Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Доме літаратара» Рыгор Барадулін і Мюр Фарыдовіч



ЛІТСЦЭНА

МЮР ФАРЫДОВІЧ: «АЛЯХНОВІЧ — МОДНЫ, СУЧАСНЫ І КАМЭРЦЫЙНЫ ДРАМАТУРГ»


Мюр Фарыдовіч чытае Францішка Аляхновіча
На Малой сцэне Тэатру беларускай драматургіі распачатыя музычна-драматычныя чытаньні «Ўвесь Аляхновіч». Цягам некалькіх месяцаў аўтар ідэі малады рэжысэр, актор, музыка і літаратар Мюр Фарыдовіч мяркуе пазнаёміць гледачоў з усімі п’есамі амаль забытага беларускага драматурга першай паловы 20 стагодзьдзя і вярнуць імя Аляхновіча на тэатральныя афішы. Сёньня Мюр Фарыдовіч — госьць нашай менскай студыі. Зь ім гаварыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Вы прыдумалі праект «Увесь Аляхновіч». Якая ў яго мэта?»

Мюр Фарыдовіч: «Мэта гэтага праекту эстэтычна-асьветніцкая. Асьветніцкая, таму што прозьвішча Аляхновіча практычна нікому не вядомае, а калі каму і вядомае, то творчасьць яго не прачытаная. Цалкам ягоная драматургія да сёньня ня выдадзеная. Толькі ў томе выбраных твораў, што выйшаў у «Беларускім кнігазборы», апублікаваныя некаторыя ягоныя п’есы ды яшчэ адна п’еса ў зборніку «Расстраляная літаратура». Ён напісаў дваццаць п’ес, зь іх захавалася сямнаццаць, і яны, па-сутнасьці, невядомыя. Таму мы і вырашылі паказаць гэтыя творы ў форме літаратурна-музычных чытаньняў. Хочам максымальна цікава гэта зрабіць, каб зацікавіць імі іншых. Разам з тым хочам аздобіць чытаньне арыгінальнай музыкай. Сам Франц Карлавіч быў чалавекам музычна адораным, умеў граць на скрыпцы, любіў віялянчэль, любіў барабаны, таму ў нашым эстэтычным арсэнале будуць усе гэтыя інструмэнты, для кожнай п’есы свой. Вось была чытка асобных разьдзелаў п’есы «Дрыгва», якую Аляхновіч напісаў у 1924 годзе, там гучала віялянчэль. Цяпер я са сваімі сябрамі кампазытарам Максімам Іўкіным і скрыпачкай Аленай Карагінай рыхтуемся да поўнамэтражнага прадстаўленьня п’есы «Цені», і там мы, безумоўна, хочам, каб гучала скрыпка».

Аксак: «Апошнім зь беларускіх рэжысэраў, якія ставілі п’есы Аляхновіча, быў, калі не памыляюся, Мікола Трухан. Ягоныя спэктаклі па Аляхновічу ў тэатры «Дзе-Я» зьбіралі аншлягі. Ня стала яго фізычна, зьніклі і тыя спэктаклі. А вы рабілі спробы паставіць спэктаклі па п’есах Аляхновіча? Адну зь іх хаця б?»

Фарыдовіч: «Спробы, безумоўна, былі і яны застаюцца. І калі казаць яшчэ пра мэты гэтых чытак, то яны ёсьць такой спробай. Я хачу прачытаць п’есу, музычна яе абставіць і пасьля гэты запісаны матэрыял паказваць у іншых тэатрах і казаць: вось ёсьць прачытаная п’еса, вось такая для яе музыка, давайце з гэтага зробім спэктакль. На жаль, пакуль што Аляхновіч, як і большасьць нашых цікавых аўтараў таго часу, магчыма, ня вельмі цікавы».

Аксак: «Каму не цікавы?»

Фарыдовіч: «Таму, хто пакуль кіруе тэатральным працэсам. Па-ранейшаму ў тэатрах цікавяцца тымі драматургамі, якія афіцыйна хрэстаматыйныя, тымі, у каго здараюцца круглыя даты і яны даўно ўбітыя ў сьвядомасьць: той самы Купала, Колас, Дунін-Марцінкевіч. І выдатна, што гэта так ёсьць, але ёсьць і іншыя творцы — Гарэцкі, Гарун, той жа Аляхновіч, якіх яшчэ трэба неяк папулярызаваць. Ніхто ня хоча, магчыма, пакуль што рызыкаваць, таму і ня ставяць іх. Хаця ёсьць такая цудоўная навіна, што Купалаўскі тэатар, наколькі я ведаю, рыхтуе да пастаноўкі ў 2011 годзе «Дрыгву» Аляхновіча, і гэта проста выдатна. Таму што любяць у нас ставіць Чэхава, іншых аўтараў, забываючы пра тое, што
Аляхновіч — гэта той аўтар, у якім можна знайсьці і Горкага, і Чэхава, і Ібсэна і іншых цудоўных аўтараў на нашай нацыянальнай глебе.
Аляхновіч — гэта той аўтар, у якім можна знайсьці і Горкага, і Чэхава, і Ібсэна і іншых цудоўных аўтараў на нашай нацыянальнай глебе. Ну, трэба прабіваць, трэба папулярызаваць. Вось чыткі — адзін са спосабаў паказаць лянівым беларусам, што ў нас ёсьць».

Аксак: «А ў Тэатры беларускай драматургіі, у якім вы працуеце, вам адмовілі ў пастаноўцы гэтых п’есаў?»

Фарыдовіч: «У нас дзейнічае Вялікая сцэна, дзе ўсё заплянавана наперад, і Малая сцэна, сцэна экспэрымэнтаў. На гэтай сцэне экспэрымэнтаў можна рабіць усё, што хочаш. Іншая справа, што там па тэхнічных прычынах цяжкавата зрабіць паўнавартасную пастаноўку са шматлікімі героямі, музыкай. На Малой сцэне, да таго ж, артысты працуюць у вольны ад асноўнай сцэны час. Ёсьць і іншыя моманты. Таму толькі ў форме чыткі мы можам нешта зрабіць на гэтай сцэне нашага тэатру. Можа быць, на сцэне іншага тэатру нельга было б зрабіць і гэта. Яшчэ магу сказаць, што ў плянах нашага тэатру Сьвятлана Навуменка будзе рабіць на асноўнай сцэне спэктакль паводле беларускіх вадэвіляў. У іх ліку будзе і драматургія Аляхновіча. Таму ў нас яго ўспомнілі хоць неяк».

Аксак: «А што вас асабіста прываблівае ў творах Аляхновіча?»

Фарыдовіч: «Яны вельмі жывыя, яны праўдзівыя, яны іранічныя. Аляхновіч не баіцца паказаць сваіх герояў такімі, якімі яны ёсьць у жыцьці. Гэта людзі слабыя, гэта людзі, якія хочуць кудысьці вырвацца, але ў іх не атрымоўваецца. Гэта слабыя мужчыны, гэта моцныя жанчыны, якія ня ведаюць, што рабіць са сваёю моцай. Ён у гэтым сэнсе вельмі рэалістычны, але разам з тым гэтаму рэалізму надае нават такую экспрэсіяністычную афарбоўку. Многія нашы тагачасныя драматургі скарыстоўвалі сымбалізм, нейкае абагульненьне, а ён быў вельмі псыхалягічна дакладны. Ён — пясьняр чалавечых слабасьцяў. І гэта, безумоўна, вельмі цікава, таму што ў кожнага з нас ёсьць свае слабасьці і кожны з нас бачыць сябе ў гэтых абяздоленых героях. Аляхновіч падабаецца мне сваёй іроніяй. Ён умее іранізаваць над самім сабой, над адраджэнцамі, якія змагаюцца за ідэю, а побач сям’я галадае. Яны ня могуць пракарміць дзяцей, а думаюць толькі пра незалежнасьць бацькаўшчыны. У гэтым сэнсе Аляхновіч — вялікі чалавек, бо ён умее сьмяяцца над самім сабой. Беларусам часам не хапае іроніі».

Аксак: «Творы Аляхновіча пісаліся амаль сто гадоў таму. Наколькі сучасна тое, пра што ён пісаў?»

Фарыдовіч: «Гэта заўсёды сучасна, бо ён браў вельмі надзённыя і тады, і цяпер псыхалягічныя моманты. Аляхновіч будзе заўсёды і модны, і заўсёды па-добраму камэрцыйны. Іншая справа, што нам трэба расплюшчыць вочы і пачаць яго ставіць. І народ пойдзе на спэктаклі па ягоных п’есах».

Аксак: «Вы думаеце, што вашы чытаньні п’есаў Аляхновіча дасягнуць гэтай мэты?»

Фарыдовіч: «Абавязкова».

АЎТАР І ТВОР

РЫГОР БАРАДУЛІН: «СТАЛІЦА СНОЎ МАІХ — ВУШАЧА»


Рыгор Барадулін
19 траўня а 17.30 у нядаўна адчыненым «Кніжным салёне», што ў Менску на вуліцы Калініна, адбудзецца сустрэча з Рыгорам Барадуліным. Гэта першае спатканьне народнага паэта з чытачамі пасьля працяглай хваробы і лекаваньня ў больніцы. «Кніжны салён» падрыхтаваў адмысловую выставу барадулінскіх кніг, лік якіх пераваліў за сотню. Толькі сёлета сьвет пабачылі тры новыя зборнікі, выхад якіх стаўся нагодай для гутаркі з паэтам Міхася Скоблы.

Міхась Скобла: «Дзядзька Рыгор, даўнавата нашы слухачы ня чулі вашага голасу. Вы хварэлі, ляжалі ў больніцы. Як вы сёньня сябе адчуваеце?»

Рыгор Барадулін: «Як гаворыцца, адпаведна надвор’ю і ўзросту. Хацелася б пачувацца лепей, але пакуль жыву і думаю, што яшчэ трохі працягну. Наогул, я жыву, калі я пішу. Калі я пішу, у мяне ёсьць настрой, а калі ня пішацца, то думкі прыходзяць сумныя — пра разьвітаньне, пра тое, што я не патрэбен нікому, нават самому сабе».

Скобла: «У Вушачу зьбіраецеся?»

Барадулін: «Абавязкова! Вушача — мая крыніца, зь якой я чэрпаю сілу, дзякуючы гэтай крыніцы і жыву. Часта сам сабе паўтараю, што ўсе тыя гады, якія пражыў у Мінску, я адчуваў сябе як у камандзіроўцы. Я адчуваў сябе дома толькі там, на вушацкай зямлі, калі хадзіў па сваёй вуліцы, бачыў свае аблокі, стары сад, які мы пасадзілі з бацькам… Наогул, я заўсёды жыў Вушачай».

Скобла: «Адна з вашых новых кніг — гэта спалучэньне паэзіі і фотаздымкаў. Ці гармануюць працы амэрыканскага фотамастака Джона Кунстадтэра з вашымі вершамі?»

Барадулін: «Ідэя спалучыць мае вершасказы і фотаздымкі Джона Кунстадтэра прыйшла ў галаву майму даўняму сябру Алесю Камоцкаму. Кунстадтэр — выдатны фотамастак, ён, дарэчы, кожны год прыяжджае здымаць Беларусь, якую ён бачыць па-свойму. На першы погляд, здымае звыклыя рэчы: вуглы хаты, нейкія абручы… Але здымкі выклікаюць у душы нейкую цеплыню. Джон Кунстадтэр добра валодае беларускай мовай, і я вельмі рады, што зь ім пазнаёміўся. Я лічу, што ягоныя фотанавэлі, фотаабразкі далі ў кнігу больш паветра. Вершасказы — не рыфмаваныя, кароткія творы. Мне спадабалася, як Камоцкі паправіў адзін зь іх. У мяне было: “Аголены меч ня мае часу на роздум”. Алесь прыбраў усяго адну літару, і атрымалася: “Аголены меч ня мае часу на розум”. У гэтай кнізе вельмі харошыя партрэты людзей. Вельмі ўдалы партрэт Валянціны Ўладзімераўны Быкавай — сястры Васіля Быкава. Ён перадае ўсю цеплыню, глыбіню яе вачэй і душы».
Усе тыя гады, якія пражыў у Мінску, я адчуваў сябе як у камандзіроўцы.


Скобла: «У вашай сёлетняй кнізе «Перакуленае / Опрокинутое» зьмешчаныя пераклады вашых вершаў на расейскую мову. А хто зь перакладчыкаў з найменшымі стратамі данёс вашу паэзію да расейскага чытача?»

Барадулін: «Канешне, самыя сьвежыя і ранішнія пераклады атрымаліся ў Ігара Шклярэўскага, ён сам выдатны паэт. Хораша перакладалі і Навум Кісьлік, і Іван Бурсаў. А вершы апошніх гадоў добра пераклала Марына Наталіч. Я ім усім вельмі ўдзячны, кожны зь іх стараўся. Я, праўда, ня ведаю, як гэтая кніга ўспрымаецца расейскамоўным чытачом, мне ж мае вершы гучаць па-беларуску. Я вельмі ўдзячны маскоўскаму выдаўцу Барысу Пастэрнаку за гэтае выданьне, якое прасоўвае беларускае слова да расейскага чытача, да тых, хто забыўся беларускую мову. Я ўдзячны і Ўладзімеру Някляеву, які напісаў выдатную прадмову да гэтай кнігі».

Скобла: «Някляеў у прадмове гаворыць, што паэтычны пераклад у прынцыпе немагчымы».

Барадулін: «Відаць, ён там мае на ўвазе, што зь блізкіх моваў вельмі цяжка перакладаць. З далёкіх — лягчэй, тады проста па-свойму бачыш верш. А зь блізкіх моваў вельмі цяжка, асабліва, калі іх паставіць побач».

Скобла: «Вашу кнігу «Халодная памяць вады» аздобіў знаны наш мастак-дызайнэр Генадзь Мацур. А з кім з мастакоў у вас было поўнае ўзаемапаразуменьне?»

Барадулін: «Барыс Забораў выдатна афармляў, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Мікола Казлоў. Зборнікі гумару добра афармляў Кастусь Куксо, дарэчы, ён цяпер жыве ў Маскве, але заўсёды мне звоніць на дзень нараджэньня, сумуе па Беларусі. Цяпер вось выдатна афармляе Генадзь Мацур. За “Халодную памяць вады” я ўдзячны айцу Уладыславу Завальнюку і Але Сакалоўскай. Чырвоны касьцёл выдаў мне столькі кніг, што я нават ня ведаю, як аддзячыцца. Дзякуй Богу, дзякуй айцу Ўладыславу. Ён падтрымаў мяне духоўна».

Скобла: «Нядаўна ў архіве Ларысы Геніюш я знайшоў яе ліст да вас ад 1 чэрвеня 1970 году. (Ведаючы, што лісты часам не даходзяць, Ларыса Антонаўна часам рабіла сабе машынапісныя копіі.) Дык вось, паэтка піша: «Дарагі Рыгорку, шлю вам 15 вершаў. Дазваляю вам іх правіць крыху. Вершы розныя. Калі нешта зь іх дазволяць узяць у «Полымя», дык буду вельмі рада». Чаму Ларыса Геніюш дасылала вершы вам, а не адразу ў рэдакцыю часопіса?»

Барадулін: «Мабыць, таму, што я нейкі час працаваў ў “Полымі”, і яна верыла мне больш, чым каму. Думала, што я змагу прапіхнуць тыя вершы ў друк. Я стараўся, як мог. Ларыса Антонаўна, калі прыяжджала ў Менск, была ў мяне ў хаце. Дзякуючы ёй, відаць, я перастаў піць. Дарэчы, піў я няслаба, па-савецку. Ларыса Антонаўна аднойчы даслала мне свой верш, дзе былі такія радкі: «Ня пі, Рыгор, ня пі, сынок”. Мне стала сорамна. Ніякія нарколягі, ніхто мяне ня вылечыў. А тут мне не стала сорамна перад гэтай сьвятой жанчынай. Наогул, Ларыса Геніюш — вельмі сьветлая асоба. У адным пісьме да мяне яна згадвала Еўдакію Лось, якая ганьбіла Геніюш. І хто цяпер памятае Лось? Яна мая зямлячка, яе імем назвалі Вушацкую бібліятэку, я супраць яе нічога ня маю, але нельга так цкаваць сьвятога чалавека, так сьвятую душу бэсьціць. Ларыса Геніюш заўсёды будзе ў нашым жыцьці, у сьвеце беларускасьці, будзе заўсёды асобаю, якая грэе душу».

Скобла: «Якая дата стаіць пад самым сьвежым вашым вершам?»

Барадулін: «11 траўня. Мне часам успамінаецца адзін польскі гумарыст, які адну са сваіх кніжак назваў: “Асьцярожна! Сьвежанапісанае!” На гэтым маім нататніку таксама можна было б нешта падобнае напісаць».


РЫГОР БАРАДУЛІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ


* * *

Таго не хапае,
Таго няма.
Жыцьцё праходзіць у мітушэньні.
А доля — скнара,
Яна дарма
Не пакладзе нічога ў кішэні.

I чалавек хапае, грабе,
I колькі ні ўхопіць -
Яму ўсё мала.
I цягне, як коўдру,
Туман на сябе.
I зорку пасе,
Каб яна не драмала.

Адно для трывогі
Багата прычын -
Ня можа зьлічыць
Усіх сваіх сховін.
I ўрэшце на немінучы спачын
Адвозіць яго
Безвясёльны човен…


Ля Селішчанскага касьцёла

Перажагнаўшы абсяг
Сьветлаценімі крыламі,
Бусел адпачывае
На яшчэ ацалелай вежы
Разбуранага касьцёла.
Бусла вышыня бласлаўляе.
Касьцёл трываліцца
Духам,
Намоленым праз вякі.
Камяні сьцен
Далоняцца ў неба…


Балюча…

Памяці Вінцэнта Гадлеўскага

Жытнім коласам і васільком
Верніца кашулю вышывала.
А наўкол, накліканая злом,
Бушавала чорная навала.

Словы беларускія сьвятар
Апранаў у шаты шчырай веры.
I няйнакш для іх спагадна дзьверы
Адчыняў нябесны Ўсеўладар.

…А кашулю не надзеў сьвятар.
Крывадушнасьць цемру падкупіла —
Куля ў ноч калядную разьбіла
Сэрца багавернага алтар.

Сьвечку цела згаслыя агні
У сьнягі балюча захінулі.
Гузікамі з вышытай кашулі
Доўга стыглі зоркі ў вышыні…


Дрэмле сон…

Сталіца сноў маіх —
Вушача.
Бо толькі там
Да гэтых дзён
Асьвер пяе,
Бяроза плача,
Сьмяецца затанулы звон.

Сон
Мае памяць маладую,
Як ранішняя цішыня.
Ён моўчкі
Сам сябе гадуе.
Расьце
Ад вечара да дня.

Сьвітання сіняя сініца
Надзеяй цьвеліць
Змрочны скон.
Жывеш -
Табе рэальнасьць сьніцца.
Памрэш -
Жыцьцё ўзгадае сон.

… А ў роднай хаце
Ёсьць палаці,
Дзе дрэмле сон,
Што сьніўся маці…


* * *

Я забыўся,
Як бульба цьвіце
Безнадзейнадаверлівым цьветам.
Як Пярун,
Разьвітаўшыся зь летам,
Кленчыць кожнай зялёнай вярсьце.

Я прыглух у чужой тлумаце.
Цішыня
Мне ўжо стала сакрэтам.
Пяўся
Паразумецца са сьветам,
А забыўся,
Як бульба цьвіце…


Дзе ветрава радзіма?

То сінімі — ад азярын — вачыма,
То пабялелымі — ад завірух -
Шукае вецер,
Дзе яго радзіма,
Ствараючы захмарны, марны рух.

Знаёмаю журбой
Запах ядленец,
Здаецца,
Нарадзіўся вецер тут.
Ды затрымацца самавысяленец
Ня можа,
Каб прыпомніць родны кут.

Зьнянацку прыхінулася лагода
Да гулкага пляча.
Ці не яе
З мясьціны гэтай блізкай
Ветру шкода
I, дзе б ні бег блуканец,
Нестае.

З дня нарачэньня
Да недасканчэньня
Шукаць сябе ён будзе,
Як наноў.
Нідзе сваю радзіму не сустрэне,
Ня зьвязаны дакорам каранёў.

Сьлядамі дажджоў

Ішоў я сьлядамі дажджоў,
Падступнасьць канаў
Абмінаў.
Ды так я і не знайшоў.
Ды так я і не дагнаў.

Пачаў адставаць ад хады.
I цень ад мяне адстае.
Дажджы пазмывалі сьляды
Свае.
I, вядома, мае…

* * *

Ноч кроіла цемру на
Шапатлівае ахінала.
Нажніцы бліскавіц давідна
Тупіліся, й стала мала
Часу,
Каб ноч наўскач
Пасьпяшалася за далягляды.

Акравак цемры -
Крумкач —
Прыгадваў зорныя ляды.
I рупіліся карані,
Каб вершалінам сьніцца.
I ўпала ў раку цішыні
Крапліна блакіту — Сініца.

I як сябе ні інач,
Табе не дадуць забыцца
Акравак цемры — Крумкач,
Крапліна блакіту — Сініца…
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG