Нагадаем, 25 сакавіка 2010 году беларускі ўрад зьвярнуўся ў эканамічны суд СНД з заявай аб парушэньні Расеяй палажэньняў дзейных міжнародных нормаў аб свабодным гандлі і мытным саюзе ў рамках ЭўрАзЭС у сувязі з увядзеньнем вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца з расейскай тэрыторыі ў Беларусь.
Паводле заяўніка, адбіраньне мыта неправамернае, таму што Беларусь і Расея зьяўляюцца ўдзельніцамі міжнародных пагадненьняў, якія прадугледжваюць рэжым свабоднага гандлю паміж дзяржавамі-сябрамі мытнага Зьвязу. Маўляў, бакі дамовіліся аб рэжыме свабоднага гандлю без выключэньняў і абмежаваньняў.
Заяўнік лічыць неправамерным адбіраньне Расеяй мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь, і просіць Эканамічны суд СНД канстатаваць факт парушэньня Расеяй міжнародных абавязаньняў па дамове аб мытным саюзе і адзінай эканамічнай прасторы ад 26 лютага 1999 году і шэрагу іншых дамоўленасьцяў, у якіх удзельнічаюць Расея і Беларусь.
Апроч таго, заяўнік просіць суд рэкамэндаваць Расеі зрабіць захады дзеля адмены вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Расеі ў Беларусь.