Лінкі ўнівэрсальнага доступу

C.Каваленка: Буду казаць, што займаюся палітыкай, а не хуліганствам


Сёньня ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску прагучыць прысуд сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы. Яго вінавацяць у злосным хуліганстве і супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня. Абвінаваўца Зьміцер Рудакоў запрасіў тры гады “хіміі” для віцебскага актывіста. Сёньня ж Сяргей Каваленка мае выступіць з апошнім словам.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Яўген Буруноў патрабаваў, каб апошняе слова падсуднага апазыцыянэра Сяргея Каваленкі прагучала яшчэ ўчора ўвечары. Суд, які распачаўся 12 траўня, учора працягваўся да 9-й вечара. Судзьдзя настойваў, каб скончыць працэс, і перанесьці выступ актывіста на сёньня ўдалося толькі пасьля таго, як Сяргею Каваленку выклікалі “хуткую дапамогу”. Пасьля пасяджэньня, якое працягвалася каля 11-ці гадзін, у яго падняўся ціск.

Паводле сяброў і знаёмых, якія прыходзяць падтрымаць спадара Каваленку ў суд, судзьдзя сьпяшаецца “укласьціся” у як мага кароткі тэрмін разгляду. За мінулыя два дні, пакуль разглядалася крымінальнае абвінавачаньне, апазыцыянэр каля дзесятка разоў заяўляў адвод судзьдзі Яўгену Бурунову і тры разы абвінаваўцу Зьміцеру Рудакову. На ягоную думку, суд спачувальна ставіцца да ягоных апанэнтаў, і пагардліва ды саркастычна – да яго самога.

Сяргей Каваленка з жонкай і сынам


Сяргей Каваленка кажа, што сёньня ў сваім апошнім слове яшчэ раз пацьвердзіць, што вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга – гэта не хуліганскі ўчынак, а палітычная акцыя:

“Буду казаць, што займаюся палітыкай, а не хуліганствам. Хуліганства – гэта абраза, а палітыка – наадварот, гэта павага да народа. Палітыка – гэта ня брудная справа, як той-сёй кажа. Гэта навука пра ідэі. Калі ідэя ў цябе шляхетная, то і палітыка будзе шляхетная, рыцарская. А каля сялянска-халопская, то я палітыка будзе толькі пра тое, дзе бульбу садзіць, як з рыдлёўкай хадзіць або разьвесьці цэлую рэспубліку міліцыянтаў, каб яны бегалі, хапалі ды заміналі людзям жыць”.

Сяргея Каваленку вінавацяць і ў супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня 7-га студзеня. Яно адбывалася за агароджай, пастаўленай вакол навагодняй ёлкі. Міліцыянты, запрошаныя ў суд у якасьці пацярпелых, – падпалкоўнік Андрэй Іваноў, малодшы сяржант Максім Максімаў і старшы сяржант Васіль Палітыка – цьвердзяць, што Сяргей Каваленка наносіў ім удары рукамі і нагамі, а таксама абражаў. Апазыцыянэр паказаў у судзе, што гэта яго зьбівалі міліцыянты. Калі маці Сяргея Каваленкі, спадарыня Лідзія, сказала проста ў вочы супрацоўнікам міліцыі, што яны ілгуць, падпалкоўнік Андрэй Іваноў выклікаў у суд нарад АМОНу.

Сяргей Каваленка гаворыць, што не баіцца ніякага судовага выраку . Ён лічыць сябе пераможцам у кожным выпадку, бо яму ўдалося зьдзейсьніць сваю задуму – вывесіць сьцяг на 40-мэтровай вышыні, дзе яго ўбачылі тысячы жыхароў Віцебску. Не кажучы ўжо пра тое, што гэтая падзея выклікала ў горадзе вялікі рэзананс.

Апазыцыянэр пэўны, што бел-чырвона-белыя сьцягі будуць зьяўляцца ў Беларусі і ў тым выпадку, калі яму прысудзяць “хімію”:

“Абвінаваўца сказаў, што яму ўсё адно – ці сьцяг на ёлцы, ці нейкая цацка… А я лічу, што паўсюль, дзе бел-чырвона-белыя сьцягі зьяўляюцца, пакуль мяне перасьледуюць – гэта ў маю падтрымку. Я рабіў акцыі і іншыя іх таксама робяць – яны адукоўваюць наш народ, каб ён ведаў, у якой краіне жыве, ведаў яе гісторыю”.

Абаронца Пётр Каваленка спрабаваў пераканаць суд, што вывешваньне сьцяга – гэта палітычная акцыя, а не крымінальнае злачынства. Судзьдзя Яўген Буруноў заявіў, што Сяргея Каваленку ўжо не аднойчы каралі за бел-чырвона-белыя сьцягі, але ён ня стаў на шлях выпраўленьня. Таму ў час падрыхтоўкі выраку будзе ўлічвацца характарыстыка асобы падсуднага, якога міліцыя лічыць хуліганам, а аднадумцы – сьмелым і адданым сваёй ідэі чалавекам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG