Цяпер калегія суду цягам 30 дзён правядзе распарадчае пасяджэньне, на якім вырашыць пытаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай справы да разгляду. Пасьля гэтага будзе прызначана дата судовага разьбіральніцтва. Пакуль ніхто ў судзе ня можа сказаць дакладна, колькі працягнецца працэс. Падчас падрыхтоўкі справы для разгляду бакі павінны падаць дадатковыя дакумэнты.
Калегія суду вызначыла, што, да прыкладу, беларускі бок павінен падаць у суд копію адказу прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна на ліст беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага ад 30 студзеня гэтага году. А таксама копію ліста віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына ад 1 сакавіка гэтага году. Расейскі ўрад павінен падаць у суд інфармацыю пра парадак разьмеркаваньня ў бюджэты абедзьвюх краінаў экспартнага мыта, якое бярэцца з прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі з расейскай сыравіны.
Судзьдзя-дакладчык па справе Сабіт Жалдыбаеў, які прадстаўляе Казахстан, адзначыў, што афіцыйны Менск просіць Эканамічны суд канстатаваць факт парушэньня Расеяй міжнародных абавязацельстваў:
«Апроч гэтага заяўнік просіць, каб суд рэкамэндаваў Расеі прыняць меры па адмене вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Расеі ў Беларусь».
Нарада калегіі суду была закрытай і працягвалася больш за дзьве гадзіны. Пасяджэньне вёў старшыня суду Файзуло Абдулоеў (судзьдзя ад Таджыкістану).
Камэнтуючы шансы Беларусі ў судзе, юрыст Валеры Фадзееў сказаў:
Валеры Фадзееў
«Калі перамовы не далі ніякіх вынікаў, то зварот у суд — гэта вельмі цывілізаваная рэч. Ёсьць пытаньні наконт абавязковасьці рашэньняў гэтага суду. Насамрэч усё будзе залежаць ад таго, як будзе выконвацца само рашэньне. Калі, напрыклад, будзе рашэньне на карысьць Беларусі, няма ж ніякіх мераў узьдзеяньня. Тут усё залежыць ад добрай волі». Паводле эканамічнага аглядальніка газэты «Беларусы і рынак» Тацяны Манёнак, расейскі бок чакае ад Беларусі пэўных канкрэтных крокаў і найперш гарантый для інвэстыцый расейскіх кампаній.
«Таму цяпер бакі абмяркоўваюць падпісаньне чатырох міжурадавых пагадненьняў — у газавай сфэры, у энэргетыцы, у нафтавай і нафтаперапрацоўчай галіне. Расея хоча бачыць гэтыя падпісаныя дакумэнты. Таму і ня будзе саступаць, пакуль не пабачыць тых крокаў, якія патрэбныя. Бо Лукашэнка ж падкрэсьліў, што Расея ўзяла курс на прагматызацыю. Дык вось гэта і ёсьць тая прагматызацыя. Таму, пакуль ня будзе такіх крокаў, Расея ня зробіць ніводнага кроку насустрач Беларусі».
Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў пракамэнтаваў пазоў ураду Беларусі да ўраду Расеі ў Эканамічным судзе СНД:
«Гэта суд над тым, што Расея павінна быць афіцыйна прызнана сыравінным прыдаткам Беларусі. Тут пытаньне не пра мытны саюз. Мытныя саюзы можна канфігураваць як заўгодна. Гістэрычна даказваць, што Беларусь мае права спэкуляваць чужым дабром — гэта фэнамэнальная рэч. Чаму Лукашэнка так робіць? Бо ў яго няма іншага выйсьця. Яму патрэбныя рэсурсы, каб даказаць, што ён неабходны беларускай палітычнай клясе. Калі не сумее даказаць, то будзе зьнішчаны ўласнай намэнклятурай».
Нагадаем, сёлета 25 сакавіка беларускі ўрад зьвярнуўся ў Эканамічны суд СНД з заявай аб парушэньні Расеяй палажэньняў дзейсных міжнародных нормаў аб свабодным гандлі і мытным саюзе ў рамках ЭўрАзЭС. Беларускі бок вінаваціць Расею ў тым, што яна незаконна ўвяла мыта на нафтапрадукты.
У заяве афіцыйны Менск пералічае шэраг дакумэнтаў, якія былі падпісаныя з Расеяй ад пачатку 90-х гадоў аб рэжыме свабоднага бязмытнага гандлю. Маўляў, бакі дамаўляліся гандляваць без выключэньняў і абмежаваньняў.