядацца мінімум паўгода. Намесьнік старшыні суду СНД Сабіт Жалдыбаеў адзначыў, што рашэньні эканамічнага суду маюць рэкамэндацыйны характар. Ці была ініцыятыва бакоў памірыцца і спыніць спрэчку?

Сабіт Жалдыбаеў
«Адносна пагаджальнай працэдуры, гэта павінна быць ініцыятыва альбо з боку пазоўніка, альбо з боку адказчыка. Аднак на сёньняшні дзень ніводзін бок не зьвяртаўся ў суд з такой прапановай».

Паводле расейскага эканаміста Міхаіла Дзялягіна, у гэтай спрэчцы больш эканомікі,чым палітыкі, бо эканамічнае становішча Беларусі з-за крызісу даволі цяжкае:

«Натуральна, кожны рубель, кожны даляр на ўліку. Ад пачатку году ў Беларусі на 40% скараціўся экспарт нафтапрадуктаў, бо на гэтыя 40% яны скарацілі закуп нафты ў нас. У выніку мыта на гэтую нафту па цане для беларускага боку падвышаецца занадта моцна. Было папярэдняе пагадненьне, якое дзейнічала да пачатку гэтага году. Дамовіцца пра зьмену сытуацыі па нейкіх узгодненых правілах гульні не ўдалося, і таму ўсё вярнулася на кругі свая».

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што ціск з расейскага боку на беларускую эканоміку можа адбіцца на ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі:

«Адпаведна беларускі бок спрабуе неяк на гэта адрэагаваць, каб зьняць гэтае напружаньне. Гэта ці ня першы выпадак, калі такая сур’ёзная справа ў гэтым судзе разглядаецца. Хаця, канечне, цяжка чакаць, што Беларусь выйграе гэты працэс. Фактычна, усе структуры СНД знаходзяцца пад кантролем Масквы, і я не магу ўявіць, што суд зойме бок Менску».

Беларускі ўрад заяўляе, што Расея парушыла дзейсныя міжнародныя нормы аб свабодным гандлі і мытным саюзе ў рамках ЭўрАзЭС.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG